Закатай губу, альбо адна судовая спрэчка стагадовай даўніны

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна ў фондзе № 74 захоўваюцца справы па спрэчках паміж сялянамі, што разглядаліся судамі напачатку XX ст. Такіх спрэчак было нямала, бо вынікалі яны, часцей за ўсё, з прыватнай уласнасці на зямлю, якая па тым часе была, як кажуць, асновай усіх асноў. Таму судзіліся брат з братам, сын з бацькам, дзядзька з пляменнікам і г.д. Кожны дбайны больш-меньш гаспадар жадаў захаваць сваю гаспадарку і прыўмножыць, таму змагаўся, як мог, за месца пад сонцам.

 

Захавалася і некалькі спраў па спрэчках кулянцаў. Дзве з іх датычаць майго прапрадзеда Мікалая Калача. Некалі ў дзяцінстве даводзілася чуць ад бабы Мані, ці бабы Клаўдзі, што судзіўся доўга іх дзед з Місурамі за нейкую там зямлю. Архіў кажа, што так яно і было (ф. 74, в. 3, с. 296). Судзіліся, ды пры тым і не адзін раз.

NIABGr_LA_74_3_296_019

 

Ражанскі валасны суд у складзе старшыні Жака і суддзяў Пухнарэвіча і Ярмушчыка 4 кастрычніка 1913 г. вынес рашэнне па грамадзянскай справе па іску селяніна вёскі Куляны Мікалая Калача да свайго аднавяскоўца Міхаіла Місуры аб 200 рублёх убытку за карыстанне пляцам. Як сведчыць з матэрыялаў справы, прапрадзед патлумачыў суду, што ў 1904 годзе адказчык па справе Міхаіл Місура захапіў яго пляц даўжынёй 27 сажняў і шырынёю 9 сажняў і карыстаўся гэтым пляцам да 1913 г., за карыстанне гэтым пляцам ніколі не плаціў. Таму прапрадзед прасіў спагнаць у яго карысць з адказчыка аж 200 рублёў! У доказ ён прадставіў рашэнне Слонімскага павятовага суда ад 14 лютага таго ж года, якім спрэчны пляц адбіраўся ў Місуры і перадаваўся Калачу.

Адказчык Міхаіл Місура патлумачыў суду, што плаціць убыткі ён ніяк не згодзен, бо Калач, бачыце, карыстаўся тым пляцам разам з ім, з адказчыкам, таму ў патрабаваннях трэба Калачу адмовіць.

Прымірэння паміж бакамі не адбылося.

Сведка з боку прапрадзеда Мікалай Пракаповіч патлумачыў суду, што сапраўды адказчык Міхаіл Місура карыстаўся тым злашчасным пляцам напрацягу 8 гадоў, з-за чаго прапрадзед панёс убыткаў па 25 рублёў у год. Паняты Міхаіл Храпавіцкі патлумачыў, што ён быў запрошаны сельскім старастам у якасці панятога і ўбыткі ён гэтаксама ацэньвае ў год па 25 рублёў.

Паняты Піліп Пятрэчка патлумачыў тое ж самае, што і Храпавіцкі.NIABGr_LA_74_3_296_003

А вось паняты сельскі стараста Іван Германовіч патлумачыў, што ён прысутнічаў пры панятых і «он признает, что ответчик Михаил Мисура никакого положительного убытка истцу не причинил, потому что стороны пользовались пляцем поочередно до суда…».

Паняты з боку адказчыка Іван Якута «пояснил, что по делу ничего не знает». Дый пайшлі вы ў с..ку! Найлепш.

А Лука Пракаповіч патлумачыў, што ён быў панятым па гэтай справе і на яго думку з гэтага пляца можна атрымаць у год найбольш па 3 рублі, але ніяк не 25.

І Ражанскі валасны суд, заслухаўшы ўсіх і ўзважыўшы ўсё, пастанавіў, што «находит иск истца подлежащим удовлетворению, но не в полном размере, а потому и руководствуясь 125, 135 и 136 ст. Общ. О Крест. Полож. определил: взыскать с ответчика Михаила Мисуры в пользу истца Николая Колача за пользование пляцем двадцать четыре рубля, а в остальном иске истцу отказать по необоснованности».NIABGr_LA_74_3_296_025

NIABGr_LA_74_3_296_025b

Неўтаймаваны мой прапрадзед падаў апеляцыйную скаргу ад 3 лістапада 1913 г. «Его Высокородию Земскому начальнику Слонимского уезда», але і там сказалі: закатай губу!

На тым, трэба так разумець, гэтая справа і скончылася. Але была яшчэ адна, з тымі ж самымі фігурантамі, аб ёй іншым разам.

 

Добавить комментарий