Калачы

Сям-там я закранаў ужо гісторыю роду кулянскіх Калачоў — як і адкуль яны з’явіліся ў Кулянах, куды і чаму зніклі. Паспрабую гэта зрабіць больш сістэматызавана.

Калачы жылі ў Байках. Была раней нават недзе там і вёска Калачы, як я разумею, яна злілася пасля з Байкамі, у метрычных кнігах XIX стагоддзя яшчэ сустракаецца. Адным словам, тыя мясціны прарадзіма Калачоў.

Мой прапрадзед Мікалай Мікалаевіч Калач (18.04.1865 – 25.03.1935) нарадзіўся ў Байках. Але бацька яго рана памёр і маці выйшла другі раз замуж у Куляны за Місуру, так і прывезла з сабой сюды свайго хлопчыка з прозвішчам Калач.

Мікалай у Кулянах ажаніўся з Маланняй Іванаўнай Качан (28.2.1866 – 13.05.1932). Нарадзілі яны аж дзевяцёра дзяцей, але да сталага веку дажылі далёка не ўсе:

1) Павел (26.07.1887 — 02.09.1892);

2) Марыя (20.03.1889 — 01.07.1889);

3) Андрэй, мой прадзед, нарадзіўся 05.06.1890, а памёр, калі не памыляюся, у 1965 г.;

4) Малання, ці, як яе называлі ў сям’і, Малаша (04.05.1894 — 22.01.1944). Выйшла замуж за Ігната Жака ў Байкі, дый там разам з мужам загінула падчас карнай аперацыі, што праводзілі адносна жыхароў вёскі фашысты, пахавана ў той вялікай брацкай магіле. Баба Маня мая не раз расказвала, што загубіла яе цётку нейкая рэч з вопраткі, як таго Тараса Бульбу люлька — яна ўжо вырвалася з акружанай немцамі вёскі, ужо, лічы, уцякла, але ўспомніла пра тую забытую вопратку і вырашыла вярнуцца па яе (казала баба Маня, што там за вопратка была, але я ўжо забыўся). Вярнулася дый патрапіла ў лапы карнікаў. Сын толькі іхні Мікалай Жак уратаваўся, жыў у Ружанах пасля, а яго дачка Люда яшчэ ў гады нашага дзяцінства працавала ў кнігарні ружанскай, была замужам за ваенным;

5) Ганна (у сям’і называлі Нюрка, Нюша), нарадзілася 24.08.1896, выйшла замуж у Разанскай губерні, дзе сям’я была ў бежанстве, за мясцовага, дый там і засталася. Прыязджалі дочкі пасля вайны ўжо сюды ў Куляны да сваякоў, а сама Нюрка ліставалася з братам Андрэем, недзе ёсць тыя лісты, чытаў я іх, трэба пашукаць. А калі ўжо памерла тая Нюрка, не ведаю;

6) Дар’я — нарадзілася 07.03.1903, а куды падзелася, што з ёй сталася, не ведаю;

7) Мікалай — нарадзіўся 24.11.1904, гэтаксамаа не ведаю, што з ім сталася, напэўна памёр маленькім.

8) Іван — бацька цёткі Волькі Хадачковае, цёткі Соні Букішавае і цёткі Жэні Цукравае — нарадзіўся 24.06.1906, загінуў пад час вайны апошняй, не ведаю дакладную дату;

9) Настасся (04.01.1909 — 28.07.1909).

То от, як бачым, адныя памерлі яшчэ маленькімі, дзяўчаты выйшлі замуж дый пабралі мужавы прозвішчы, а ў Івана адно дочкі былі (была яшчэ чацвёртая — Надзя, памерла маленькай).

І толькі ў прадзеда майго Андрэя, акром дачок — нашае бабы Мані (04.08.1910 — 03.12.1992) і Клаўдзі (20.03.1920 — 24.04.2004), нарадзіліся два хлопцы — Уладзімір і Аляксандр. Але першы гэтаксама маленькім памёр (казалі, што прыспала баба Аўдоцця).

А Аляксандр ажаніцца паспеў у вайну (23.06.1942) з паланчачкай Маняй Мулярчык (Пісарчай), і хлопчыка паспелі нарадзіць — Пецю, які і стаў адзіным прадаўжальнікам роду кулянскіх Калачоў. Але пасля таго, як Аляксандр загінуў на вайне, Маня з сынам праз некаторы час перабралася з Кулян да сваіх у Поланск.

Ды так у Кулянах звяліся Калачы. Прадзед Андрэй Калач памёр, пасля яго жонка Аўдоцця. У 1998 г. ужо ў даволі старым веку памерла баба Фядора — жонка Івана Калача, што загінуў у вайну. І апошняй жыхаркай Кулян з прозвішчам Калач была наша баба Клаўдзя (сястра бабы Мані), бо засталася старою дзеваю ды з дзявоцкім прозвішчам.

Дарэчы, а баба Маня ўсё жыццё пражыла Калачыхай. Выйшла замуж за Кольку Прэдкавага (так іх па-вулічнаму звалі — Прэдкавыя), то мусіла стаць Маняй Прэдкавай. Але другая Маня — Гімбарава — выйшла замуж за Колькінага брата Мішку. Дзве Мані Прэдкавых — гэта ж нязручна, блытаніна, пазнай, пра каторую гавораць. Таму было знойдзена простае выйсце — наклалі мянушкі па бацьках: адна Маня стала Калачыхай, а другая — Гімбарыхай. Так і пражылі ятроўкі адна насупраць другой — Маня Калачыха і Маня Гімбарыха. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

Добавить комментарий