Чатырнаццаць за чатырох. Да 70-годдзя кулянскай трагедыі

Сёлета напрыканцы чэрвеня спаўняецца 70 гадоў з дня, калі блізу вясковых могілак нямецкімі карнікамі былі расстраляныя 14 жыхароў вёскі Куляны. 

4

 

Такі кошт давялося заплаціць за “геройства” партызан, якія недалёка ад вёскі забілі трох ці чатырох немцаў, пасля чаго прыйшлі ў вёску. Аўчарка па гэтых слядах і прывяла ў Куляны – то дзе яшчэ трэба было карнікам шукаць вінаватых?..

Навіна пра “геройскі ўчынак” партызан выклікала ў людзей страшэнны перапалох – прайшло ўсяго некалькі месяцаў, як былі знішчаныя Байкі: пад тысячу жыхароў гэтае вёскі, уключаючы жанчын і грудных дзяцей карнікі расстралялі, а вёску разрабавалі і спалілі. Можна сабе ўявіць, які жах апанаваў кулянцаў. Таму кінуліся ўцякаць, хто куды. Удалося ня многім…

Ніжэй прывядзем успаміны сведкаў тых падзей і архіўныя дакументы. Хоць не заўсёды там усё супадае, але перачытаўшы, вы зможаце самастойна скласці карціну таго, што адбылося.

 

Успамінае жыхарка вёскі Куляны Ядвіга Фамінічна Панасік, 1923 г.н. (успамін запісаны яе ўнукам Віталем Прэдка):

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

«Трох немцаў, што ехалі да пічуцкіх дзяўчат, у Хмістках запунілі партызаны і пастралялі. Праз нейкі час (хутка, мо ці ў той, або на наступны дзень) прыйшлі карнікі і пачалі па хатах і дварах браць мужчын – маладых, старых – усіх, бабаў не чапалі. Многіх кулянцаў схапілі па-за вёскай: Сцёпку Тарасава (Якута) схапілі недзе каля Ласавіч (хадзіў туды да дзяўчыны), Паўліка Якубава (Германовіча) дагналі ў Лозках, бо ўцякаў да Шэйпіч. Іван Бурдукоў з жонкай Зосяй і дзецьмі ўцяклі да родных у Севашкі. Закладнікаў пагналі ў Ражану. Колькі мужчын схапілі, не ведаю, мо чалавек 30, можа меньш.

Размясцілі іх у падвале дома, што насупраць цэркві. Бабы ў Ражану, і я з імі, есці закладнікам насілі. Колькі яны там прабылі, не помню, можа тыдні два. Праз тыдзень палову адпусцілі: тату майго Тамаша, Клаўдзі Калачовай бацьку, Антонава Мікалая. Адбіралі так – “ты сюды, а ты туды”, без разбору. Ксендзавых (Прэдка) – бацьку і сына, Аляксея і Уладзіміра (зусім хлапчак быў)  – дваіх аставілі ў падвале. Людзі кажуць: “Кулянцаў пусцілі!”. І мы бягом! Сустрэлі іх на Лазках. Тата нічога не казаў, маўчаў увесь час. Да і стары ўжо на той час быў.

А праз тыдзень закладнікаў нашых прыгналі праз Горшчыч-гару адразу на могліцы. Ніхто не ведаў, праз сяло не гналі жа. З іх яшчэ аднаго пусцілі – Міхася Казаковага (Качан). Пасля кулянцы доўга дзівіліся, як гэта яго пусцілі.

Перазахавалі іх адразу, як Саветы прышлі. Трумны рабілі. З воінскімі ушанаваннямі і стрэламі ўгору». 

 

Захаваліся архіўныя дакументы па гэтай справе, дакладней, гэта справа нямецкага ваеннапалоннага Вільгельма Шультэ (Шультэ Вільгельм Вільгельм). Гэты немец служыў у камандзе “Цэзар”, якая дыслакавалася некаторы час у Ружанах, і ў функцыі якой уваходзіла барацьба з партызанамі. У ліпені 1944 г. з прыбліжэннем фронту каманда “Цэзар” была перакінута ва Ўсходнюю Прусію, затым і цалкам расфарміраваная. В. Шультэ аткамандзіравалі ў сапёрны батальён, а 8 мая 1945 году ён трапіў у савецкі палон. 5 стадзеня 1949 г. у г. Брэсце следчы аператыўнага аддзялення Упраўлення лагера № 284 Міністэрства унутраных спраў СССР малодшы лейтэнант Шабунін вынес пастанову аб узбуджэнні супраць Шультэ В.В. крымінальнай справы і прыняцці яе да следчай вытворчасці. У той жа дзень было пастаноўлена “Шультэ В.В., які ўтрымліваецца і пражывае ў лагеры № 284 МУС СССР падвергнуць арышту і вобыску”.

