Даўно збіраўся зрабіць такое даследаванне кулянскіх прозвішчаў, але ж усё часу не стае. Ну, і вядома, што ўсё самае важнае робіцца ў самы непадыходзячы для гэтага час. Адным словам, пакуль зробім у гэтым накірунку хоць першы крок. Сабраў я ўсе прозвішчы кулянцаў, што сустракаліся мне ў якіх дакументах старых, і што жылі ў Кулянах. Праўда, не чапаў ужо тых, каго нейкім незразумелым ветрам заносіла да нас на пару гадоў пры нашай памяці — хіба скажаш, што яны кулянцы? А свой спіс я рабіў і праўда па такім прынцыпе, што пра гэтых людзей маглі сказаць: о, глянь, куляняц! Вельмі прашу не крыўдаваць, калі забыўся каго. Падкажэце і адразу дабаўлю.
БАРАН — у некаторых метрычных кнігах у 19 ст. сустракаецца гэтае прозвішча, магчыма, што царкоўны пісар пераблытаў нешта і з Байкоў некага запісаў кулянцам, але цалкам магчыма, што жылі Бараны і ў Кулянах. Магло такое быць.
БАРТОШ — гэтаксама некалькі разоў сустракаецца прозвішча ў царкоўных кнігах і недзе аж да Першай сусветнай вайны, да бежанства.
ВАРАБЕЙ — адно з самых распаўсюджаных кулянскіх прозвішчаў, вядомае ад таго часу, як ёсць першыя пісьмовыя згадкі пра Куляны, у 19 ст. пісалася ў царкоўных кнігах і як АРАБЕЙ, і як ГАРАБЕЙ (у апошнім варыянце яшчэ па сёння старымі людзьмі часта так і вымаўляецца — Гарабей, Гараб’ёвыя);
БАСЬКО — прозвішча не кулянскае, завезенае да нас, і сям’я такая была, як я разумею, толькі адна з гэтым прозвішчам, але ж Вера Басько была ў Кулянах усё-такі старшынёй сельсавета у паваенныя гады.
ГАРБАЧ — гэтаксама адно з найбольш распаўсюджаных кулянскіх прозвішчаў, гэтаксама сустракаецца ў пісьмовых крыніцах пра Куляны з пачатку 19 ст., пазней палякі перарабілі на ГОРБАЧ, як і многія беларускія прозвішчы, адаптаваўшы пад сваю мову, у іх націск падае на першы склад, па гэтай прычыне Гарбачы сталі Горбачамі, Даўгачы Доўгачамі, Капачы Копачамі, Бакачы Бокачамі і г.д., ну а пазней, як рускія прыйшлі, гэтак і засталося, нашым продкам ужо самім здавалася, што гэтак харашэй, культурней.
ГЕРМАНОВІЧ — не надта распаўсюджанае прозвішча ў Кулянах, але былі ў нас Германовічы заўсёды. Ужо, здаецца, у саміх Кулянах не засталося нікога з гэтым прозвішчам.
ДУБРОЎСКІ — прозвішча “імпартнае”, не карэннае. Але ж ёсць.
ДЗЯМЕШКА — рэдкае было ў Кулянах прозвішча, вывелася, толькі па жаночай лініі засталося названне сям’і, як кажуць, па вулічнаму — Дзямешкавыя (мае бацькі хату ў іх купілі, от тут Дзямешкавыя і жылі).
ЖУР — зусім рэдкае прозвішча, існавала заўсёды ледзь не ў адзіным “экзэмпляры”, Журоў у Кулянах заўсёды было адзін – два, але былі ад самага пачатку і яшчэ ёсць.
КАДЭШКА — мы прывыклі больш да таго, што ў Поланску ці Ўласавічах людзі з такім прозвішчам жылі, але ў 19 ст. сустракаюцца ў метрычных кнігах і кулянцы з гэтым прозвішчам зрэдку.
