Ці была ў Кулянах рэчка?

Кожны кулянец на пытанне, пастаўленае ў загалоўку, адкажа вам станоўча. Бо з дзяцінства чулі мы ад старых людзей, што ім “старыя людзі казалі, рэчка была”. А колькі пакаленняў “старых людзей” перадавалі гэтую гістарычную памяць, аднаму Богу вядома. Можа колькі стаяць Куляны, столькі старыя людзі казалі, што яны гэта чулі ад старых людзей. Але ж дыму без агню не бывае, праўда?

 

Куды ж яна падзелася, тая рэчка? І на гэтае пытанне ад старых людзей мы чулі адказ. Ехала некая пані, ды не вытрымаў мост (ці па лёдзе яна ехала можа), адным словам, патапіліся коні. Дык тая пані ніто загадала засыпаць гэтую рэчку, заваліць каменнем, ніто закляла яе, што кожны год будзе тапелец, а як пачало гэта спраўджвацца, дык нашы з вамі прашчуры самі не захацелі той рэчкі дый засыпалі.

Ой, як нам было шкада ў дзяцінстве, што яны гэтак зрабілі! Прама, каб ведалі дзе гэта, дык можа і раскапалі б. Далібог, каб вот хто з дарослых захацеў над дзяцьмі пажартаваць ды паказаў «тое месца», то кар’ер быў бы забяспечаны. Бо што дзецям рэчка! О, каб нам рэчка пад бокам! А так раслі мы разам з тымі галавасцікамі ў Лісавым возеры. Божа мой, як успомніць: колькі таго Лісавага возера, а коні, каровы, гусей процьма і яшчэ мы – аж кішэла ўсё. Вылезеш з вады – а на табе дзесяць п’явак.. Ой!..

Але вернемся да рэчкі, у якой нам з вамі з-за той сярдзітай пані, якая коней любіла больш за дзяцей, так і не давялося пакупацца. Малыя то мы маглі паверыць, але як я цяпер падумаю сваім ужо дарослым розумам, то неяк не сыходзіцца: калі рэчка была такая, што ў ёй аж коні патапіліся, то хіба такую рэчку засыплеш, нават па загаду хоць самой каралевы, не то што пані? Вядома, не. Дык куды ж яна падзелася?

Усё цячэ, як вядома, ўсё мяняецца. Так і такая рэчка, і вакол рэчкі. Разгадку маю. Адразу кажу, што гэта толькі версія, а на колькі ёй можна верыць, самі вырашайце.

Дык вось, неяк яшчэ напрыканцы 90-х на адной канферэнцыі (ўжо й не помню тэмы, але нешта там было пра старажытнасць) пачуў я ад гісторыка і археолага Міхася Чарняўскага, што той водападзел, які існуе сёння, не заўсёды такім быў, што даўным-даўно некаторыя рэкі цяклі зусім у іншы бок, у іншыя моры. Як прыклад, Міхась Міхайлавіч (светлая яму памяць) прывёў Зяльвянку, якая некалі належала да чарнаморскага басейна, цякла не ў Балтыйскае, а ў Чорнае мора.