Шультэ Вільгельм Вільгельм быў 1905 году нараджэння, нарадзіўся у горадзе Дортмунд (на захадзе Германіі, сёння ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія). Меў 8 класаў агульнай адукацыі і тры гады спецыяльнай, па прафесіі машыніст, халасты, з 1928 па 1933 год (да прыходу нацыстаў да ўлады) быў нават членам Камуністычнай партыі Германіі. У нямецкую армію быў прызваны 28 студзеня 1943 г. Каманда “Цэзар”, у якой служыў Шультэ, прымала непасрэдны ўдзел і ў карнай аперацыі над жыхарамі вёскі Байкі ў студзені 1944 года. Ваеннапалонны пры ўсіх допытах будзе казаць, што ні ў Байках, ні ў Кулянах не быў, ведае пра падзеі з аповедаў сваіх таварышаў, аднак часам паведамляе даволі дакладныя дробязі. Шультэ Вільгельм Вільгельм 15 лютага 1949 г. быў прыгавораны да 25 гадоў лагераў. Смяротнае пакаранне тады якраз было адменена на некаторы час – Сталін разумеў, што будзе больш рацыянальна задзейнічаць такую вялікую колькасць ваеннапалонных і іншых вязняў у якасці рабсілы для аднаўлення зруйнаванай вайной краіны.

Справа Шультэ № 2727 захоўваецца сёння ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 1363, вопіс 1).

Паказанні час парою блытаюцца, але зноў жа, агульную карціну скласці няцяжка.

 

З пратакола допыту ваеннапалоннага Шультэ Вільгельма ад 06.07.1948, г. Смаленск:

“…У маі-чэрвені 1944 года недалёка ад мястэчка Ружаны ў адной з вёсак было забіта два нямецкіх салдаты, афіцэр і фельтфебель – забітыя яны былі партызанамі. За гэта наш атрад “Цэзар” забраў з вёскі 15 чалавек цывільных закладнікаў і 14 з іх знаходзіліся пад арыштам. Адзін з гэтых пятнаццаці  чалавек сказаў пра тое, што яны сапраўды забілі салдат, прозвішча я не памятаю, гадоў 30-35 было чалавеку. У канцы мая ці напачатку чэрвеня мы сгналі ўсю вёску на ўскраіну гэтай вёскі і расстралялі 14 чалавек. А гэтага, які сказаў, атрад “Цэзар” пакінуў пры сабе агентам. У расстрэле ўдзельнічала 25 салдат нямецкай арміі. Я асабіста не бачыў, як расстрэльвалі, мне пра гэта расказалі салдаты. Я ў гэты час быў у мястэчку Ружаны, недалёка ад вёскі, дзе расстрэльвалася насельніцтва”.

Працяг допыту 13.07.1948:

“ПЫТАННЕ: Вы на папярэднім допыце сказалі, што адзін з удзельнікаў расстрэла, дакладней, забойства 4-х нямецкіх салдат, затым стаў вашым агентам. Як гэта разумець?

АДКАЗ: Я ўвогуле не помню, каб на папярэднім допыце ужывалася слова агент. Я казаў, што адзін з пятнаццаці удзельнікаў гэтага забойства, які прызнаўся і выдаў астатніх удзельнікаў, у тым ліку і солтыса (старасту) вёскі, стаў солтысам гэтай вёскі замест расстрэлянага нашай ротай ранейшага солтыса, які аказаўся ўдзельнікам гэтага забойства нашых салдат”.

