Кулянскія мікратапонімы

Мікратапонімы — гэта назвы дробных геаграфічных аб’ектаў пэўнай мясцовасці (выганаў, урочышч, лясоў, балот, палёў і т.п.). Упершыню я заняўся кулянскай мікратапаніміяй гадоў дваццаць таму, калі вучыўся на філфаку — задалі мне такую кантрольную працу па беларускай мове. Перапісаў з дапамогай бабы Мані і бабы Клаўдзі ўсё, што можна было, і добра, што захаваў чарнавік.

 

Бо, як казалі старажытныя рымляне, Verba volant, scripta manent (вэрба волант, скрыпта манэнт) — словы знікаюць, напісанае застаецца. Ад сябе дабавім: нават, калі гэта напісана толькі на чарнавіку. Бо, па праўдзе, і з гэтага напісанага ўжо далёка не ўсё магу ўспомніць, дзе знайходзіцца, хоць у якім баку  брыдка перад кулянцамі, але дзе Лазкі, а дзе Лескі хоць забеця мяне, не магу сказаць. А некаторым мікратапонімам і ўвогуле, гартаючы свой чарнавік, здзівіўся, што ў нас такія ёсць ці былі: Катовыя Камлі, Засек, Застыр… 

Безумоўна, сёння мікратапонімы страцілі сваё ранейшае значэнне. Некалі меў патрэбу ў назве кожны лапік зямлі, бо ён меў свайго гаспадара. Мела сваю назву і кожная лясная ці палявая дарога, назвы палявых ўтвараліся пераважна ад уласных імён: Уланова дарога, Казакова дарога, Калядзюкова дарога, Прэдкава дарога, Кунічына дарога… Сёння ж ні тых лапікаў поля, ні тых палявых дарог — звалілі ўсё пад плуг, як тую Цаліну, і не тое, што розніцы няма між Дубняком і Будамі, але між кулянскім полем, палонскім і запольскім разам узятымі — усё ў адно.

Але гэтыя плугі сучаснай магутнай сельгастэхнікі не павінны зраўняць ушчэнт нашу памяць, трэба захаваць хоць тое, што яшчэ магчыма захаваць. У маім чарнавіку каля сотні мікратапонімаў. Спадзяюся з вашай дапамогай, дарагія землякі, дакладна ўстанавіць месца кожнага. Варта з часам і здымкі гэтых мясцін будзе зрабіць.

Самае цікавае, на мой погляд, у мікратапаніміі — гэта этымалогія, паходжанне назвы. Ці задумваліся вы, напрыклад, калі-небудь над назвай поля Буды? Гэтае поле знайходзіцца далёка ад вёскі, кіламетраў з два будзе на паўднёвы захад ад Кулян. Ну, якія там хто калі мог будаваць буды? — я не раз так сабе думаў.  А не ў будоўлі справа. Чытаю нядаўна «Беларусаў» Яўхіма Карскага (праца была выдадзена яшчэ ў 1903 годзе), і вось што піша паважаны акадэмік пра слова «буда»: «…вядомае ўсім славянскім мовам, а таксама літоўскай, латышскай і інш… У Беларусі гэтае слова жыве да гэтых пор і не толькі як назва для пабудовы ці кібіткі, але і ў адмысловым сэнсе  — месца, вызваленага пасля выпаленага лесу». І ўсё становіцца зразумела: поле, якое ўтварылася на месцы выпаленага лесу, называецца Буды.

Шкада, што не кожны мікратапонім так лёгка можна разгадаць. Але будзем працаваць у гэтым накірунку.

Пазней мы прывядзем на гэтай старонцы спіс кулянскіх мікратапонімаў, іх апісанне, фотаздымкі з часам, як ужо казалася, зробім. Адным словам, гэтая старонка мусіць быць насычанай і цікавай, ды на адну і не памесціцца ўсё. Але ў тым і выгода інтэрнэту, што сюды можна памясціць столькі, што і на валовай скуры не спісаў бы 😉

Мікратапаніміка_1

Мікратапаніміка_2

Мікратапаніміка_3

 

 

 

Добавить комментарий