У адном баку сонцо ўсходзіць, а ў другом зайходзіць

 

У адном баку сонцо ўсходзіць, а ў другом зайходзіць,

Там жанаты да дзяўчыны штовечара ходзіць.

Як ён прыйшоў пад акенцо: “Здрастуй, дзеўчо сэрцо!”,

Яна яму адказала: “Забі жонку першу”.

 

Як ён прыйшоў дадоманьку, пачаў жонку біці,

Яго жонка маладая пачала прасіці:

 

—          Не бі, не бі, мой міленькі, да самое смерці –

Ёсць у мяне ойцец, маці, трэба наказаці.

 

—          Вы, суседзі, добры людзі, накажэце цешчы:

Няхай прыйдзе, адведае даччыное смерці.

 

Ішла маці дарожанькаю, глянула ў акенца –

Ляжыць дачка забітая, накрыта радзенцам.

 

Ўвайшла ў сені, ўвайшла ў хату, ўспляснула рукамі:

—          Дзяткі ж мае, міленькія, што й сталасё з вамі?

 

Вы, суседзі, добры людзі, дайця папу знаці,

Няхай прыйдзе маё дзіцё споведзь спавядаці.

 

Няхай прыйдзе маё дзіцё споведзь спавядаці,

Сажань дошкі, зямлі трошкі – дый будзе ляжаці.

 

А гэтага шэльму зяця ў ланцугі скаваці,

Ў ланцугі скаваці, на Сібір саслаці.

 

Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай  1910 г. н. ў вёсцы Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.

Добавить комментарий