За што судзіліся кулянцы напачатку ХХ ст.

Як і абяцаў раней, прадстаўляю вашай увазе яшчэ некалькі судовых спраў па спрэчках кулянцаў, што мелі месца напачатку ХХ стагоддзя, а сёння захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (ф. 74).

 

Па адной з гэтых спраў (№ 296), як я ўжо анансаваў, мой прапрадзед Мікалай Калач зноў судзіцца з Місурамі. У апеляцыйнай скарзе ад 25 красавіка 1914 г., пададзенай ім «Его Высокородию Господину Земскому Начальнику 3 участка Слонимского уезда», ён заяўляе аб тым, што лічыць неправамоцным рашэнне Ражанскага валаснога суда ад 22.03.1914 № 285, якім былі зацверджаныя ў правах спадкаемцаў на маёмасць селяніна вёскі Куляны Івана Місуры, нядаўна памёршага, яго сыны Міхаіл і Фама Місуры. Падставай для адмены такога рашэння прапрадзед мой палічыў тое, што «покойным их отцом, а моим двоюродным братом Иваном Мисурей духовным завещанием завещено мне из его имущества 1/3 часть участка надельной земли и всей находящейся на таковой постройки».

Во як, аказваецца, з Місурамі мы былі некалі сваякамі!.. Хоць, у прынцыпе, нічога дзіўнага ў гэтым няма, выглядае ўсё цалкам лагічна, калі ўлічыць, што пляцы місурын і калачоў былі насупраць адзін аднаго, праз вуліцу (Валі Місурынае хаты ўжо няма, а бабы Клаўдзі нашае яшчэ ж стаіць). Некалі так давалі надзелы — па два бакі вуліцы, па адзін бок на сваім надзеле гаспадар ставіў хату, той пляц, што па другі боку вуліцы, выконваў некаторы час выключна земляробчую функцыю. Пасля жаніліся, дзяліліся, сын ставіў хату ўжо насупраць бацькавай, на пустым пляцы, пераходзіла гэта ўсё па спадчыне, і ўрэшце рэшт атрымлівалася праз некалькі пакаленняў, што насупраць жывуць ужо абсалютна чужыя людзі. Але калі капнуць на гадоў сто, то што датычыць сяла (Паплаўкі тады яшчэ не было), можна не сумнявацца, што насупраць вашай хаты стаіць хата вашых нейкіх далёкіх сваякоў. Гэтак, да прыкладу, я ўжо пісаў пра сваяцтва наша далёкае з Качанамі (Казаковымі). Заўсёды бабу Марусю нашу называлі Маруся Казакова, а мне ўсё дзіўна было, чаму — і Сцяпан Казакоў, сусед наш, і Маруся таксама Казакова. А ўсё проста: прозвішча адно — Качан, пляцы і хаты насупраць, праз вуліцу, значыць, гадоў сто таму былі блізкімі сваякамі.

Вернемся, аднак, да спраў судовых. Далей прапрадзед указвае на тое, што валасны суд ведаў пра такія абставіны, але нечаму не палічыў патрэбным выклікаць яго ў суд, дзе ён мог бы «предъявить свои права» на спадчыну Івана Місуры нароўных з яго сынамі.

NIABGr_LA_74_3_442_002

NIABGr_LA_74_3_442_002b

Як вынікае з матэрыялаў справы, апеляцыйная скарга аб адмене рашэння Ражанскага валаснога суда № 285 была задаволена, але чым там урэшце-рэшт скончылася ўсё, невядома.

Мне, як юрысту, цікавымі падаюцца многія дакументы таго часу, у прыватнасці, вось гэтая даверанасць, па якой у судзе ад імя Міхаіла Місуры дзейнічаў яго сын Ігнат:

NIABGr_LA_74_3_296_009

NIABGr_LA_74_3_296_009b

 

Ёсць там у архіве і яшчэ адна справа (№ 367), датычная Місураў, але на гэты раз, дзякаваць Богу, абышлося без Калачоў:

NIABGr_LA_74_3_367_015

NIABGr_LA_74_3_367_015b

NIABGr_LA_74_3_367_016

Добавить комментарий