Затым Шультэ распавядае пра карныя аперацыі каманды “Цэзар” – у Байках, пад Шчытна (бой з партызанамі), і пасля:

“…Трэці расстрэл быў у адной з вёсак, назву якой не ведаю, трыма аддзяленнямі нашай роты без майго ўдзелу. Пра гэта мне расказвалі яго ўдзельнікі – мае таварышы Нэйман і Іон. Расстраляна было 14 удзельнікаў забойства чатырох нямецкіх салдат. Расстрэл вёўся ў маленькім лясочку блізу вёскі. Перад расстрэлам у гэты лясочак было сагнана усё насельніцтва вёскі, якіх прымусілі глядзець…”.

З пратакола допыту Шультэ В.В. ад 13.10.1948, г. Брэст:

“…У чэрвені 1944 г. у дзесці кіламетрах ад горада Ружаны 4 нямецкіх салдата пайшлі ў вёску, назвы якой я не помню, і не вярнуліся., былі забітыя. Салдаты чацвёртага ўзвода былі пасланыя на пошук гэтых чатырох салдат, дзе знайшлі іх забітымі, і за гэтых чатырох салдат яны ўзялі 15 чалавек рускіх і прывялі у жандармерыю ў Ружаны. Адзін рускі, прозвішча якога я не ведаю, прызнаўся ў забойстве чатырох нямецкіх салдат, і яго вызвалілі і паставілі старастай гэтай вёскі. Я думаю, што ён быў давераны немцам. Астатнія 14 чалавек не прызналіся і іх з турмы горада Ружаны накіравалі ў іх вёску і на ўскрайку вёскі расстралялі, у тым ліку расстралялі і старасту гэтай вёскі. Гэтыя людзі перад расстрэлам капалі самыя сабе яму і іх над гэтай ямай паставілі і расстралялі”.

З пратакола допыту Шультэ В.В. ад 23.11.1948, г. Брэст:

“…Я памятаю яшчэ адзін факт, які адбыўся ў чэрвені 1944 года. Непадалёк ад распалажэння чацвёртага ўзвода былі забітыя кімсці 4 матацыкліста з гэтага ўзвода. Тады пры пошуку забітых салдатамі ўзвода былі знойдзеныя сляды калёс матацыклаў, якія і давялі іх ад месца забойства да аднае вёскі, назву якой я не ведаю. У гэтай вёсцы за забойства ў ёй салдат было арыштавана 15 чалавек жыхароў разам са старастам. Пасля 15 дзён допыту арыштаваных у ружанскай жандармерыі адзін з іх прызнаўся і за гэта яго вызвалілі і прызначылі старастам вёскі, а ранейшага старасту і з ім астатніх 13 чалавек недалёка каля іх вёскі на ўскрайку леса расстралялі салдаты чацвёртага ўзвода. У гэтай аперацыі я сам асабіста ўдзелу не прымаў, мне расказвалі ўдзельнікі…”.

 

Ёсць у справе Шультэ і пратаколы допыту сведак тых падзей: уцалелых жыхароў вёскі Байкі, ружанскага святара Івана Наўроцкага, кулянскіх жыхароў:

 

ПРАТАКОЛ допыту

1948 год жніўня месяца 19 дня

у якасці сведкі Прэдка Рыгора Іванавіча, жыхара вёскі Куляны Ружанскага раёна Брэсцкай вобласці, з 1947 г. – член УКП (б), адукацыя – малапісьменны, склад сям’і: жонка, зяць, дачка.

 

ПЫТАННЕ: Ці меў месца выпадак, каб з ліку мірных жыхароў вашай вёскі Куляны з 1944 годзе было расстраляна 14 чалавек?

АДКАЗ: У канцы чэрвеня 1044 г. сапраўды ў нашай вёсцы Куляны былі расстраляны 14 чалавек мірнага насельніцтва. Якога чысла гэта адбылося, я не памятаю.

 

ПЫТАННЕ: Якія вайсковыя асткі выконвалі расстрэл, як яны называліся, хто імі камандаваў?

АДКАЗ: Выконвалі расстрэл нямецкія карныя войскі – немцы. Хто камандаваў гэтымі войскамі ці карнымі часткамі, я не ведаю.

 

ПЫТАННЕ: Раскажыце падрабязна пра абставіны расстрэла. Што вядома Вам?

