Гэтая анекдатычная гісторыя, цалкам вартая сюжэта камедыйнага фільма, адбылася гадоў можа з дзесяць таму, калі не больш. Але гэта было, ужо як Бальшавік Міша прыбіўся ў прымы да Ліды Хітравае. А тае Ліды ўжо другі год няма на свеце, а Мішы то мо гадоў з пяць — сем няма. І яшчэ адзін галоўны герой гэтае гісторыі — Іван Стаўбунік — гэтаксама спачывае ўжо не першы год… То от і лічэця самыя, калі яно магло быць…
Але было так. Збегліся неяк раніцай Бальшавік са Стаўбунікам, каб «саабразіць» на дваіх. Яны ў гэтым плане былі такія хлопцы, што класічная схема «на траіх» ім не падыходзіла — не любілі хлопцы класіку. Хоць па праўдзе сказаць, незразумела, навошта там быў і другі, бо спонсарам мерапрыемсва выступаў Стаўбунік — мо пенсію ўчора атрымаў, а мо дзе цішком выцягнуў у Валюхі. А ў Бальшавіка адкуль тыя грошы? Да таго ж, як паказаў далейшы ход падзей, Міша нават у гэтай нескладанай схеме аказаўся слабым звяном, ненадзейным элементам са зніжаным пачуццём калектывізму. Але аб усім па парадку.
Дык от, выцягнуў Стаўбун дзясятку з кішэні (тады дзесяць тысяч яшчэ былі грошы!) ды дае Бальшавіку:
— На, Міша — знайдзі!
Той Міша за дзясятку ды пайшоў шукаць (хаця што там было шукаць — усе ведалі, хто прадае). Але як пайшоў, то й пайшоў. Стаўбунік цэлы дзень кругі нарэзвае, сцежку на асфальце пратаптаў ад свае хаты да хітравае — няма Бальшавіка, прапаў, як кампора.
Урэшце падвечар такі запеленгаваў «пасланца», бяжыць да яго, яшчэ здалёку ва ўласцівай яму манеры перасыпаючы сваё лапатанне адборнымі мацюкамі:
— Дзе ты цёгаесся, ё.. т. м.?
Бачыць, а той і лыка не вяжа, ледзь на нагах стаіць.
— Ах, іці тваю!.. У мяне тут цэлы дзень буксы гараць, а ён бачыш што! Андавай назад грошы!
Той Бальшавік пакалупаўся па кішэнях, шукаў-шукаў, як у полі ветру, пасля выцягнуў аднекуль паперку пяцідзесяцірублёвую і працягвае. Стаўбун спачатку схапіў, не пазнаўшы, бо і дзесяць тысяч, што раніцай даваў, чырвоненькія, і пяцьдзесят рублёў чырвоненькія, а пасля, як разгледзіць:
— Што ты мне суняш?!. Я табе даваў дзесяць тысяч, а ты што мне суняш?!.
І тут Бальшавік выдае проста выдатнейшую фразу, якой маглі б пазайздросціць усе райкіны і петрасяны разам узятыя:
— А што ты хочаш — ты мне даваў у сем часоў ранку, а цяпер сем вечара…