Вы ў гэта можаце паверыць? Як? Дзе? Кудэма яна магла цячы ў Балтыйскае мора, якімі агародамі? От і ў мяне такія пытанні адразу ж узніклі. Таму на перапынку (ці па заканчэнні, ўжо не памятаю) я адразу да Міхася Міхайлавіча. Кажу, не магу зразумець, у галаве не ўкладваецца. Не, ладна там некія другія рэчкі, але як такое магло быць з Зяльвянкай, якую я ж ведаю. І Міхась Міхайлавіч мне тлумачыць, што ўсё вельмі проста, некалі было вось так і малюе мне такую просценькую схему: Схема_1 Паміж гэтымі рэчкамі была невялікая адлегласць, можа які кіламетар, хай два. Зяльвянка цякла ў Чорнае мора, а другая рэчка – да Нёмана і ў Балтыйскае. Не пазнаяце яшчэ нічога? Тады глядзеце далей. Па меры таго, як на паваротах яны падмывалі берагі , як гэта бывае з утварэннем гэтак званых меандраў, мянялася іх русла, рэчкі прыбліжаліся адна да адной: Схема__2 Веснавой паводкай або ў моцны дождж яны нават пераліваліся адна ў адну, так і цяпер бывае з некаторымі рэчкамі, называецца гэта па-навуковаму біфуркацыяй. Мяняўся таксама і рэльеф, гэта адбываецца за вякі або ў выніку нейкіх прыродных стыхій, да прыкладу, землятрусу. Ішлі стагоддзі, і нашы рэчкі сустрэліся: Схема__3 А пасля гэтая іхняя біфуркацыя прывяла ось да чаго: Схема__4 Ну і далей вы разумееце. Але ў якім месцы такое магло адбыцца? Я задаўся гэтым пытаннем тады, адразу, і адразу бачыў на гэтае пытанне адказ. Нават у адмысловых даведніках вы можа знайсці, што рака Зяльвянка мае даволі выразны водараздзел – вакол яе скрозь узвышшы, акрамя аднаго месца, і гэтае месца тут: Схема__5 Цяпер пазнаяце? Тут і толькі тут магло калісці такое адбыцца з Зяльвянкай. Цалкам верагодна, што перад Заполлем яна рэзка заварочвала і цякла прыблізна па сённяшнім русле Ружанкі недзе да Ясельды, а там, зразумела, ў Чорнае мора. Ну а “другая рэчка”, якая да гэтага цякла ў Балтыйскае мора – наша, кулянская, як ужо там яе называлі, народная памяць не захавала. Як і невядома, дзе яна пачыналася. Можа напачатку сяла тут у гэтым балоце, паміж Пагорышчам і вёскай, там і сёння крыніцы б’юць, і дарэчы, рэчачка ж ёсць, проста яе ператварылі ў канаву. А можа дзе і вышэй – ў Аселіцы, ці ў Асаковым калодзезі (за Балоцячкам), там доўгі час, яшчэ пры нашай памяці было мокрае месца (адсюль і назва урочышча). Калі яна цякла адтуль, то магла называцца Паплаўка. Рэчкі не стала, а назва ўрочышча захавалася.

Калі адбыліся такія змены з нашымі рэчкамі, што яны злучыліся? Даўным-даўно, можа яшчэ ў дагістарычныя часы. І калі народная памяць захавала згадку пра гэтую рэчку, то ўявіце сабе, як даўно жылі на гэтай зямлі нашы продкі! А магло такое стацца і адносна нядаўна. У прыватнасці, як мы ўжо згадвалі, рэльеф можа мяняцца ў выніку землятрусу. Вядома, што на тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі быў моцны землятрус 1 мая 1230 году, такі моцны, што ў Тураве разбурыў храм (адзін з першых, старажытнейшых на Беларусі храмаў). Магло дакаціцца і сюды. Як было дакладна і калі дакладна, мы не ведаем. Але па нашай версіі Зяльвянка злілася з нашай Паплаўкай і пацякла ў Балтыйскае мора, ў выніку геалагічных працэсаў, змены рэльефу адбыўся нахіл зямной кары ў іншы бок, і з часам па ранейшаму руслу Зяльвянкі ўжо да яе пацякла Ружанка. Ну а наша Паплаўка змялела, перасохла – бывала такое з рэкамі нават і без меліярацыі.

Дарэчы,  яшчэ з тысячу гадоў таму з рэкамі і азёрамі ў нашым краі ўвогуле ўсё было зусім па-іншаму.

Так, калі паглядзець на поўнач ад нас, то яшчэ ў XIII стагоддзі воды Балтыйскага мора стаялі значна вышэй і разліваліся шырэй, чым сёння. А ў наступныя часы сталі спадаць, у выніку чаго з пад вады вызвалялася суша, адпаведна таму, як сушэла балтыйскае пабярэжжа, мяняліся і рэкі. Да прыкладу, у кнізе “Живописная Россия. Литовское и белорусское Полесье”, выдадзенай яшчэ ў 1882 годзе, зазначаецца, што некаторыя з рэк нашага краю, што яшчэ ў сярэднявечча былі судаходнымі, да XIXстагоддзя перасталі такімі быць, “а некалькі рэк, вядомых па паперах гаспадарчымі сплавамі і рыбнымі промысламі, зусім зніклі, не пакінуўшы імен сваіх нават у мясцовых урочышчах”.   То што тут хацець?.. Наша можа хоць назву сваю пакінула ўрочышчу…

