Яшчэ раз да пытання адміністратыўна-тэрытарыяльнай прыналежнасці Кулян да XIXст.

Мы ўжо неяк ўздымалі пытанне аб тым, да якога павету належалі нашы Куляны ў часы Вялікага княства Літоўскага, да XIX ст. У пазнейшы перыяд, у часы Расійскай імперыі, Куляны ўжо ў межах Ражанскай воласці Слонімскага павету. Але што так было не заўсёды, мне стала зразумела, калі я не адшукаў ні Кулян, ні Поланска ў сапегаўскім інвентары канца XVI ст.

 

Аб тым, што 18-томная Беларуская энцыклапедыя падае супярэчлівыя мапы з межамі Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў XVI-XVII ст.ст., мы таксама згадвалі.

Але святло на гэтае пытанне нам можа праліць іншае дастаткова аўтарытэтнае выданне — Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Вось фрагмент мапы нашай мясцовасці менавіта ў XVII ст.ст. з гэтага атласу (т. 2, с. 98):

1_Histarychny_atlas

 

Як бачым, мяжа паміж Ваўкавыскім і Слонімскім паветамі ішла па Зяльвянцы да Паперні, а мы — у Межырэцкім старастве Ваўкавыскага павету. Ражана (Ружаны) — у Слонімскім павеце. Гэта значыць, што да ХІХ ст. з Ружанамі ў нашых продкаў асаблівых стасункаў не было, і мала верагодна, што належалі яны да ружанскага прыходу царкоўнага. Дарэчы, цікава, што ў Меляхавічах пазначана царква.

А ў трэцім томе Вялікага гістарычнага атласу Беларусі (с. 180) падаецца мапа XIX ст., калі мы ўжо былі ў складзе Слонімскага павету:

2_Histarychny_atlas

Цікава, што тут ужо, акрамя Кулян, ёсць Лозкі, хоць і пазначаныя яны нечаму як Лузкі. Як бачым, дарога з Поланска да Кулян не пазначаная, затое ёсць дарога прамая, «праз гару», як казалі яшчэ пры нашай памяці. Па сутнасці, гэтая дарога звязвала Ружаны з Манцякамі, таму можна меркаваць, што яна мела на той час немалое гаспадарчае значэнне.

Добавить комментарий