КАЗАК — сустракаецца ў метрычных кнігах у 19 ст., і нават у рэвізская сказцы ад 1816 г., пазней звялося, гэтаксама, відаць толькі па жаночай лініі перадалося вулічнае названне роду — Казаковыя, нейкія мае далёкія продкі, бо нашу бабу Марусю Лазараву, як памятаем, часта звалі Маруся Казакова, а от маю бабу Нінку — яе родну сястру — не помню, каб гэтак звалі. Можа таму, што Нінка выйшла замуж, дый стала Гімбарава, а Маруся доўга сядзела ў дзеўках, таму і засталася Казаковаю.
КАЛАЧ — прозвішча прыйшло з Байкоў, як памёр бацька майго прапрадзеда Мікалая Калача, маці ягоная, аўдавеўшы, выйшла другі раз за Місуру ў Куляны, прыехала сюды з гэтым малым хлопчыкам Мікалаем, і так у Кулянах з’явіліся Калачы. Але не прыжыліся. У Мікалая было дзве ці тры дачкі і два сыны — Андрэй і Іван. У Івана, малодшага, былі адно дочкі (Волька, Соня, Надзя (памерла маленькая) і Жэня), сам загінуў у вайну (Другую сусветную), дый гэтак не перадалося па яго лініі прозвішча. А ў старэйшага, Андрэя, было дзве дачкі — мая баба Маня і Клаўдзя, і два сыны — Уладзімер і Аляксандр. Але Уладзімер памёр маленькім (казалі, што прыспала прабаба Аўдоця). А Аляксандр хоць сам загінуў на вайне апошняй, але паспеў даць працяг роду — у яго нарадзіўся сын Пеця, але як бацька не вярнуўся з вайны, пажылі яны тут у Кулянах нейкі час з маці сваёй, дый пасля ў Поланск яна перабралася, бо сама была адтуль. І не застлося ў Кулянах Калачоў. У Поланску ёсць, а у Кулянах звяліся.
КАЛЯДА — не магу знайсці, калі з’явілася ў Кулянах гэтае прозвішча, недзе напрыканцы 19 ст., як я разумею, ці на пачатку 20-га. Мая прабабка Акуліна (Лазарава жонка, бабы Нінкі маці) была ў дзявоцтве Каляда, яна і пахавана там каля свайго брата Каляды. Яны неяк з Волі пераскочылі ў Куляны, а от калі дакладна, я не знайшоў пакуль. Але Каляда прозвішча з Волі прыйшло да нас.
КАСЦЮК — сустракаецца ў метрычных кнігах у 19 ст. некалькі разоў, перш я быў падумаў гэтаксама, што можа што наблытаў царкоўны пісар, але не, і ў рэвізскай сказцы ад 1816 г. яно ёсць. Не ведаю, як звяліся Касцюкі. Можа падчас бежанства ў Першую сустветную вайну, як і многія, бо не засталося нават назвіска такога па-вулічнаму за кім.
КАЧАН — адно з даволі распаўсюджаных кулянскіх прозвішчаў, было ад першага божа, як той казаў, і да апошняга.
КОШКА — зноў жа, нам больш прывычна, што ва Ўласавічах людзі жылі з такім прозвішчам, але не, былі і ў Кулянах у 19 ст.
КУЛЕЎСКІ — прозвішча прыйшло ў Куляны перад самай вайной разам з прымаком з Блізное, адна сям’я была з такім прозвішчам.
КУНІЦА — распаўсюджанае ў Кулянах прозвішча, нямала было Куніцаў, недзе гэтаксама ад пачатку вядомае.
КУНЦЭВІЧ — зноў “імпартнае” прозвішча, калі не памыляюся, з Блізное прыйшло з прымаком, адна сям’я была з такім прозвішчам.
ЛЯВОНЧЫК — у метрычных кнігах 19 ст. Лявончыкаў было больш у Поланску, але неяк так пасля выйшла, што там не засталося, а толькі ў Кулянах.
МАЛАХВЕЙ — было такое прозвішча і ў Кулянах, і ў Поланску. У Поланску то яшчэ па-вулічнаму, помню, некага так называлі, не ведаю ўжо каго, а ў Кулянах то і знаку не засталося.
