Кадук яго ведае…

Гэты выраз быў некалі даволі распаўсюджаным у нашых продкаў, напэўна і вы яго няраз чулі ад старых. Сёння яго рэдка пачуеш, бо выцеснена рускім брыдкаслоўем на “Х..”, якое без кроплі сораму ўжываецца што старымі, што малымі, дзе трэба, дзе не трэба.

А некалі  і кадук згадваць лішні раз было дурным тонам. Бо кадук – гэта нячысцік, які, лічылася, харчуецца немаўлятамі, і гэтым прыводзіць род да вымарачнасці. Цікава, што ў народзе сваё імя гэты нячысцік атрымаў ад лацінскай назвы хваробы, якая сёння вядомая больш пад назвай “эпілепсія”, – “cadukus” (падучы).  Хворыя на эпілепсію лічыліся апантанымі нячыстай сілай, што пранікла ў нутро чалавека, мучыла яго, выклікаючы спецыфічныя праявы, такія як страту прытомнасці, сутаргі, канвульсіі, скрыгат зубоў і да т.п.

Лічылася, што кадук адрозніваецца ад іншых дэманаў тым, што шкодзіць не ўсім, а толькі грэшным людзям, зусім не чапае жывел, акрамя коней, якія ў далёкіх паходах не вытрымлівалі часам сонечных удараў і падалі, здыхалі, а іх агонія нагадвала падучку.

Нейкага акрэсленага аблічча ў гэтай істоты не было, уяўлялі яго па-рознаму.

Дарэчы, паводле звычаёвага права Рэчы Паспалітай у сярэднявечча кароль забіраў да скарбу вымарачныя маёнткі “па праву кадука”. Паводле энцыклапедыі “Беларускі фальклор”[1] гэта сведчыць аб пашыранасці  ўяўленняў пра кадука ў старажытнасці ва ўсіх сацыяльных пластах грамадства, ў тым ліку і ў вышэйшых.

Быў і праклён такі: “А каб цябе кадук!”.  Праўда, усё ж з часам першапачатковы страшны сэнс Кадука страціўся, набыў характар лагоднага папроку кшталту “А няхай вас качкі”.

[1] Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1, с. 596.

Добавить комментарий