Поланск на мапе другой паловы XVI ст.

У папярэднім матэрыяле мы ўжо згадвалі пра мапы, што змешчаныя ў Вялікім гістарычным атласе Беларусі, і адлюстраванне на іх нашай мясцовасці. Прыводзілі мапы, што падаюцца ў 2-м томе гэтага выдання (канец XVIII ст.) і 3-м томе (другая палова XIX ст.). Аднак прапусцілі першы том. 

А першы том Вялікага гістарычнага атласа Беларусі падае мапы беларускае зямлі другой паловы XVI ст. На старонцы 124 ёсць і нашыя мясціны:

Поланск

Кулян, як бачым, у паміне тады яшчэ не было, але быў Поланск. Ружовым колерам, паводле ўмоўных абазначэнняў, пазначаныя землі, што належалі дзяржаве (жоўтым — магнацкія землі, а зялёным — дробнашляхецкія).

Ну, і, зноў жа, калі ўжо вяртацца да пытання мяжы паміж Ваўкавыскім і Слонімскім паветамі, то, як бачым, ішла яна па Зяльвянцы аж за Шэйпічы. Поланск быў у складзе Ваўкавыскага павету. Аб гэтым кажа і геарграфічны указальнік, што змешчаны ў канцы Атласа. Яшчэ ён нам кажа, што ў дакументах Поланск узгадваецца ўпершыню ў 1550 годзе! Не хухры-мухры вам…

4 думак на “Поланск на мапе другой паловы XVI ст.

  1. Цікавыя Вы падымаеце пытанні, Аляксандр. Пра тое, што Поланску каля 500 год, я пісала ў адным са сваіх першых артыкулаў (http://kuliany.by/17-11-2014/#more-829). Калі Поланскі маёнтак і сапраўды належаў Завішы Чорнаму, то Завіша памёр у 1428 годзе. Па другое, Поланск згадваецца разам з Міжырычамі і Лыскавым у 1543 годзе, калі вёскі перайшлі да каралевы польскай і княгіні ВКЛ Боне Сфорцы. Але пытанне геаграфічнай прыналежнасці сапраўды важнае, бо я спачатку меркавала, што лёс Поланска звязаны з Ружанамі, але як бачна, гэта ня так, калі Ружаны і Поланск нават знаходзіліся ў розных паветах, і, магчыма, Сапегам Поланск ніколі не належаў. (Спадзяюся ў хуткім часе выправіць гэтую памылку ў артыкуле пра спадчыну Поланска).

    Цікава і тое, што ў другой палове 16 стагоддзя гэтыя землі належалі дзяржаве, як і палова зямель ВКЛ. Жыхары дзяржаўных земляў плацілі падаткі наўпрост у дзяржаўную казну. Ці значыць гэта, што ад каралевы Бона Сфорцы яны перайшлі дзяржаве ВКЛ? (Напрыклад, пад час прыняцца Статутаў ВКЛ у 1529, 1566, 1588 гг, калі мянялася тэрытарыяльна-адміністрацыйная структура). А як наконт маёнтка ў Поланску? Ці заставаўся ён у Завішаў да 19-га ст (ці не пра гэта сведчыць вопіс 1810-году? http://kuliany.by/kulyany-na-mape-1838-goda/#more-1385). Вядома, што дзяржава перадавала землі ў прыватнае валоданне, як узнагароду. Ці магло тое значыць, што землі зноў перайшлі Завішам паміж другой паловы 16 і 19 ст? Шмат пытанняў!


    1. Тое, што Поланск быў у 1810 г. у валоданні Завішаў, гэта дакладна, бо гэты дакумент (інвентар) я бачыў на свае вочы (праўда, адзняты на фотастужку, арыгіналы ў рукі не даюць, але ж гэта не мае значэння). І тое, што напрыканцы XVII ст. Поланск не належаў Сапегам — гэта таксама дакладна, бо, зноў жа, інвентар Сапегаўскі ад 1687 г. я пераглядзеў і пра гэта ўжо расказваў.
      Ну і ўсё-такі, па ўсіх мапах вынікае, што мяжа паміж Ваўкавыскім і Слонімскім паветамі да XIX ст. ішла па Зяльвянцы аж да Шэйпіч. А гэта значыць, што, сапраўды, да XIX ст. мы не былі прывязаны да Ражаны, у тым ліку, асмелюся выказаць яшчэ раз гэтае меркаванне, і да Ружанскага царкоўнага прыходу. Таму для мяне асабіста пакуль застаецца адкрытым цікавае пытанне: дзе тады хрысціліся нашыя продкі?
      Будзем спадзявацца, што і на гэтае, і на многія іншыя пытанні, у тым ліку і пастаўленыя Вамі, Воля, з цягам часу знойдзем адказы агульнымі намаганнямі.


    2. Магу дадаць: маёнтак Поланск належаў Завішам яшчэ нават у 1906 годзе. Бо сёння ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна адшукаў справу пад такім загалоўкам: «Дело Слонимской уездной комиссии по расширению крестьянского землеползования «О покупке земли крестьянами II-го Полонского товарищества в им. Полонск помещицы Завиша Марии» 3 мая 1906 г.» (ф. 87, в. 1, с. 89). Падрабязнасці гэтай справы, як і некаторых іншых спраў па зямельных пытаннях, падам пасля. Чакайце.
      Але што датычыць прыналежнасці палонскага маёнтка роду Завішаў, то, хутчэй за ўсё, ён ім належаў да Першай сусветнай вайны, а пасля, ужо як усталяваліся тут палякі з 1922 г., маёнтак перайшоў Рапацкім.


  2. Наконт валодання Поланска Сапегамі — так, дакладна валодалі. Пра гэта сведчыць » Тaryfa podatku podymnego pow. wołkowyskiego z r. 1690″. Так што, паважаная Вольга не спяшайся цалкам перапісваць артыкул 😉 Для мяне найбольш цікавы другі момант, менавіта, што Маентак Поланск налічваў ажно 106 дымаў (!!!). Уявіце сабе — Свіслач, якой валодаў падчашы ВКЛ Крышпін Кіршэнштэйн лічыла 116 дымаў, Лыскаўскія ўладанні Быхаўцаў — 100 (у тым сам Лыскаў 33 дыма), Зэльва тых жа Сапегаў — 90 дымаў. Зноў жа для параўнання — Міжэрычы, Славатычы і Падароск Караля Дольскага агулам налічвалі 147 дымаў. А Поланск — 106. Вось дзе галоўная загадка, якой трэба нам заняцца.


Добавить комментарий