МАРАЗЕВІЧ — рэдкае прозвішча сярод Кулянцаў, звялося, хоць вядомае ў нашай вёсцы ад самага пачатку яшчэ па рэвізскай сказцы ад 1816 г. У 19 ст. і нават раней было распаўсюджана недзе там на Волі, ці ў Карасях, Малочках, недзе там, адным словам, помню, што сустракаў у старых дакументах, трэба шукаць, дзе. Маразевічы — мае продкі, ад іх была мая прабабка Ганна (Гімбарава), майго дзеда Антося маці. Па вучічнаму іх звалі Марозы. Былі Маразевічы – Марозы і ў Кулянах, і ў Поланску. Але звяліся і там, і там.
МІСУРА — гэтаксама рэдкае ў Кулянах, як і ўвогуле рэдкае, прозвішча, але вядомае ў нашай вёсцы ад самага пачатку, яшчэ з рэвізскай сказкі 1816 г. У некаторых дакументах пісалася МІСЮРА.
МУЛЯР — для Кулян рэдкае прозвішча, сустракаецца яшчэ ў рэвізскай сказцы 1816 г. У Поланску больш распаўсюджанае МУЛЯРЧЫК. Зрэшты, перад Першай сусветнай вайной і перад бежанствам і ў Кулянах былі Мулярчыкі.
РАМАНЧУК — былі ў Кулянах людзі з такім прозвішчам, сустракаюцца згадкі пра іх у метрычных кінгах 19 ст. Да нас дайшла толькі назва роду па-вулічнаму — Раманчуковыя, дарэчы, тыя самыя Лявончыкі, аб якіх ішла размова трохі вышэй. Напэўна нехта з палонскіх Лявончыкаў прыйшоў у Куляны ў прымы да Раманчучкі, так прынёс сюды прозвішча Лявончык, а пасля па мужчынскай лініі род звёўся, а па жаночай засталіся Раманчуковымі. Магло быць неяк і па-іншаму, прыкладаў такіх шмат, калі да сям’і прыставала вулічнае названне не па гаспадару, а па жаночай лініі. Гарбачовыя, напрыклад. Ніхто ж не казаў Надзя Цукрава ці Галя Цукрава — Надзя была ўсё жыццё Гарбачова і Галя была Гарбачова. Часцей, вядома, гэта адбывалася, калі прымак прыходзіў.
ПАЛУЯНЧЫК — былі Палуянчыкі ў Кулянах у 19 ст. і ў пачатку 20-га, да бежанства, а пасля ці не вярнуліся, ці можа нават і не даехалі ў тое бежанства — было і так, людзей шмат памарнавалася па дарозе туды.
ПАНАСІК — “імпарнае” прозвішча, завезенае ў Куляны недзе ці напрыканцы 19 ст., ці ў пачатку 20-га з памежнай Зэльвеншчыны ці Ваўкавышчыны, неде адтуль.
ПЕЧКА — зусім рэдкае ў Кулянах прозвішча, але вядомае даўно. Мала што пра яго ведаю, трэба будзе неяк пашукаць што. Калі не памыляюся, з Поланска прыйшло.
ПРАКАПОВІЧ — рэдкае, але вядомае адпачатку ў Кулянах прозвішча, пісалася ў некаторых дакументах яшчэ як ПРАКАПЕНЯ. Мая прабабка Аўдоцця была з Пракаповічаў, каторых Чабанамі яшчэ называлі па-вулічнаму.
ПРЭДКА — ну, гэта самае-самае распаўсюджанае ў Кулянах прозвішча, можа палова сяла былі Прэдкамі, напэўна, у кожнага з нас, калі капнуць на пару пакаленняў, то знойдуцца Прэдкі. Мая прабабка Ганна, бабуля маёй маці па бацькоўскай лініі была з Прэдкаў. От таму, дарэчы, іх і звалі Прэдкавыя (гэта таксама да размовы, што была вышэй), хоць прозвішча мелі Сяргей (размова будзе ніжэй). Прэдкі вядомыя ў Кулянах адпачатку.
