Цепі, Длейко…

Збегла на памяць яшчэ адна гісторыя, звязаная з маім прадзедам Андрэем Калачом. Гісторыя аж з ягонага дзяцінства, аж з пазамінулага стагоддзя. Баба Маня некалі пры нагодзе часта яе згадвала.

Была ў прадзеда Андрэя сястра меньшая Малаша. Тая, што ў Байкі выйшла замуж за Ігната Жака, дый потым разам з мужам загінула падчас карнай аперацыі, што праводзілі адносна жыхароў вёскі фашысты (957 чалавек агулам знішчылі).

А то былі яны яшчэ маленькімі, Малаша нават гаварыць добра не ўмела. Пасадзілі яе есці, налілі нейкай там зацеркі, яна і ўплётае. А Андрэй, старэйшы на чаты гады, сядзіць побач, толькі аблізваецца галодны. Урэшце не вытрымаў, кажа:

— Малашка, сястронко, дай мне зачэрпнуць з разок — гэдык смашно ясі.

Тая паглядзела воўкам, адно буркнула:

— Дам — хобу дам (значыць, хваробу дам)!

Андрэй і адсунуўся далей ад яе, знік, павесіў нос. А малая паглядзела на яго такога маркотнага, шкада, відаць, стала брата — памякчэла, падсоўвае міску і ўжо ласкава кажа:

— Цепі, Длейко, цепі (чэрпай, Андрэйко, чэрпай)!..

…Калі баба Маня прапаноўвала нешта есці, ўзгадваючы гэту гісторыю з дзяцінства свайго бацькі, казала «Цепі, Длейко, цепі!».

 

Добавить комментарий