Мруць кулянцы: няма ўжо ні Пісарчай, ні Валі Тапавае

Пайшлі адна за адною. Адну сёння пахавалі, другую заўтра будуць. Цётка Зося і пры жыцці была вёрткай, і памерці падстроілася так, што толькі ночку падзяжурыць ля брамы ды саступіць варту.

Успамінаецца часта, як я ў іх Новы год сустракаў, можа 1994 ці 1995-ты.

Прыехаў дадому. Маці кажа:

— Зося Пісарча з Боцманам запрашалі на Новы год, казалі: прыходзьця, Мяляхоўка са свамі Віцяю будзя, і вы з Сашаю прыходзьця. Та ці будзям самыя па сабе, ці пайдзем?

Кажу:

— Хадзем. Чаго адным сядзець? Новы год усё ж…

А ў нас можа яшчэ і тэлевізар тады не ішоў. Дый нек дружыла маці з Боцманамі: і з Антонавічам, і з Аляксееўнай, якая надта ж ужо старалася спрыяць ва ўсім, як бацькі не стала. А цётка Соня Меляхоўка — то сяброўка была з давён-даўна. Адным словам, сабраліся ўсе свае.

Такога вясёлага Новага году можа ў мяне і не было больш. Па-праўдзе! Як выпілі па чарцы, ды як сталі яны расказваць розныя гісторыі са свойго жыцця, та я там адно па падлозе ні качаўся.

Як бываю цяпер калі ў Пружанах ды прахожу па вуліцы Кастрычніцкай, ля будынка, у якім месціцца аптэка і банк, дык кожны раз успамінаю той Новы год і цётку Соню Меляхоўку. Расказвала тады:

— Паехала ў Пружану па некіх дзялах. Парабіла ўсё ды іду на аўтобусну. Пастой, думаю, мне ж трэба было марганцоўкі купіць. Захожу, лезу ў гэто акенцо, суну грошы і кажу: «Дайця мне марганцоўкі». А тая, што там сядзіць, кажа: «Жэншчына, вы ў банк зайшлі. Апцека радам»…

Цётка ж Зося расказвала, як замуж за Боцмана выйшла. Вярнуўся Антось з арміі — з Марфлота (за што і атрымаў мянушку такую на ўсё жыццё). Кажа:

— Чуй, прыйшоў ён да нас у Поланск на танцы. А ў гэтай сваёй матроскай форме — у фуражцы са стужкамі ззаду, у нагавіцах — ёш тваю клёш, значкі на грудзях блішчаць! Та тую бярэ танцаваць, та гэту. А я ўсё думаю: хай бы мяне ўзяў! Усё кручусё, каб папасці яму на вочы. Адно патом такі замеціў. Узяў. І як узяў, то і ўзяў! Чуй, але як пайшлі мы з ім танцаваць, да як закружыліся, та адно помню, як гэтыя яго стужкі марацкія па клубі лёталі: фырррррррр! фыррррррррр!..

Адным словам, закружыў Антось, зачараваў наіўную вясковую дзяўчынку ці то тымі стужкамі, што так фыркалі ў віхурах танца, ці блішчастымі значкамі на грудзёх. Але так закружыў, што ў хуткім часе мусіў жаніцца.

Тут падключаецца да размовы сам Антон Антонавіч, кажа:

— Саша, а куды было дзявацца? Маці ж мая (Сукня) была парцейная. Тут ужэ хочаш ці ні хочаш, але раз спорціў дзеўку, то мусіш браць. Іначай мацяру адчыталі б на парцейнум сабранні… Ай, собсцьвянно, пыль для марака…

З такой шчырасцю яны гэта ўсё расказвалі і з такім гумарам! Адным, словам, наеліся, напіліся, насмяяліся… І тэлевізар не трэба быў, бо за сталом сядзелі свае артысты, ды куды цікавейшыя за тэлевізійных.

Артысты!.. Я і праўда нечаму, успамінаючы кулянцаў, кожны раз думаю і кажу: якія людзі былі — артысты! Ці тую бабу Зосю Крамарку ўспомні, ці бабу Волю нашу Гімбараву… А Фіська! А Міша Панасік! А баба Маня Гарбачова! Маруська! Баба Клаўдзя наша! Ды ці ўспомніш і пералічыш тут усіх?!. Колькі ў гэтых людзях было артыстызму — прыроднага, непадробнага, найвышэйшага! Тэатральную трупу можна было набраць прама ў адной вёсцы… А музыкаў колькі было!..

Спачывайце са Святымі, і тыя, хто пайшоў ад нас даўно, і тыя, з кім развітваюцца кулянцы гэтымі днямі…

Добавить комментарий