Салавейка малянькі,
Салавейка малянькі,
Твой галасок удалянькі.
Не садзіся на акне,
Не задавай жалю мне.
Не задавай жалю мне,
Бо я ў чужой старане.
Я без маткі, без атца,
Без сястронкі, без братца.
Адбілася ад роду,
Як белы камень у воду.
Пайду ў поле гукаці,
Сваю матку шукаці.
Знайшла ў полі былінку,
Свае маткі магілку.
Устань, матко, да мяне,
Устань, матко, да мяне –
Трудно жыці без цябе,
Навучы рабіць мяне.
Будуць людзі гаварыць,
Што не ўмею я рабіць.
Будуць людзі асуджаць,
Што не ўмею кросен ткаць.
Ой, не ўстану, не магу,
Шчасця-долі не ўдзялю –
Насыпалі зямліцы
На белыя ручыцы.
Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай 1910 г. н. ў вёсцы Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.