Калі ж звернем свой погляд на поўдзень, больш дакладна – на паўднёвы ўсход, то там было гэтак званае Герадотава мора – агромністы прэсны вадаём, што застаўся ў выніку адступлення леднікоў і займаў тэрыторыю сучаснага Палесся. Першае ўпамінанне аб ім было зроблена яшчэ 2 500 гадоў таму старажытнагрэчаскім гісторыкам Герадотам, але існаванне гэтага “мора” падцвярджаецца яшчэ нават мапамі XVI – XVIIстагоддзяў н. э. Некаторыя сучасныя даследнікі, акрэсліваючы паўночна-заходнія берагі Герадотава мора, пазначаюць іх мястэчкамі Шэрашава і Жыровічы. Зусмі блізка, як бачым. Ёсць меркаванне, што Герадотава мора пачало набываць рысы палескіх балот гадоў 500 – 600 таму. То такім чынам Зяльвянка першапачаткова магла ўпадаць нават і не ў Ясельду, а ў Герадотава мора. Гэта пазней ўжо, па меры знікнення “мора” і ператварэння яго ў балоты, з’явіліся і Ясельда, і Прыцяць, Спораўскае, і Белае, і Чорнае азёры.

Дарэчы, калі вернемся да першапачатковай схемы Міхася Чарняўскага, то атрымліваецца, што тут мог пралягаць адзін з самых карацейшых водных шляхоў ад Балтыйскае мора да Чорнага (Нёман — наша кулянская рэчка – Зяльвянка – Герадотава мора ці Ясельда – Прыпяць – Днепр). Сушу паміж нашай кулянскай рэчкай і Зяльвянкай было нецяжка пераадолець волакам, бо гэта было не больш як 2 кіламетры (прыкладна, адлегласць ад Поланска да Паперні). А на волаку праца была нялёгкай, ахвотнікаў да такой працы знайсці было цяжка, іншая справа тыя, хто патрапіў у палон – палонныя, паланчакі. З такіх і ўтварылася вёска Поланск. Чым не версія?

Дарэчы, ускосна пацвярджае такую версію і наша аўтарка Воля Рошчанка, калі піша, што чаго толькі ў Поланску не знайходзілі (розных манет і т.п.), а будаўнікі, што пракладвалі дарогу, аж пыталіся: «Што ў вас тут было, што такіх цікавых знаходак наадкопвалі?». Цікавыя знаходкі кшталту кладаў і іншага, як правіла, узнікаюць па месцах, дзе ў старажытнасці пралягалі гандлёвыя шляхі, і асабліва, дзе былі волакі.

Вяртаючыся да пытання знікнення нашай кулянскай рэчкі заўважым, што гэта быў доўгі працэс, знікла яна не ў адзін дзень, нават пасля таго, як Зяльвянка пацякла ў Балтыку, наша рэчка магла яшчэ стагоддзі існаваць як прыток Зяльвянкі. Таму і дайшла да нас аб ёй памяць. Калі дапусціць, што так ці інакш, у тым ці іншым выглядзе яна была яшчэ дзе да якога XVІ-XVIІ стагоддзя, то нічога тут дзіўнага, што “старыя людзі казалі”. Старыя людзі не брэшуць…

Вось і ўсё. І няма чаго гісторыю каверкаць. А то яшчэ і пані прыплялі 🙂

 

15.11.2014 PS.: Наша сталая аўтарка Воля Рошчанка паказала мне сёння спасылку на вельмі цікавую мапу, што была складзена яшчэ «за польскім часам», у 1935 годзе. Дык на гэтай мапе кулянская рэчка яшчэ «цячэ» па Аселіцы:

Скан_5

Тое, што бачым на мапе, супадае ў значнай ступені з маімі малюнкамі. І калі яшчэ 70-80 гадоў таму нашу кулянскую рэчку пазначалі нават на мапах, то можна не сумнявацца, што гадоў 200 назад яна была абсалютна паўнавартаснай рэчкай і пачыналася значна вышэй, чым ад Аселіцы. А што такое 200 гадоў — тры чалавечых жыцці. То што тут здзіўляцца?..

Добавить комментарий