Сумная навіна: сёння, 21 чэрвеня 2014 года, у суботу, вечарам стала вядома, што памёр Шура Сцяпанкоў (Аляксандр Сцяпанавіч Горбач, 1923-2014).
Нягледзячы на такі сталы век, амаль да апошняга быў даволі рухавы, так добра выглядаў, здаецца, ў мінулым годзе яшчэ бачыліся, то й не сказаў бы па ім, што дзевяноста першы год чалавеку пайшоў. Каля аўталаўкі зачапіў, кажу: «Як, дзеду, пажываеце?».
— А што, мне? — смяецца. — Пэнсію от палучыў, аўталаўка прыйшла — атаварыўсё.
Праўда, апошні час ужо жыў у дачкі ў Ружанах.
Аляксандр Сцяпанавіч быў у Кулянах апошнім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, моцна закранула яго, як колькі гадоў таму Пратасевічыха на помніку савецкім салдатам над брацкай магілай перад Днём Перамогі загадала збіць зорку (сатанінскі, бач, знак) і хацела замест яе ўвянчаць помнік крыжам. Памятаю, вельмі узрушаны быў, аж плакаў, кажа:
— Нам немяц цэліўсё ў гэтую зорку на перадавой, яна мішэнню была… А яна цяпер, бач… І як я пайду да помніка цяпер на Свята Перамогі? Кожны год стаяў я пад гэтай зоркай у гэты дзень…
Хлопцы нашыя кажуць:
— Дзед, зробім, не перажывай, будзе на 9 мая зорка над помнікам.
А да таго 9 мая можа дзень які заставаўся. Але зрабілі. Не такая, як была, вядома, ад першапачатковага варыянту адрозніваецца. Але на Дзень перамогі прыехала на мітынг Пратасевічыха — а над помнікам зорка. Нашыя «цімураўцы» адно стаялі ды пасміхваліся. А Сцяпанавіч быў задаволены…. Кожны раз, як гляну я цяпер на гэты наш помнік, успамінаю гэтую гісторыю.
Я яшчэ спадзяваўся, што ўдасца паразмаўляць з дзедам Шурам, успаміны яго змясціць на нашым сайце. Не паспеў.
Светлая памяць! Супакой, Госпадзе, душу яго…
А родным і блізкім нашыя спачуванні.