ПЯТРЭЧКА — рэдкае ў Кулянах прозвішча, яле Пятрэчкі вядомыя ў нашым сяле здаўна гэтаксама.
РЫБІЙ — зноў рэдкае ў нашым сяле прозвішча, але ў 19 ст. было даволі распаўсюджаным у Заполлі. Відаць, што адтуль яно і прыйшло да нас, напэўна, з прымаком якім. Ну, у любым выпадку, Заполле, Поланск — гэта ўсё заўсёды было наша, гэта не “імпартнае”))
САПКО — нечаму ў Кулянах Сапкоў заўсёды было мала, адзін род, лічы, хоць і сустракаецца ў крыніцах гэтае прозвішча адносна Кулян яшчэ з 19 ст. А вось у Поланску Сапкі былі ў 19 ст. больш разгалінаваныя. Але так сталася з часам, што там вывеліся зусім, а ў нас засталіся.
СТАЎБУНІК — прозвішча ў “адзімным экзэмпляры” прыйшло ў Куляны з прымаком з Поланска, але і там яно не карэннае. Калі ўлічыць, што дзядзьку Івана Стаўбуніка звалі Балаховец, то і не выключана, што яго бацька можа і праўда з тых балахоўцах, што змагаліся ў 1920 г. ў арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а пасля таго, як войска перайшло мяжу на бок Польшчы і развалілася, папрыставалі гэтыя ваякі, хто дзе змог. От можа адзін з іх і ў Поланску так асеў.
СЯМАК — мы прывыклі, што прозвішча запольскае, але было яно і ў Кулянах здаўна, аднак у нас звялося.
СЯРГЕЙ — мае продкі па маці, маім сучаснікам прозвішча ўжо больш вядомае як СЯРГЕЕЎ (-ВА), але гэта ўжо пасля вайны яны сталі Сяргеевымі, а да вайны і нават у вайну усе пісаліся СЯРГЕЙ, а маці мая з 1947 г.н. ўжо ў метрыцы запісана як Сяргеева. Ну, адным словам, бальшавікі, як прыйшлі, русіфікавалі. Сяргеі ў Кулянах вядомыя ад самага пачатку, дарэчы, і ў Поланску таксама ў 19 ст. былі Сяргеі. Зразумела, што ўсё гэта былі сваякі, як і Гарбачы, Прэдкі і іншыя.
ТОМЧЫК — такое прозвішча ў Кулянах было, куды і як знікла — не ведаю.
ХРАПАВІЦКІ — прозвішча для Кулян і не рэдкае, і не частае, нешта сярэдняе. Здавён Храпавіцкія былі ў Кулянах, але ў 19 ст. больш іх было ва Ўласавічах, у мяне даўно такое меркаванне склалася, што адтуль яны ў Куляны прыйшлі. З Храпавіцкіх, дарэчы, была маці ужо згаданай вышэй мае прабабкі Акуліны Каляды (за мужам — Качан), Вольга Іванаўна .
ШАЛЫГАЙЛА — прозвішча не кулянскае, усе гэта ведаем, як і ведаем, што было гэтаксама у “адным экзэмпляры”, як і ведаем, што па трагічных абставінах не наканавана яму было ў Кулянах прыжыцца. Але было такое прозвішча ў нашым сяле, то чаму яго нам тут не успомніць.
ШЭЦЬКА — адно вялікае сямейства было Шэцькаў, прозвішча, калі нічога не блытаю, прыйшло з Блізное да нас.
ШЫМАНОВІЧ — гэтаксама прозвішча “у адным экзэмпляры”, як бы і карэннае, але нешта я не помню, каб яно дзе мелькала ў 19 ст., трэба будзе неяк пашукаць, калі яно з’явілася.
УЛАСКО — былі Уласкі ў Кулянах у 19 ст., напачатку 20-га, хоць зноў жа, нам прывычней, што Уласкі жывуць ва Уласавічах ці Поланску.