АДКАЗ: У чэрвені прыкладна ў паўкіламетры ад нашай вёскі Куляны партызанамі былі расстраляныя тры немцы: адзін афіцэр і два салдаты. Насельніцтва нашай вёскі большай часткай разбеглася, баючыся расправы з боку немцаў за забітых, але частка насельніцтва засталася пражываць у вёсцы. У той жа дзень вялікі атрад немцаў акружыў нашу вёску і пачалі хапаць тых, што засталіся, сялян, правяраць дакументы, збіваць. Немцы набралі вялікую групу грамадзян і пагналі ў Ружаны. Праз колькі дзён большасць сялян была адпушчана з г. Ружаны, а 16 чалавек засталіся сядзець у нямецкіх засценках. Праз два тыдні пасля арышту гэтыя 16 чалавек былі прыканваіраваныя да вёскі Куляны, і з 16 чалавек былі расстраляныя 14 чалавек, а два чалавекі былі вызваленыя. Перад тым, як расстраляць гэтых 14 чалавек, нямецкія палачы прымусілі выкапаць яму і расстрэльвалі над ямай. Яму капалі гэтыя 14 чалавек і яшчэ мабілізаваныя для гэтага грамадзяне: Сяргееў Мікалай Рыгоравіч, Куніца Аляксандр Сцяпанавіч, гэтаксама прысутнічаў і намеснік старасты вёскі Рыбій Іосіф Аляксеевіч. Закопвалі расстрэляных гэтыя ж мабілізаваныя нашыя грамадзяне.

 

ПЫТАННЕ: Назавіце прозвішчы і імёны вызваленых з ліку шаснаццаці грамадзян.

АДКАЗ:  З ліку шаснаццаці арыштаваных і прыгнаных нашых грамадзян былі вызваленыя Басько Міхаіл Ігнатавіч і Качан Міхаіл Паўлавіч.  

 

З пратакола допыту сведкі Рыбій Іосіфа Аляксеевіча (11.09.1948):

ПЫТАННЕ: Што вам вядома аб тых зладзействах, што чынілі нямецкія часткі пад час акупацыі вёскі Куляны?

АДКАЗ: Я памятаю крывавую расправу нямецкіх войск у чэрвені 1944 года ў нашай вёсцы Куляны. Прыехала ў вёску карная экспедыцыя – колькі іх, хто і якія мелі знакі, я не ведаю. Яны арганізавалі раптам, забралі нас у колькасці пяць чалавек мужчын: я, Качан Міхаіл, Прэдка Максім, Куніца Георгій, Сяргееў Мікалай. Далі каманду сабрацца і ўзяць лапаты. Мы па іхнім загадзе ўзялі лапаты і адправіліся з імі. Гэтыя немцы прывялі нас у ваколіцу вёскі Куляны, а менавіта на могілкі, і загадалі выкапаць яму. Мы выкапалі яму, і нас узброены немец адвёў убок за некалькі метраў. Праз некаторы час мы пачулі стрэды, гэта расстралялі жыхароў нашае вёскі Куляны: 1) Лявончыка Аляксея, 2) Вараб’ева Фёдара, 3) Вараб’ева Пятра; Вараб’ева Міхаіла, 5) Хромава Віктара, 6) Прэдка Аляксея, 7) Прэдка Уладзіміра, 8) Германовіч Павел, 9) Якута Іосіф, 10) Якута Паўла, 11) Горбача Мікалая, 12) Прэдка Міхаіла, 13) Якута Сцяпана, 14) Качан Рыгора. Пералічаных нашых грамадзян немцы расстралялі нібыта за іх трох немцаў, забітых у нашай вёсцы Куляны. Далей мне вядома, як відавочцу, пад час іх расстрэла мы стаялі збоку. Калі іх расстралялі, то нам загадалі засыпаць іх трупы, і мы выканалі гэты загад. Пасля іх пахавання нас адпусцілі. Засыпалі гэтыя трупы прыкладна ў 11 гадзін дня ў чэрвені месяцы 1944 года, якога чысла, я не прыпомню”.  

