У нашай сям’і як дзеці, так і дарослыя называлі яго дзед Пан. Не казалі: «Схадзі да дзеда Колі», ці «Дзед Коля прыйшоў». Тым больш не ўжывалася ні пры якай нагодзе ягонае прозвішча Якута, як, да прыкладу, іншых суседзяў: Жур ці Сінкавец — гэтых усё жыццё толькі па прозвішчы і называлі. А ён — проста дзед Пан. Мянушка гэтая, Пан, калі я не памыляюся, засталася яму яшчэ ад бацькі.
Блізкае суседзтва з намі і сваяцтва па жонцы прадвызначылі, што дзед Пан быў для нашай сям’і сваім. А жонку ён пахаваў рана (здаецца, ў той год, як я нарадзіўся). Дзеці раз’ехаліся: дачка — ў Брэсце, адзін сын — у Мурманску, другі — ва Украіне. То вядома, што і яму было добра да нас, як кажуць, прыперціся. Хутчэй у плане маральным, каб не адчуваць адзіноту, бо фізічна дзед Пан тады быў яшчэ моцны, сам дапамагаў усім, а не каб яму. А быў майстрам, рукі былі здольныя, то бывала з бацькам нешта разам робяць, пасля выпіваюць ужо… Бульбу сваю летам нам аддаваў заўсёды, у яго ж гаспадаркі ніякай, пасадзіў соткі, дый колькі там самому трэба — кошык які, а ў нас свая заканчвалася можа дзе напачатку лета, а пасля ўжо ішлі перабіраць то да бабы Мані, то да бабы Клаўдзі, то да дзеда Пана. Адным словам, як кажуць, зналіся, сябравалі, значыць.
Адзін час прыжаніўся дзед Пан у Ружанах, але працягнуўся гэты саюз нейкія гадоў з пару. Да бабы Клаўдзі нашае, ведаю, усё клін падбіваў, як дзед Ёзік (Чомба) памёр. Та ёй плот падгародзіць, та яшчэ што падмайструе, пакуль, урэшце, не адважыўся пасля нейкай там чаркі прапанаваць руку і сэрца адкрытым тэкстам. Але тая адразу адкінула такую прапанову, нечаму дзед Пан быў ёй не па душы, а пасля, ўспамінаючы, рысу пад гэтай гісторыяй кожны раз падводзіла адной і той жа фразай::
— Кавалер! Прыйшоў сватацца, а вата з вушэй стрычыць — цьфу!..
Адным словам, збракавала. Відаць, адчувала, што яшчэ чакае яе наперадзе бурны раман з арэхава-зуеўскім зэкам Сашкам Марозавым, на сорак гадоў маладзейшым. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Зімовымі вечарамі дзед Пан ішоў да нас на «цілівізар» — мо свой сапсаваўся, а мо аднаму было нецікава глядзець. Прыйдзе, сядзе за сталом, на якім мы звычайна ўрокі рабілі (перад тым, вядома), абапрэцца, глядзіць-глядзіць, пасля драмаць стане, пасля й добра засне, злёгшы на той стол, адно пахрапвае. Пераглядаемся, пасміхваемся, але не да дзеда Пана — кіно ж ідзе! Хай адно будзеш хіхікаць там ці што, перашкаджаць, адным словам, — могуць адправіць у іншы пакой, і хіхікай там сабе адзін, колькі хочаш. Яшчэ і па сраццы атрымаеш, тады будзе не да хі-хі.
Як пачнецца якая страляніна ў кіне, ці музыка гучная зайграе, ці яшчэ што, то дзед Пан нібы прачнецца, паспрабуе нават падняць галаву, намагаецца ўнікнуць у сэнс таго, што адбываецца на экране, але, відаць, ува сне ішло цікавейшае кіно, і ён вяртаецца туды, вочы паціху заплюшчваюцца, як пад гіпнозам, галава марудна апускаецца… І гэтак дзяўбе носам цэлы вечар.
Кіно скончылася. Пайшло шурпаценне, паўставалі, хто куды, гаварыць сталі гучней. Дзед Пан пад гэты шум адразу ж падхопіцца, працірае кулаком вочы і абавязкова кожны раз скажа:
— Ааа, халера, хароооша карціна!..
Бацькі хаваюць усмешкі, а мы то маглі і захіхікаць…
Хату сваю дзед Пан пасля прадаў, яе разабралі і перавезлі ў Ружаны, а на тым месцы, дзе яна стаяла, бур’ян, як і на месцы многіх іншых хат. Сам на старасць гадоў паехаў да сына Івана ва Украіну (Херсонская вобласць, калі не памыляюся), там і памёр, там і пахаваны. Неяк, праўда, прыязджаў адзін раз у годзе 1992 ці 1993-м… Гэта быў апошні раз, калі я яго бачыў.
Сяды-тады мы ўзгадваем дзеда Пана, калі хто засне за тэлевізарам, то абавязкова яму скажуць: «Ну, як, хароша карціна?»..