ЯКУТА — дастаткова распаўсюджанае ў Кулянах прозвішча, не рэдкае, вядомае адпачатку, яшчэ з рэвізскай сказкі 1816 г.
Яшчэ раз выбачаюся, калі забыўся каго. Калі падкажаце, буду ўдзячны.
Ну, і яшчэ хочацца сказаць, што, вядома, мы б ужо ўсе кулянцы перамяшаліся б, і усе ўжо былі б сваякамі, і па гэтай прычыне ўжо ўсе звяліся б даўно, калі б нашыя кулянскія хлопцы не бралі ў жонкі дзяўчат з суседніх і нават зусім не з суседніх вёсак, і такім чынам падмешвалі крыві пабочнай у наш кулянскі “кацёл”. Гэтак некалі Антон Акімавіч Прэдка (Хадачок) узяў з хутара Стругі (?) Сафію Раманаўну Харко. А Максім Іванавіч Варабей узяў аднекуль у жонкі Надзеі Іванаўну Сяляўку, якую ў Кулянах называлі Максімча, і якую мы ўсе яшчэ добра помнім. Уладзімір Мікалаевіч Храпавіцкі недзе з Бярэзніцы, ці з тых мясцін, прывёз у Куляны Вольгу Паўлаўну Сялюк, якую сталі называць у сяле Вадодчыха. Кіслы з бежанства прывёз Расейку. А ўжо што палонскіх, уласаўскіх, запольскіх, пічуцкіх дзяўчат кулянскія хлопцы часта бралі замуж, та й не кажы. Таму намешана ў нас усякай крыві і ўсякіх прозвішчаў. Можа як здасца час, зробім больш дакладнае даследаванне.
А сёння, раз ужо гэткая пошасць пайшла па свеце і нас не абмінула, што не можам мы нават сабрацца, як кожны год у гэтыя дні, каб наведаць магілы нашых продкаў, то памянем іх хоць так. Мы помнім усіх, з каго мы прараслі.
Дабаўлю і ад сябе.
Басько – Блізенскае прозвішча.
Прозвішча “Варабей” першапачаткова гучала і пісалася як “Арабей”, верагодна таму што носьбіт яе быў падобны на араба – смуглявы, чорны. Пазней трансфарміравалася (верагодна дзякуючы кулянскім дзецям — Арабей — Гарабей — Варабей) ў больш прывычную.
Палуянчыкі – наколькі вядома адзіная неправаслаўная (доўгі час) сям’я ў Кулянах, якая перайшла з уніятцтва ў 1839 годзе ў каталіцкую веру.
Стаўбунік – прозвішча характэрнае для Пічукоў і Авечыц, дзе вядома з 20-х гг. 19 ст.
Былі ў Кулянах і ТОМЧЫКІ і МАЛАХВЕІ.
Звярну ўвагу і яшчэ на такі цікавы момант як імёны кулянскія. Калі кулянскія прозвішча амаль «пастаянныя», то імёны з 18 і пачатку 19 ст. адрозніваюцца ад імёнаў 19 і 20 ст. Гэта імёны уніяцкага (каталіцкага) каляндара, як напрыклад жаночыя Агата, Апалонія, Вікторыя, Гелена, Дамініка, Дарота, Ева, Магдалена, Марыянна, Міхаліна, Юлія. Мужчынскія імёны — Адам, Базыль, Казімір, Клімент, Марцін, Юзаф, Стэфан, Філіп. Пазней папулярнымі сталі імёны праваслаўнага каляндара.
О, праўда, забыўся Томчыкаў і Малахвеяў — дзякуй! Былі такія, а я к жа. Нават, памятаю, старыя ўсё згадвалі нейкую Томчыху. Дабаўляю іх.
А імёны — гэта ўжо асобная тэма, я яе пакуль што наўмысна не чапаў. Калі ўжо зачапілі, то за уніяй пісалі імёны кулянцаў хоць і па-руску, але Янка, Сымон, Василь, Хведорь, Хведора, Катярина, Гарасим.