 

З пратакола допыту сведкі Куніца Іосіфа Сцяпанавіча, 1915г.н., жыхара в. Куляны Поланскага с/с Ружанскага раёна Брэсцкай вобл., беларус, адукацыя — 3 класы пачатковай школы, беспартыйны, жанаты, па паходжанню з сялян-сярэднякоў, член калгаса «Завет Леніна» з лютага 1948 г.:

11.09.1948, в. Куляны

«…Мне, як відавочцу,  вядомае здарэнне, як нямецкія варвары у чэрвені 1944 года расстралялі 14 чалавек з мірных жыхароў вёскі Куляны (дае спіс — АГ). Немцы прыйшлі і далі мне загад, каб узяў рыдлёўку і ішоў за імі. там былі яшчэ 4 чалавекі: Сяргееў Мікалай, Рыбій Іосіф, Прэдка Максім, Качан Павел. Мы сабраліся з рыдлёўкамі, нас вывелі на могілкі, далі загад капаць яму на паўднёвым баку могілак вёскі Куляны. Мы гэта зрабілі. пасля нас адзін узброены немец адвёў ад могілак на некалькі метраў. Мы чулі стрэлы, гэта расстралялі 14 чалавек вышэй пералічаных мною. Нам далі загад закапаць гэтыя трупы, мы падыйшлі да гэтай ямы ў здранцвенні — было вельмі цяжка закапваць сваіх аднавяскоўцаў. Пасля іх пахавання нас адпусцілі…

Далей мне вядома, як відавочцу, што пад час вызвалення нашай вёскі Куляны часткамі Чырвонай арміі палкоўнік дазволіў з ямы гэтых расстраляных людзей перанесці на паўночную ускраіну могілак, пахаваць іх з гонарам і зрабіць агароджу, што і было зроблена. Я таксама прысутнічаў пры пераносе… расстрэляныя ляжалі ў розныя бакі…

ПЫТАННЕ: Што яшчэ маеце дадаць да сваіх паказанняў?

АДКАЗ: Маю хіба дадаць, што нямецкі афіцэр высокага чыну прыйшоў і прачытаў акт аб тым, што гэтыя 14 чалавек расстраляныя і закапаныя ў яме як бандыты, а вы, хто закопваў, ідзеце дадому да сваіх дзяцей».

 

З пратаколу допыту Прэдка Максіма Пятровіча, 1872 г.н., жыхара вёскі Куляны Поланскага с/с Ружанскага раёна Брэсцкай вобл., беларус, малапісьменны, беспартыйны, па паходжанню з сялян-беднякоў, жанаты,

11.09.1948, в. Куляны:

«У чэрвені 1944 года немцы расстралялі 14 жыхароў нашай вёскі Куляны нібыта за сувязь з партызанамі. Я асабіста з’яўляюся відавочцам гэтага расстрэла. Раніцай прыйшоў немец і забраў мяне. Сабралі іншых грамадзян, прывялі нас на ўскраіну вёскі і прымусілі капаць яму. Асабіста я стары, і не мог трымаць у руках нават рыдлёўку. Выкапалі яму, нас адправілі далей ад яе, каб не глядзелі. Пачулі стрэлы. Пасля гэтага нас прывялі і мы закапалі гэтыя трупы. …»

 

З пратакола допыту Лявончык Марыі Сцяпанаўны 1906 г.н., жыхаркі вёскі Куляны Поланскага с/с Ружанскага раёна Брэсцкай вобл., беларуска, малапісьменная, беспартыйная, па паходжанню з сялян, мае 3-х дзяцей,

12.09.1948, в. Куляны:

«У чэрвені 1944 года у 11 гадзін раніцы, чысла не помню якога, немцы прыбылі ў вёску Куляны і сталі забіраць мужчын нібыта як партызанаў. Забралі і мяне з мужам. Прывялі на ўскраіну вёскі, а па дарозе немец некалькі разоў настаўляў на нас ружжо і папярэджваў, што расстраляе. Пасля мяне адпусцілі, а мужа забралі і павялі далей. Праз некаторы час мы пачулі стрэлы — немцы расстралялі майго мужа Лявончыка Аляксея і яшчэ 13 чалавек (дае спіс — АГ)…

Мае паказанні можа падцвердзіць Сяргееў Канстанцін, Куніца Аляксей, Рыбак Аляксей».

 

Калі апошняя сведка нічога не былатае, то атрымліваецца прыблізна наступнае: з Ружан прыгналі 14 чалавек, Качана Міхаіла адпусцілі і затым (ці перад тым) прызначылі старастам, а старасту Лявончыка Аляксея прыгналі да ямы і расстралялі разам з астатнімі трынаццацю. Але жанчына магла і пераблытаць, магчыма, старасту Аляксея Лявончыка забралі адразу. Хто можа ўдакладніць, дапамажэце, калі ёсць у каго яшчэ спытаць гэтыя падрабязнасці.

