Прадзедава загадка

Апавядалі старыя людзі, што прадзед мой Андрэй Калач, некалі задаваў кулянцам адну цікавую загадку. Я думаў, што ўжо напісаў даўно пра гэта тут на сайце, адно ж не знахожу. 

Дык вось, прадзедава загадка.

Прыйшлі дзве жанчыны летнім ранкам да калодзезя па ваду.

У адной вёдры чыстыя, але ногі брудныя. А ў другой наадварот — вёдры запэцканыя, але ногі чыстыя.

Пытанне: каторая з іх лепшая гаспадыня?

Людзі і так, і гэтак меркавалі і ўрэшце прыходзілі да высновы, што лепшая тая, у якой вёдры чыстыя, бо чысціня вёдраў як бы важнейшая за чысціню ног.

А прадзед ды будзе адказваць:

— Вёдры і нехта іншы ў хаце мог памыць (маці, свякроў, мужык), а вось ногі ёй ніхто не памые, калі не сама.

То лепшая ўсё-ткі тая, у якой ногі былі чыстыя.

…Расказвалі, што прадзед мой Андрэй Калач быў мудрым, разважлівым чалавекам.

 

Андрэй Мікалаевіч Калач (1890 — 1965 (?)). Фота зробленае падчас нямецкай акупацыі для пашпарту.

 

Добавить комментарий