І яешні напёк, і дрыгвы наварыў…

Пра свайго прадзеда Гімбара (Мікалая Фёдаравіча Горбача), якога ў канцы чэрвеня 1944 года разам з яшчэ трынадцаццю кулянцамі расстралялі немцы, я ведаю зусім мала. З чатырох маіх прадзедаў ён адзіны, чыйго нават партрэта ці фотаздымка не давялося мне пабачыць.

 

Але, па ўспамінах, някепскі быў чалавек, вясёлы, фокусны. Гэтая рыса і яго дзецям перадалася. Тую ж бабу Волю ўзгадаць — ох, і артыстка была, ох і ўмела павесяліць грамаду! Дзе якая гулянка, то яна там і за тамаду, і за спявачку, і за кловуна. Такія дзівосы вырабляла, што адно не ўсцываліся. І Аляксей Гімбар які быў жартаўнік — без фокуса за хлеў не сходзіць, а як скажа што, то скажа. Дый дзед мой Антось, як паслухаць тых, хто яго добра памятае, то Юрыя Нікуліна заткнуў бы за пояс разам з Алегам Паповым. Адным словам, закон Ньютана пра яблычкі, якія падаюць недалёка ад яблыні, тут спрацаваў на ўсе сто. Ну, мо на 99, бо хіба адна баба Маня Гімбарыха была з іх усіх найсур’ёзнейшым чалавекам. Яшчэ быў у іх брат, загінуў на фронце ў Другую Сусветную, не ведаю, якім быў.

Дык вось, што датычыць усё ж прадзеда Мікалая. Неяк цётка Волька Хадачкова расказвала бабе Мані Гімбарысе, як была калісці, можа ў дзяцінстве ажно, сведкам гэдыкае сцэны.

Ад Чаркеса з вяселля вяртаўся мой прадзед Гімбар (сваякі, напэўна, былі з Чаркесам, бо Гарбачы ж). Ішоў на добрым падпітку ды напяваў прыпеўку (ці сам склаў, ці перайначыў):

 

І яешні напёк,

І дрыгвы наварыў!

От Чаркес, так Чаркес —

Ну, й вяселлё зрабіў!

 

Даспявае, пройдзе колькі метраў і зноў заводзіць:

 

І яешні напёк,

І дрыгвы наварыў…

 

 

Добавить комментарий