Эх, Пашка, Пашка…

У часы дзяцінства нашых бацькоў, мо ў 40-х, а мо ў 50-х гадах ужо мінулага стагоддзя, экзамены школьнікам трэба было здаваць па заканчэнні кожнага класа. Здаў экзамены — перавядуць у наступны клас, не здаў — будзеш сядзець яшчэ год.

 

Прыйшоў Пашка Казакоў (Качан) са школы ў апошні дзень вучэбнага года, а бацька, Сцяпан, дый пытаецца:

— Ну, што, Пашка, здаў акзамены?

Кажа:

— Здаў!

Ну, дый добра, бацька і рады. А Пашка закінуў торбу з тымі сшыткамі за печ на цэлае лета.

Але тое лета, як і ўсе леты, праляцела ў момант вока — зноў восень, зноў дзеткі ў школку, як той казаў. Ходзіць Пашка ў школу дый ходзіць, нікому нічога ні ў галаве. Пакуль неяк бацьку не патрапіліся на вочы Пашкіны сшыткі, чытае на адным «…вучня 6-га класа Качана Паўла»… Хм… Бярэ другі сшытак — «…вучня 6-га класа Качана Паўла». Трэці, чацверты — тое ж самае, дзённік — «…вучня 6-га класа Качана Паўла».

Пачухаў патыліцу, кажа:

— Эх, Пашка, Пашка — акзамены здаў і зноў у шосты клас ходзіш…

 

Сам Сцяпан, казалі, гэтаксама быў чалавек фокусны. Радыё грала, песеньку там спявалі вядомую савецкую:

 

Пусть всегда будет солнце!

Пусть всегда будет небо!

Пусть всегда будет мама!

Пусть всегда буду я!

 

Дык Сцяпан той як трэсне кулаком па радзіві:

— А папа дзе, ё.. вашу маць?!.

 

 

Качанова_хата

Хата Сцяпана Качана

 

P.S.: Нейкімі, дарэчы, сваякамі мы былі, хутчэй за ўсё: прозвішча майго прадзеда Аляксея (Лазара) гэтаксама Качан, і хаты стаялі іхнія адна насупраць другой (некалі ж насупраць кожнай хаты пляц быў абавязкова, а як жаніліся, раздзяляліся — забудоўвалі), ды і бабу Марусю ж нашу заўсёды называлі Маруся Казакова. Напэўна, можа прадзед з Сцяпанам былі якімі дваюраднымі…

Добавить комментарий