Багатасць гістарычнай спадчыны Поланска ў мяне ніколі не выклікала сумневу. Найперш, мабыць, таму, што з дзяцінства я чула розныя цікавыя аповяды пра мінуўшчыну. Але мне таксама выпала дакрануцца да далёкага і таямнічага мінулага – неяк на надворку знайшла старажытную медную манэту. Як выявілася, яна была выбіта ў 1665 годзе пры Яне II Казіміры Вазе, што быў каралём Польскім і Вялікім Князем Літоўскім (ВКЛ) з 1648 па 1668 гады.
Хоць манэта была ў нядобрым стане, праз стагоддзі выцертая аб глебу, нельга было не адчуць нейкае чараўніцтва, калі трымаеш у руках тое, што твае далёкія продкі маглі трымаць у сваіх руках больш за 300 гадоў таму. Усе мы адыходзім з гэтай зямлі ранней ці пазней, але як жа супакойвае думка, што гэты шлях прайшлі ўжо шмат пакаленняў!
На маё здзіўленне мой бацька, Мікалай Мікалаевіч, распавёў, што ў дзяцінстве меў цэлыя кішэні такіх манэт, і поланскія дзецюкі гулялі на іх ў карты. З ҆явіліся ў Поланску тыя манэты напрыканцы 60-х, калі асушвалі балоты паміж Уласавічамі і Поланскам. Тады Іваньчык (Ярмушчык Мікалай), як расказвае мой бацька, ішоў за бульдозерам, што пераварочваў зямлю. Ён заўважыў збан, у якім былі манэты розных памераў і каштоўнасцяў, многія з якіх пасля і разышліся па падлетках. Быў таксама і пазнейшы выпадак, калі разшырвалі і залівалі асфальтам дарогу ў 90-я. Драгічынскія дарожнікі пыталіся: “Што ў вас тут было? Столькі пазнаходзілі рэчаў!”. І сапраўды, што тут было? Варта дакапацца. Дык пачнем ад пачатку…
Для зручнасці, прадставім найстарэйшую мапу Поланска ад 1935 году, зробленую за польскім часам. (Бацька мой кажа, што некалі трымаў у руках мапу з 1860-х гадоў, дзе Поланск быў пазначаны па-расейску як Вялікая Весь, але я яе ніколі не бачыла. Дарэчы, шмат з напісанага тут – таксама паводле ўспамінаў майго бацькі, падмацаванае інфармацыяй з іншых крыніц).
Паланчакі звязваюць з ҆яўленне сваёй вёскі з рыцарам Завішам Чорным. Хоць, па аповядах майго дзеда Мікалая Восіпавіча Рошчанкі, калі капалі торф на поўнач ад Поланска, бліжэй да Ўласавічаў, то знаходзілі там кастрышчы старажытных людзей. Але ці сведчыць гэта пра тое, што Поланск мог бы паходацца за старажытнасць з Полацкам, зараз сказаць немагчыма, таму вернемся да Завішы Чорнага.[1]
Прывядзем урывак з кнігі “Памяць. Пружанскі Раён”: “Старажылы ўспаміналі, як калісьці ім расказвала польская настаўніца Яніна Суша, што Завіша Чорны разам са сваімі сёстрамі жыў у Палонску, дзе ў яго быў маёнтак. Апрануты Завіша заўсёды быў у чорнае. На плячах насіў шырокую чорную накідку. Рыцар быў строгі, бясстрашны. Мячом валодаў выдатна. Ворагі яго баяліся. У Палонску ў яго быў абсталяваны пакой, сцены якога былі завешаны зброяй. Загінуў рыцар у вайне з туркамі ў 1428 годзе. Пазней уладары маёнткаў у Палонску і Магілёўцах паставілі яму помнікі.”
Палац Завішы мог стаяць на месцы, якое нейкі час займала жывёлагадоўчая ферма, на прыведзенай вышэй мапе гэтае месца падпісана як Os. (Osiedle) Połońsk (гэта знаыць, маёнтак Поланск) і пазначана чырвоным кружочкам. А на гары-кургане на поўдні Поланска, за старым клубам, хутчэй за ўсё стаяць парэшткі тога помніка Завішу Чорнаму (на мапе гэтае месца пазначана крыжом, бо там стаяла і капліца).
