Да нас далучаецца Поланск. Піша Воля Рошчанка:
Паколькі час рухаецца толькі наперад, мяне заўсёды цікавілі самыя раннія ўспаміны пра свой род. І мне пашчасціла застаць сваіх прадзедаў, дзеда Міхася і бабулю Аксеню Прэдка. Яны жылі ў Поланску, па дарозе, што вядзе да Кулян. А мая бабуля, Маня, і дзед Коля — у хаце насупраць школы.
Дзед Міхась быў з 1903 году, як і баба Аксеня. Я памятаю, казалі, што дзед вырабляў цэбры для захоўвання харчоў ці чаго яшчэ, і за гэта яго празвалі Цэбрыкам. Толькі ён ня надта любіў гэтую мянушку, і таму пра гэта пры ім не згадвалі. Вядома, што да Саветаў дзед і баба мелі зямлю, на якой быў нават лес, і мая бабуля, баба Маня, узгадвала, што ў дзяцінстве прыходзілася шмат працаваць. Паміж 1919 і вераснем 1939 гг. нашыя мясціны ўваходзілі ў склад Польскай рэспублікі. Дзед служыў у польскай арміі і меў права галасаваць на выбарах у мясцовы сейм.
Захавалася ў мяне фатаграфія дзеда Міхася, бабы Аксені, іх дачок Лізы і Мані з таго часу.
Як відаць па адвароце, здымак быў зроблены 27 ліпеня 1936 году фатографам у Ружане.
Яшчэ я ведаю, што ў дзеда Міхася быў брат Ян, ці Іван. У 1927 годзе ён ад`ехаў у Амстэрдам, а пасля ў Аргентыну. Апавядалі, як дзед прадаваў карову, каб дапамагчы брату назбіраць на білет. Ян дабраўся да Аргентыны і пайшоў здабываць соль на шахтах Аргентыны. Ён пісаў недзе да 1954 году, але лісты ў Савецкі час рэдка прыходзілі, таму перапіска абарвалася.
У сучасны час інтэрнэт дазваляе шмат чаго даведацца. На старонцы Цэнтра вывучэння эміргацыі Лацінскай Амерыкі (CentrodeEstudiosMigratoriosLatinoamericanos) можна знайсці больш звестак пра знаёмых ці сваякоў. Калі ўвесці прозвішча Прэдка на вэб-старонцы, то можна пабачыць, што Прэдка Ян у 20 год, з Поланска (памылкова запісана Potonsk, магчыма ад Połonsk на польскай) прыехаў у Аргентыну 12 лютага 1927 году на караблі Gelriaпраз Амстэрдам. Дакуманты выданыя былі польскімі ўладамі, таму запісана, што Ян быў палякам.
Цікава тое, што ў 1920-я гады Прэдкі павыяджалі па аднаму з Поланска, Кулян і Заполля (магчыма, што спадар Прэдка Мікалай з месца Potoniuk быў таксама з Поланска, але запіс быў зроблены з памылкай). Выглядае, што эміграцыя была вельмі распаўсюджанай з’явай у 20-я гады ў нашых мясцінах. Дык вось, напэўна, у кожнага з нас ёсць сваякі недзе ў Аргентыне.
Лёс Прэдка Яна невядомы. А вось дзед Міхась і баба Аксеня дажылі да 90-х гадоў, пражыўшы дзве сусветныя вайны, прыход Саветаў, сталінскія часы і распад саюза. Яны пажылі прынамсі ў чатырох краінах, не выяджаючы з Поланску, мяняючы сацыяльны стан ад землеўладальнікаў да працоўных калгаса і пенсіянераў. Але ж пенсія дзеда Міхася была настолькі маленькая, што яе ледзьве хапала на самы танны хлеб. Дапамагалі выжыць як раз тыя цэбры, якія дзед умела вырабляў сваімі рукамі. Становіцца зразумела, што, перажыўшы столькі за сваё жыцце, дзед і баба маглі разлічваць толькі на свае ўласныя рукі.
Вашу бабулю і дзеда Колю, што быў брыгадзірам, добра, вядома, помню! А вот прадзеда з прабабкаю нешта ніяк не магу ўспомніць, колькі ні намагаюся, ні дзе жылі (хату), ні як выглядалі. Здаецца, столькі гадоў адхадзіўшы пешшу са школы (бо ў школу, то часцей — аўтобусам), павінен быў бы ведаць усіх палонскіх людзей. А от забываецца з часам… На тое і гэты сайт, каб захаваць памяць, каб помнілі. Дзякуй, Воля!