Ой, край гары крамяное

Ой, край гары крамяное галубкі лятаюць

Не зазнала раскошанькі – ўжо лета мінаюць.

Я ні ў лецях, я ні ў дзецях, я ні ў раскошаньцы,

Толькі мела хлапотанькі беднай галованьцы.

 

Запрагайце, хлопцы, коней – коні вараныя,

Даганяйце мае лета – лета маладыя.

 

Да й дагналі мае лета на каменным мосце:

— Вярніцеся ж, мае лета, хоць да мяне ў госці.

 

—  Хоць вернемся-не вернемся, былі ў цябе ў хаце,

Было замуж не спяшацца, мужа выбіраці.

 

— Выбірала, выбірала, якога хацела,

Цяпер мая галованька ніколі ня цэла.

 

Ой, панясу ліху долю на торг прадаваці:

Людзі зняюць ліху долю – ніхочуць купляці.

 

Ой, панясу ліху долю на рэчку тапіці,

Ці не будзе ліха доля мне што гаварыці?

 

— Хоць тапі, хоць не тапі – ды я не ўтаплюся,

Як ты прыйдзеш ваду браці, за шыю ўляплюся.

 

Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай  1910 г. н. ў вёсцы Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.

Добавить комментарий