Пра гэтыя помнікі таксама можна пачытаць у артыкуле Юрыя Рубашэўскага “Рыцарскі гонар”, напісанага з дапамогай майго бацькі.[2]
Далей Поланск сустракаецца ў звестках пра Мацея Войцехавіча Клачко, дыпламата і ваеводы ВКЛ (?- 1543). Калі ён памер 11-га красавіка 1543 году, ягоная жонка саступіла Менджырэц (Міжырычы), Лыскаў і Поланск каралеве польскай і княгіні ВКЛ Боне Сфорцы (1497 – 1557).[3] Там жа запісана, што раней Мацей атрымаў у спадчыну Лыскаў і Міжырычы ад бацькі Войцеха Яновіча Клачко, таксама дзяржаўнага дзеяча ВКЛ (1432 – 1514).[4] У Лыскаве і Міжырычах Мацей Клачко збудаваў касцёлы. Падаецца магчымым, што ён мог набыць Поланск пры жыцці.
Невядома, колькі валодала Поланскам Бона Сфорца, і хто гаспадарыў на поланскай зямлі пасля.
Лёс Поланска звязаны з Ружанамі, хоць Ружаны мелі асобную гісторыю ад пачатку. Дакумант, выдадзены 28 сакавіка 1490 году, кажа пра тое, што Ласасін, Ружана, сядзіба Бялевічы і фальварак Байковічы (зараз – Байкі), ў спадчыне паноў Юшкі Гойцы і Вешторце,перайшлі ў маёмасць Казіміра Ягелончыка (1440 – 1492), Вялікага Князя Літоўскага і Караля Польскага. У 1552 годзе Ружаны набываюць Тышкевічы, у 1571 – Бруханскія, а ў 1598 – вядомы канцлер ВКЛ Леў Сапега (1557 – 1633).[5] Ці набылі Тышкевічы, Бруханскія і Сапегі ў той самы час Поланск сказаць цяжка, бо, напрыклад, Лыскаў у 1690 годзе адышоў Быхаўцам. Але вядома, што Поланскам пазней уладарыў вялікі гетман Казімір Ян Павел Сапега (1642–1720).[6] Трэба заўважыць, што на той час уладарства і апякунста заможным родам было формай арганізацыі грамадства на большасці кантынента.
Сапегі будавалі шмат будынкаў для духоўных запатраванняў у сваіх валоданнях – рыма-каталіцкія касцёлы і ўніяцкія цэрквы. Вядома, што ў 1774 годзе з ҆явілася капліца і ў Поланску (пазначаная крыжом на мапе на поўдні Поланска, зараз на тым месцы пошта і кінабудка поланскага клуба).[7] Дакладна невядома ці гэтая капліца была заснаваная як рыма—каталіцкая ці ўніяцкая. Таксама магчыма, што капліцаў было дзве – адна ўніяцкая, і адна каталіцкая (гл. крыж на поўнач ад маёнтка). Але ў Поланску была вялікая прысутнасць вернікаў уніяцкай веры, і Ружанская парафія (зараз яе будынак займае праваслаўная царква Св. Пятра і Паўла) трымала ўніяцкую капліцу ў Поланску, якой апекваліся базыльяне. Больш сучасныя мясцовыя жыхары, ў тым ліку мой дзед, памяталі пра капліцу, дарэчы, а месца на поўнач ад маёнтка заўседы называлі крыжом. Пры капліцы былі могілкі і памятная калона па Завішы.
Сапегi бесперапынна валодалі мясцовасцямі да 1831 году, калі Яўстах-Каятан Сапега (1797-1860) ўдзельнічаў у Лістападаўскім паўстанні супраць Мікалая I і пасля паразы ўцек у Парыж. Пры задушэнні паўстання 1830-31 гадоў, царскія ўлады касфіскавалі маёмасць Сапегаў. А пасля другога паўстання (1863-64 гадоў, паўстанне Кастуся Каліноўскага) зачынілі і поланскую капліцу.[8] Лічыцца, што паўстанцаў, магчыма, павесілі на ўзвышшы на захад ад капліцы (трохкутнік на мапе), бо тое месца і зараз мянуецца Шыбельніца. А каля капліцы некалі ляжала каля 20-ці валуноў – хутчэй за ўсё імі былі пазначаныя магілы павешаных. Што датычыць самой капліцы, то, зыходзячы з мапы, яна стаяла яшчэ ў 1935 годзе і, магчыма, зноў ужывалася, верагодна як рыма—каталіцкая.
За польскім часам (1921-1939) былы маёнтак Завішы набылі палякі Станіслаў і Юзэфа Рапацкія. Нарадзілася ў іх чацьвера дзяцей. Пра Рапацкіх распавядаў мой прадзед Міхась Восіпавіч Прэдка. Неяк вёз дзед Міхась поўны воз лесу для забудовы хаты, дый засеў той воз каля Сяцішчаў (лес на поўнач ад Поланска). Дзед выпраг каня і пайшоў да маёнтка. Пагрукаў у дзверы, каб запытаць дапамогі. Выйшаў панаў сын, бо нікога не хацеў будзіць. Дайшлі да месца, і малады Рапацкі сам здолеў падняць кола – такі быў асілак, і яны выцягнулі воз. Дарэчы, у Рапацкіх здымаў жыллё паэт Альбін Дзяконскі.
