Рэдка ўжо можна пачуць гэты выраз, мала хто ўжо можа зразумець яго значэнне, і яшчэ меньш знойдзем тых, хто ведае, з чаго яно пайшло… А каб ведаць сэнс гэтага выразу, то трэба ведаць менавіта саму гісторыю яго ўзнікнення.
А было гэта за польскімі панамі (1920-я ці 1930-я гады) і было так.
Жалі. Тыя, у каго было сваё, жалі сваё, а тыя, у каго свайго не было чаго жаць, наймаліся да тых, у каго было сваё. Кастусь Прэдкаў (Сяргееў Канстанцін Васільевіч, бацька бабы Гандзі Рыбаковай і бабы Ніны Прэдкавай) наняў нейкую Касю, ужо не магу сказаць, чыя яна была, ведаю толькі, што на той час была кабетай ужо ў гадах, свайго ці не мела чаго жаць, ці мела, ды мала, хутка зжаўшы, наймалася на “падпрацоўку” да больш заможных гаспадароў…
Адным словам, селі прама ў полі абедаць. Усе работнікі і наймічка, вядома ж, з усімі. Паставілі гаршчок з яешняй, усім па лыжцы ў руку ды чэрпаюць. Праўда, у другую руку кожны ўзяў яшчэ й па кавалку хлеба, а Кася – так. Яны пакуль з хлебам па лыжцы перажуюць, то яна без хлеба тры паспее зачэрпнуць, яны пакуль адну, яна – тры. Пераглядаюцца незадаволена. Урэшце, гаспадар не вытрымаў, кажа:
— Цётку, бярэця хлеб. Чаму Вы без хлеба ясце?..
Дык яна, доўга не думаючы, адказвае:
— Ой, дзякуй, Кастусько, яешня і без хлеба смачна.