Чуў я і імёны тых патрызанаў, што ўтварылі для кулянцаў такую, кажучы па-сённяшняму, падставу, але не помню іх. Зноў жа, калі можаце ў каго спытаць, падкажэце — няхай бы радзіма ведала сваіх «герояў»…

Расказвалі калісці людзі, што з Германіі прыехалі жонкі тых забітых партызанамі немцаў і моцна прасілі, каб мірнае насельніцтва не каралі за партызанскі «подзвіг». Хто ведае, можа гэта і выратавала Куляны ад лёсу Байкоў. Ва ўсякім выпадку, такая пагроза была, магло павярнуцца ўсё так, што не было б з 1944 году ні вёскі Куляны, ні нас з вамі, сённяшніх кулянцаў. Можна яшчэ сказаць, што абыйшлося малымі ахвярамі.

Карная аперацыя адбылася за могілкамі, вось у гэтым месцы, што сёння парасло густым барвінкам:

6 1

Расказвалі, што кулянцы прынялі смерць годна, як старыя, каму было ўжо за 60, так і самыя малодшыя, каторым было па 16 і 17 гадкоў. Віктар Хромаў (калі не памыляюся, акружэнец, што прыбіўся да вёскі напачатку вайны, поўзаў перад немцамі на каленях, цалаваў боты, прасіўся: «Пощадите! Я ни в чем не виноват! Хочу жить!». Не дапамагло.

Гэтыя ямы, што на фота, так і засталіся, як незагоеныя рубцы, пасля перапахавання, якое адбылося праз пару тыдняў. Каб ведалі, што немцы больш у вёсцы не з’явяцца, а на Пятра ўжо прыйдзе Чырвоная армія, то раскапалі б адразу, магчыма, нехта быў толькі паранены, можа ўдалося б хоць каго выратаваць…

12 жніўня 1948 г. оперупаўнаважаным аператыўнага аддзела лагера ваеннапалонных № 284 МУС СССР  малодшым лейтэнантам Унукавым разам са старшынём Поланскага сельсавета Басько Верай Міхайлаўнай і старшынём калгаса «Завет Леніна» Пракаповічам Сцяпанам Сцяпанавічам быў складзены акт аб аглядзе брацкай магілы, дзе былі перазахаваныя ахвяры. Гэты дакумент таксама захоўваецца ў справе Шультэ В.В.

Старыя людзі памяталі, у якім парадку ляжаць загінулыя у брацкай магіле, хто за кім. То й жонкі іх і мацяркі хаваліся пасля паблізу: Цукер, калі не памыляюся, крайні быў, прама пад помнікам, то й баба Марыля Цукрыха пахавана адразу за помнікам, паблізу; можа з другога краю мой прадзед Мікалай Горбач (Гімбар), бо баба Гануля, яго жонка, непадалёк там пахавана.

Сёння помнік не ў самым лепшым стане, даўно патрабуе рамонту, шыльда ахоўная адвалілася. 2 3

Прозвішчы тых, хто ляжыць у гэтай брацкай магіле, гэтаксама цяжка расчытаць, прывядзем тут гэты спіс яшчэ раз:

ВАРАБЕЙ Міхаіл Іванавіч, н. у 1881.

ВАРАБЕЙ Пётр Максімавіч, н. у 1927.

ВАРАБЕЙ Фёдар Мікалаевіч, н. у 1889.

ГЕРМАНОВІЧ Павел Паўлавіч, н. у 1916.

ГОРБАЧ Мікалай Фёдаравіч, н. у 1889.

КАЧАН Рыгор Антонавіч, н. у 1881.

ЛЯВОНЧЫК Аляксей Фаміч, н. у 1901.

ПРЭДКА Аляксей Фаміч, н. у 1883.

ПРЭДКА Міхаіл Іосіфавіч, н. у 1913.

ПРЭДКА Уладзімір Аляксеевіч, н. у 1928.

ХРОМАЎ Віктар, н. у 1901.

ЯКУТА Іосіф Герасімавіч, н. у 1906.

ЯКУТА Павел Рыгоравіч, н. у 1905.

ЯКУТА Сцяпан Сцяпанавіч, н. у 1923.

 

Ніхто не забыты…

Добавить комментарий