Што за мара?..

Так у нас заўсёды казалі пры сутыкненні з нечым незразумелым, альбо калі нешта ў працы не атрымлівалася, ня ладзілася штосці. Вось робіць нешта чалавек, і здаецца, што ўсё правільна робіць, а вынік раптам зусім не той, што чакаўся, альбо ніякага выніку. І чалавек, чухаючы патыліцу, недаўменна , а то і з горыччу ці злосцю, вымаўляе: ну, што за мара?!..

Гэты выраз роднасны выразу “што за халера?..”. Аднак, слова “халера” больш-меньш зразумелае кожнаму, у той час, як пра значэнне слова “Мара” наўрад ці хто задумваецца, хоць яшчэ даволі часта яго ўжываем. Усе мы ведаем, што на рускую мову беларускае слова “мара” будзе перакладацца як “мечта”, аднак кожнаму, мабыць, відавочна, што ў такім кантэксце размова ідзе зусім пра іншае.

Дык што ж гэта за мара такая?

Мара – гэта міфічная істота (дух ці прывід), адна з тых шматлікіх міфічных істот – розных вадзянікаў, лесавікоў і іншай нечысці – ў існаванне якіх верылі нашыя продкі.  Энцыклапедыя “Беларускі фальклор” кажа, што ў залежнасці ад мясцовасці воблік мары маляваўся па-рознаму, але звычайна яе ўяўлялі ў выглядзе жахлівай істоты на кароткіх нагах і абавязкова чорнай.[1]

Ці абавязкова, тут можна паспрачацца. Бо ўзгадайма верш Максіма Багдановіча “Зімой”, які ўсе мы вучылі яшчэ ў пачатковай школе:

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

I волен лёгкіх санак бег.

 

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць…

 

Дарэчы, не ведаю, як каму, а мне ў дзяцінстве было незразумела, у якім сэнсе ўжыта тут гэтае слова, нешта падказвала, што маецца на ўвазе зусім не “мечта”, але вось што, я не помню, каб нам тлумачылі.

Відавочна, што паэтычнае параўнанне тычылася менавіта міфічных істот – мар. Але заўважым, што ў Багдановіча мары не такія ўжо і страшныя на выгляд, калі ён параўноўвае з імі прыгожыя, абсыпаныя срэбным інеем бярозы, няхай сабе і ў вечаровых поцемках.

 

Энцыклапедычная ж крыніца кажа, што паводле павер’я нашых продкаў, Мара можа мяняць сваё аблічча, асабліва, калі яна паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы (вось вам ячэ адзін вядомы выраз – “прычапіўся (ўвязаўся), як мара”).

Лічылася, што Мара мучыць сонных, асабліва юнакоў і дзяўчат, садзіцца на грудзі ці горла ахвяры і пачынае душыць. А чапляецца яна пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном (зноў узгадваю з дзяцінства, як перад сном нам малым забаранялі дурэць, свавольнічаць – вось, аказваецца, чаму, каб мара ноччу не прыйшла!). Соннага пакутніка вёрткая мара хапае за руку, не даючы яму адагнаць сябе ці перахрысціцца. Калі чалавек прачынаецца, мара імгненна знікае, пакінуўшы ў яго знямелыя рукі і ногі і вялікі пот па ўсім целе.

Дарэчы, мара можа пераследаваць чалавека, які ўчыніў зладзейства, не дае яму нідзе і ніколі спакою аж да тае пары, пакуль той не прызнаецца ва ўсім здзейсненым.

Лічылася, што ад мары можа нацярпецца і свойская жывёла.

[1] Беларускі фальклор. Энцыклапедыя. Т. 2, с. 102.

Добавить комментарий