Усе смяюцца, і я смяюсё

Калі ўжо загаварыў пра свайго прадзеда МІкалая Гімбара ды пра ягоныя «вясёлыя» гены, што перадаліся наступным пакаленням, то не магу не ўзгадаць і дзеда свайго Антося, з якім гэтаксама, па сведчанні сучаснікаў, засумаваць нікому не даводзілася.

 

Казалі, добры быў чалавек, вясёлы.

Шмат разоў, з самага хіба што дзяцінства, даводзілася слухаць мне пра свайго дзеда вось якую байку (Фіська асабліва часта яе расказваў, а расказчык ён быў не абы з якіх).

Гнаў гарэлку ноччу дзед Антось, а раніцай на базар трэба было. Ля агню недзе там выпуцаўся ў сажу, а тады — гэта ж не сёння, што лямпачкі, электрычнасць, люстэркі. Выгнаў тую гарэлку, зацемна сабраўся хутка — ды ў Ражану. Ці канём ехаў, ці пешшу дабіраўся, гэтага ўжо не ведаю, але пакуль дабраўся, то й развіднела. Ходзіць па тым базары з сажай на носе (ці на лобе, ўжо добра не памятаю). Глядзяць на яго ўсе, як на кловуна, ды рагочуць. Ну, і ён рагоча. Пакуль не падыйшоў нехта з кулянцаў:

— Антось, а чаго ты смяесся?

Той Антось паціскае плячыма ды кажа:

— Усе смяюцца, і я смяюсё.

— Антось, гэто ж усе з цябе смяюцца — каб ты адно бачыў свой твар! Ідзі дзе ўмыйся, ці хоць абатрыся…

З тых пор любая згадка ці гутарка пра Антося Гімбара, дзе б яна ні адбылася, адразу суправаджалася фразаю «Ааа, усе смяюцца, і я смяюсё…». Адпаведна, калі нехта трапляў у падобную сітуацыю, як мой дзед, ці калі чалавек смяецца, не ведае сам з чаго, то дзеда тут жа згадвалі, казалі:

— Як той Антось Гімбар: усе смяюцца, і я смяюсё…

А Фіська нечаму лічыў, што я на дзеда падобны, бывала, прыйдзе да бацькі (сябры ж былі), як ужо па чарцы якой вып’юць, ці больш, і пачынае нас малых аналізаваць, хто на каго падобны, хто ў каго ўдаўся, а на мяне адно рукою махне:

— А гэты — Гімбар: усе смяюцца, і я смяюсё, — яшчэ і перадражніць.

А з чаго гэта ён узяў?..

 

Дед_и_баба

Дзед Антось (Антон Мікалаевіч Горбач, 1916 — 1965)  і баба Нінка (Ніна Аляксееўна, у дзявоцтве Качан, 1916 — 1987). Фота зроблена прыблізна каля 1940 г.

Добавить комментарий