Памерла баба Ядзя

Паведамілі, што памерла сёння баба Ядзя — Ядвіга Фамінічна Панасік (у дзявоцтве Місура). Наша кулянская даўгажыхарка — калі не памыляюся, то ўвесну адзначала б 95. Апошняя з маіх дарагіх паплавоўскіх бабулек, сябровак мае бабы Мані, сярод якіх прайшло маё дзяцінства.

Таму, хоць даўно ўжо мы і не бачыліся з бабай Ядзяй, але ўсе гэтыя гады праз яе ўсё ж адчувалася нейкая, падобная на танюсенькую нітачку, сувязь з тым далёкім-далёкім часам,  пра які ўжо ніхто не раскажа, і з тымі людзьмі, што даўно ўжо адышлі ад нас (нашае бабы Мані Калачыхі ўжо 25 гадоў, як няма). Пакуль была баба Ядзя, было адчуванне, што можна, як па мабільнай сувязі, звязацца з тым «даўнім дальнім недасягальным», пачуць яшчэ нешта адтуль… Ужо не…

Як была яшчэ ў Кулянах, калі ні прыеду і ў Паплаўку як адно прыйду — абдымаемся, цалуемся… І ў Ваўкавыску ў дзяцей жывучы, усё распытвала пра мяне, не забывалася. Пры аказіі мы абавязкова перадавалі адно аднаму прывітанні, як добрыя сябры. Бо так яно і было: узросшы сярод гэтых бабулек, я іншы раз адчуваю сябе іх равеснікам (дзіўна, праўда?), а яна, можа, бачыла ўва мне нейкі працяг свае сяброўкі — Мані Калачыхі. Псіхолаг, напэўна, даў бы гэтаму навукова абгрунтаванае тлумачэнне, гэтай нашай душэўнай сувязі, еднасці… Яны мне такімі дарагімі былі, усе гэтыя паплавоўскія бабулькі, а я — ім!..

Дарэчы, усе яны звярталіся да мае бабы Мані аднолькава — Манё! А вось баба Ядзя — заўсёды па-свойму: Манячко! У яе была менавіта такая манера звяртацца:

— Манячко, чуй, што я хачу ў цябе папытацца…

І далонькі яшчэ гэдык зложыць перад сабою…

…Іншы раз як пушчуся ва ўспаміны пра сваё дзяцінства, Паплаўку, бабулек нашых паплавоўскіх, і ўзгадваюцца кожны раз радкі Гётэ:

Даўняе дальняе

Сніцца і мроіцца,

Надасягальнае

Явай узновіцца…

І сам сабе кажу: эх, праўда, што недасягальнае — няма ўжо нічога з малюнкаў майго дзяцінства ў той Паплаўцы, і людзей ужо тых нікога няма… А пасля спахаплюся: як няма? А баба Ядзя! І кожны раз некая цеплыня прабяжыць па душы ад адчування той танюсенькай сувязі-нітачкі з «даўнім дальнім», нітачкі, праз якую яно, тое «даўняе дальняе»

Нас заахвочвае,

Творыць, жыве.

Вечна-Жаночае

Вечна заве!

…Божанька даў бабе Ядзі такое доўгае жыццё, хай жа дасць і вечны супакой у Сваім Валадарсве яе светлай душы!

 

 

Добавить комментарий