Сем вяселляў у адзін дзень — во былі часы!

Перабіраю свае выпіскі з метрычных кніг Ружанскай Петрапаўлаўскай царквы, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна, ды натыкнуўся во на цікавы факт: 14 мая 1912 года (па старым стылі) тут было абвенчана 16 пар, у тым ліку ў гэты дзень пабраліся шлюбам сямёра кулянцаў. Пры гэтым адна пара была цалкам кулянская, астатнія — толькі малады ці маладая з Кулян. Але ж вяселле то рабілі ўсе. Уяўляеце, няхай не за адзін дзень, а за два — сем вяселляў у сяле!

 

І сяла ж тады было тога не гэтак, як цяпер, а прыблізна ад Жоржыка і да Пашы. Недзе ўсё гудзела і траслося. Гэта ж калі ўлічыць, што амаль усе ўсім былі сваякамі ці з аднаго, ці з другога боку, то атрымліваецца, што ўсе Куляны некалькі дзён гулялі, толькі паспявалі пераходзіць з аднаго вяселля на другое. Як яны яшчэ не спалілі сяло?!.

Гэта ж пыпёрла нечага ўсім жаніцца. Хто яго ведае, можа дзень гэты лічыўся нейкім асаблівым тады…

Дарэчы, тая пара, што цалкам кулянская, гэта былі мае прадзед і прабаба — Мікалай Фёдаравіч Гарбач, якога называлі па-вулічнаму Гімбар (23 гады меў), і Ганна Іванаўна Маразевіч (у 20 гадоў выходзіла замуж).

Прадзеда Мікалая расстралялі немцы разам з астатнімі 13-цю закладнікамі на вясковых могілках у чэрвені 1944-га. З усіх маіх прадзедаў толькі яго не ўяўляю сабе ніяк, бо не маю і ніколі не бачыў партрэта ці нават маленькага фотаздымка. А прабаба Гануля доўгі век пражыла, яе яшчэ памятаюць многія кулянцы. Ёсцека яе фота з братам (нешта не магу цяпер знайсці, пазней пастараюся), вельмі падобная там на яе баба Маня Гімбарыха, дачка.

 

Цікава, што ў той жа самы дзень, 14 мая 1912 г., браліся шлюбам мае яшчэ адзін прадзед і яшчэ адна прабаба — Аляксей Мікалаевіч Качан, якога называлі Лазар (меў 20 гадоў), і Акуліна Рыгораўна Каляда (22 гады). Пры гэтым пазначана, што прабаба Акуліна — сялянка вёскі Воля.

Прабаба Акуліна і прадзед Аляксей ужо ў сталым веку

У Мікалая ды Ганны 1 кастрычніка 1913 г. нарадзіўся сын Антось, а ў Аляксея і Акуліны 15 сакавіка 1916 г. ужо ў бежанстве, ў Маскве, з’явілася на свет дачка Нінка, якія 25 студзеня 1942 г. пабраліся шлюбам.

Дзед Антось з бабай Нінкай

Ужо 6 лістапада таго ж года ў іх нарадзілася дачка Маня, мая цётка, а 24 студзеня 1944 г. — мой бацька Клаўдзік. Можа і не ведаў ён, што ягоныя дзяды з бабамі сваімі жаніліся ў адзін дзень, тады можа гэтаму ўвогуле ніякай увагі не прыдавалі. Ва ўсякім разе, гутаркі такое ніколі я не чуў. Але факт гэты мне падаўся цікавым, калі я выкалупаў яго ў архіве. Дайшлі вось рукі падзяліцца гэтым фактам з вамі.

 

 

 

Добавить комментарий