Крамарка

Часам здзіўляе, як сучасная беларускамоўная грамада вышуквае арыгінальныя слоўцы, каб было па-беларуску. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў рэдкіх выпадках атрымліваецца даволі ўдала, але іншы раз — самае сапраўднае вычварэнства. І калі яшчэ такія эксперыменты ставяцца з неалагізмамі, то можна лёгка дараваць: мова — жывая з’ява, яна прыме тое, што ёй пасуе, што добра кладзецца на яе фанетычныя, арфаэпічныя нормы, а непатрэбнае ёй адкіне як чужароднае. Але калі беларускамоўныя «дзеці асфальту», з тых, што ўжо не мелі па вёсках бабуль, а з нацыянальнай літаратурнай класікай знаёмыя толькі на ўзроўні школьнай праграмы, пачынаюць «прыдумваць ровар», робіцца крыўдна за мову і за яе першастваральніка.

 

У мае прабабкі Аўдоцці (у замужжы Калач) была малодшая сястра Таклюся. Прабабка нарадзілася ў 1889 годзе (26 лютага па старым стылі), а Таклюся ў 1891 (28 верасня па старым стылі). Бацька іх быў Іван Пракаповіч з роду, які ў вёсцы называлі Чабанамі (апошняга Чабана з гэтага роду, які дабыў свой век у доме састарэлых, я яшчэ памятаю, трухлявыя сцены ад яго хаты і па сёння стаяць на ўзгорку каля Букіша). А маці – Соня – была з роду Пятрэчкаў, памерла ў 1896 годзе ад родаў. Іван праз год узяў Ганну Жур, і раслі дзяўчынкі пры мачасе.

Гуляліся неяк дзеці, прыдумвалі самі сабе нейкія забаўлянкі, а з імі і малая Тэкля. Нехта там адзін кажа:

— Я кавалём буду, прыводзьця да мяне коней каваць, нясеця сярпы гастрыць…

Другі кажа:

— А я млынар – вязеця да мяне збожжа малоць…

Нехта там сабе яшчэ нейкую выбраў “прафесію”. Таклюся ж кажа:

— А я буду крамарка! Ось, у мяне крама! Прыходзьця да мяне купляць усё, што трэба.

Ну, і пайшлі да яе “пакупнікі”:

— Крамарка, дай мне тоё!

— Крамарка, а мне прадай гэто!

Адно й гучала: крамарка ды крамарка.

Пазабаўляліся, а Таклюся так Крамаркаю і засталася на ўсё жыццё, і не адно сама збылася Крамаркаю, а яшчэ й перадала гэтую мянушку сваёй унучцы Зосі, у якое дабыла свой век, і якую яшчэ мы ўсе так і называлі – баба Зося Крамарка.

Ідзеш сёння па Мінску – “Магазін”, “Супер-маркет”, “Гіпер-маркет”… Аднойчы ўбачыў на нейкай каморачцы шыльду па-беларуску “Міні-маркет”. А божа! Здаецца, ну, калі вы стараецеся нават па-беларуску, то чаму вам не напісаць “Крамка”?..

Слова “крама” калісці патрапіла ў беларускую мову з польскай і стала тут сваім, вельмі добра дапасавалася да нашай мовы, бо адпавядае ўсім яе законам, куды больш, чым французскае “магазін” (адразу адчуваецца нешта чужароднае). Пра “маркет” казаць не даводзіцца – ад англіцызмаў сёння не ўцячэш.

Але ці варта забываць такое лёгкае для вымаўлення, простае і прыгожае беларускае слова – крама? І ці варта выдумваць, што там працуе прадаўшчыца, магазіншчыца, ці, апошнім часам яшчэ сталі вычварацца – прадавачка?

У краме працуе крамарка.

Як у шынку – шынкарка.

Наша маці шмат гадоў пошту насіла. Бывала, ідзеш са школы праз Поланск, бабулі сядзяць на лаўцы, каторая будзе пытацца:

— А чый ты будзяш, га?

— Паштаркін.

— Аааааа.

І ўжо за спіною пачуеш:

— Гэто, мусі, сярэдні…

Забываем тое, што даўно стварыў народ, вычвараемся, прыдумляем нешта сучаснае, але такое не беларускае…

Добавить комментарий