Вячэраў во, ды нешта збегла на памяць, як казала некалі адно кулянскае дзіця. А хто, я ўжо не ўспомню. Але што не з маіх равеснікаў, то напэўна. Бо чуў гэты выраз ад сваіх бацькоў часта з самага ранняга дзяцінства.
Неяк тое дзіця застала вячэру ў чужой хаце, можа ў сябра ці сяброўкі затрымалася. А ў чужых людзей, вядома, што ўсё смачнейшае, чым дома. Яно есць, ды кажа:
— А наша маці ніцёго ніўмея ваіць — та тацейка, та татаёны (нічога не ўмее варыць — та зацерка, та макароны).
А як падумаць, то ў кожнай хаце было прыблізна так — на вячэру калі не картопля, то або зацерка (у Кулянах не казалі ніколі «зацірка»), або макароны. Ну, калі зацерка прыядалася, то быў яшчэ варыянт — падкалотка. Гэта тая самая зацерка, толькі калі ў яе ўкрышыць картопліну. Але як надумае хто зварыць гэтую немудрагелістую страву, то майце на ўвазе, што перш трэба ў падсоленай вадзе добра прыварыць пакрышаную картопліну, а тады ўжо дабаўляць зацертую муку. Бо калі зробіце наадварот, то картопля не зварыцца.
Дарослыя часцей сабе заскварвалі «тацейку» ці «татаёны», або падкалотку. А дзецям найсмачней, мабыць, было забеленым. От ужо як карова запусціцца, то бяда — аўталаўка ж малака не прывязе пад хату, гэтак як сёння. Тады дзяцей выручаў цукар. Альбо заставалася рабіць па-даросламу — заскварваць.
Смачна было — ммм!
Пакуль пісаў, аж нешта захацелася тае падкалоткі. Трэба будзе як зрабіць…