Грыша Прэдкаў памёр

Учора, 14 кастрычніка, яшчэ адным кулянцам на Зямлі стала меньш — памёр Грыша Прэдкаў (Рыгор Андрэевіч Прэдка). Адбылося тое ўжо вечарам, то стала вядомай у Кулянах гэтая сумная навіна адно сёння раніцай.

У мінулы Новы год, 1 студзеня яму споўнілася 65, быў з 1949-га. Як і ўсе апошнія гады па выхадзе на пенсію, з вясны па восень жыў у Кулянах, па грыбы ўсё хадзіў, забралі ў Мінск недзе з тыдзень таму. А заўтра прыедзе на сваю малую радзіму ўжо назаўсёды.

Андрэевіч быў сапраўдным кулянцам, не хочацца гучных слоў ужываць, але патрыётам быў свае вёскі. Любіў Куляны. Любіў людзей. Нават пагаворку такую меў:

— Я люблю вас усіх, асобянно кулянцаў!

Некалі, як я ў іх жыў у Мінску, калі на сесіі свае прыязджаў, часта так казаў. Бывала, цётка Аня кажа:

— Адчапіся ад Сашы, дай яму спакойна паесці! Чалавек адно парог пераступіў…

А ён будзе сядзець і прыгаворваць:

— Я люблю вас усіх, асобянно кулянцаў!..

Апошні раз мы так добра паразмаўлялі нек аж пазамінулым летам, мінулым не атрымалася. Я ехаў на ровары, а я ны сядзелі на надворку з Андрэем Гарбачовым (таксама ўжо няма).

— Та хіба ты, — кажа, — не зайдзеш?..

Зайшоў. Чарку Андрэевіч наліў. Правёў па хаце, паказвае на партрэты, фотаздымкі ў рамках:

— Во, бачыш, я са свамі ўсімі тут. Нашто мне той Мінск? Сядзі там, яш шпак, у той кватэры…

Пасядзелі тады з ім, паўспаміналі, пакапаліся ў сваёй радаслоўнай, вылічылі, што мы — чатырохюрадныя браты: мой дзед Колька Сяргееў з ягоным дзедам Кастусём Сяргеевым былі дваюраднымі братамі, а прадзеды нашыя Рыгор і Васіль — роднымі. А ўжо як звалі нашага агульнага прапрадзеда, мы не дакапаліся, ніхто ўжо гэтага не скажа, апроч хіба архіваў.

Хацелася мне яшчэ не раз з Андрэевічам пагутарыць, планаваў так я сам сабе, як і заўсёды мы думаем, гэтак і я думаў, што яшчэ будзе час. Не будзе…

Шчыры быў чалавек, людcкі.

Хай кулянская зямелька будзе яму пухам.

Добавить комментарий