Каля 1940 году ўсіх Рапацкіх забрала савецкая ўлада і выслала ў Архангельскую вобласць на працы ў спецпасёлках. Дзяконскаму, напэўна, менш пашанцавала, бо НКУС арыштаваў яго і пераправіў у Мінск, дзе звесткі пра яго знікаюць. На месцы маёнтка зрабілі склеп і краму.
Мала вядома пра поланскі маёнтак пад час вайны з немцамі. Падаецца верагодным, што ён мог быць пашкоджаны.
Напрыканцы 1950-х на месцы знаходжання маёнтка была пабудавана драўляная ферма (магчыма, ўжываўся падмурак маёнтка), якая прастаяла да 1971 году. Другую ферму забудавалі ўжо ў 1972-м крыху на поўнач, дзе быў сад, які вырубілі.
Калі падсумаваць, то наш край – гэта казачнае месца! Па-першае, сюды, як бачым, магічна вабіла людзей, каго з добрымі, а каго і з менш добрымі памкненнямі. Па-другое, як і ў казцы пра папялушку, палац ператрарыўся ў ферму, а капліца-касцёл – у пошту і клуб…
Можна сумаваць па велічнай і раскошнай даўніне, але, зрэшты, будынкі і рэчы – гэта сымбалі, якія дапамагаюць нам захаваць памяць пра мінулае. Больш важнае – гэта тое, што жыве ў нас саміх, гэта веданне сапраўднай вартасці сваёй спадчыны, гэта ўменне разлічваць нападнікаў і іх стратэгіі, каб яны мелі менш магчымасцяў скарыстацца тымі стратэгіямі ў будучыні.
Зараз ідзе рэстаўрацыя палацу ў Ружанах. Гэта дае надзею, што людзі ўзгадаюць у думках і пра былую веліч Поланска.
[1]Але гэта можа сведчыць пра іншае, а менавіта пра тое, што паміж Поланскам і Ўласавічамі цякла рэчка, бо селішчы старажытных людзей часцей былі менавіта па водных шляхах, на берагах рэк. – Тут и далей заўвагі рэдакцыі.
[2]Такі ж помнік стаяў і ў Кулянах на могілках, ад яго амаль нічога не засталося, акрамя паросшага падмурку.
[3]“Zmarł 11 IV 1543 r. Po śmierci jego żona odstąpiła Międzyrzec, Łyskówi Połońsk królowej Bonie.” http://rudka.republika.pl/wlasciciele.htm. – Тут і далей заўвагі аўтара.
[4] “Po ojcu odziedziczył Łyskówi Międzyrzec, gdzie ufundował kościoły.” http://rudka.republika.pl/wlasciciele.htm
[5]Глядзець тут http://euimedia.com/menu/teoryia-i-gistoryia/ruzhany.
[6]“Miał prócz tego Łużki w pow. brasławskim i woj. połockim, Dyrwany w Inflantach, Samojłowicze, Szuściki i Połońsk w pow. wołkowyskim oraz Strawinniki, Dubno i Kołodzieżno w woj. trockim, Korciany, Ławkożemy i Bruście na Żmudzi, Dzitwę w pow. słonimskim i Perchonie w pow. rzeczyckim. Dzierżawił też duże dobra ciwuństwa wileńskiego.” http://ipsb.tymczasowylink.pl/index.php/a/kazimierz-jan-pawel-sapieha-h-lis
[7] “W 1774 r. naterenieparafiiznalazłysię miejscowości: Różana, Majowszczyzna, Kozuli, Szeypiaki, Olszanka, Połońsk, Lrokotla, Lisowicze, Ostrów, Przewłoka, Blizna, Jundziłowicze, Mizgiry,Witoroż, Zahalicze, Lososin, Odyncowszczyzna. Wszędzietammieszkalinasiprzodkowie: pracowali, kochali, rodzilidzieci, obchodzilitesame święta, podziwialiswoją świątynię.” http://polesie.org/2284/historia-naszych-malych-ojczyzn-rozana/.
[8] “Po Powstaniu Styczniowym władze rosyjskie zlikwidowali kaplicę w Połońsku” http://polesie.org/2284/historia-naszych-malych-ojczyzn-rozana/.