Кажам цяпер са скрухаю, што яшчэ праз колькі гадоў Куляны будуць зусім пустыя, чалавека не ўбачыш на вуліцы, страшна нават уявіць. А між іншым, такое ўжо было – 100 гадоў таму нашыя продкі вымушаныя былі ўсё пакінуць і выехаць у розныя куткі Расеі, а вёска стаяла гадоў з 6 ці 7 пустая-пусцюткая.
Гэта была яшчэ адна, чарговая, трагедыя шматпакутнага беларускага народу, трагедыя, наступствы якой, мабыць, па сёння як след не асэнсаваныя, не ўсвядомленыя. Адступленне рускіх войск у ходзе Першай сусветнай вайны вясной-летам 1915 года суправаджалася масавым бежанствам цывільнага насельніцтва. Часцей гэта было прымусовае бежанства, выгнанне, асабліва што датычылася сялянства – немагчыма было забраць з сабой увесь набытак, заставаліся не толькі хаты, будынкі, але і засеяныя палеткі. Можаце сабе ўявіць, як цяжка было селяніну, гаспадару ўсё пакінуць і невядома куды перціся.
Навошта людзей гналі ў свет? На гэтае пытанне добрага адказу не дасць ніхто і сёння. От, да прыкладу, як мне Жур расказваў, Манцякі засталіся, іх нечаму не выгналі ў тое бежанства, і што з імі зрабілася? Нічога. Цалейшымі былі.
А сагнаныя з родных загонаў казацкай нагайкай сялянскія фурманкі з невялікай паклажай адзення, харчоў і фуражу, вераніцай цярнуліся на ўсход. У Мінску пакавалі ўсіх у “цялячыя” вагоны і ўжо развозілі па ўсёй Расеі.
Пры тым, што рабілася ўсё стыхійна, ніякага плану эвакуацыі насельніцтва царскі ўрад напачатку не меў, толькі ў ліпені 1915 году былі прызначаныя Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах, а ў жніўні з’явіўся закон “Аб забеспячэнні правоў бежанцаў”. А само ж бежанства як з’ява пачалося амаль на год ранней, з пачаткам вайны, гэта да Кулян яно дайшло ў 1915-м.
Шырокае распаўсюджанне хвароб і нават эпідэмій у выніку голаду і холаду, нярэдкія абстрэлы ўсходніх трактаў нямецкай артылерыяй пакінулі ўздоўж бежанскага шляху тысячы магілаў.
Паводле дадзеных народнага камісарыята ўнутраных справаў РСФСР, на 11 мая 1918 года па ўсіх кутках неабсяжнай Расеі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі. Асабліва шмат асела нашых суродзічаў у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, а таксама ў Петраградзе і Маскве. Па падліках даследчыкаў у 1918-1924 гадах вярнулася іх на Бацькаўшчыну не больш як трэцяя частка.
Мае продкі па Калачах былі ў Разанскай губерні. Там і баба Клаўдзя нарадзілася ў 1920 г. Дарэчы, калі вашыя бабулі або дзядулі нарадзіліся ў 1916 — 1921 гг., і ў нейкіх дакументах захавалася іх месца нараджэння, то от гэтае месца і ёсць іх месцам пражывання ў бежанстве.
А майго прадзеда Андрэя Калача сястра (забыў от, як звалі), як і тысячы іншых беларускіх дзяўчат, выйшла там, у Разанскай губерні, замуж за мясцовага дый засталася ў Расеі. Прыязджалі пасля ў 50-х яе дочкі на радзіму маці, сама яна да апошняга брату лісты слала. Дароніныя, калі не памыляюся, было іх прозвішча. Яшчэ і пры маёй памяці Ніна Хадачкова з імі спісвалася, хоць быў малы, але помню, як чыталі тыя пісьмы ад іх.
Дарэчы, некаторыя хлопцы, ажаніўшыся там, папрывозілі пасля сюды расеек. Я так разумею, што такім чынам з’явілася ў нас у Кулянах Кіслага маці, якую так і звалі да самай смерці – Расейка. Я яе яшчэ трохі помню. Да апошняга гаварыла па-расейску, расказваюць, што ўсё карункі (кружавы) пляла. І ці не тое самае і з Максімчай?.. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, часцей, пабраўшыся шлюбам з мясцовымі, заставаліся там.
А бацькавыя продкі па Качанах былі ў Маскве. То бацька часта, калі што робіць, майструе, бывала будзе казаць: “Та мой дзед у Маскве шкляныя печы рабіў – няўжо я не зраблю гэто?”. А дзед яго – Аляксей Качан, больш вядомы па мянушцы Лазар – быў несусветным лгачом, гэта ні для каго ні сакрэт. Бывала, у дзяцінстве як што нахлушу, налгу, дык маці кажа: “Мусіць прадзедаву кніжку чытаў?”. То от ён, Лазар, значыцца, выхваляўся, што ў Маскве рабіў “сцякляныя” печы.
Печы-пячамі, але нейкую булачную ён там займеў, не ведаю, якімі праўдамі ці няпраўдамі. І няблага грошай сабраў. Але ж тут рэвалюцыі адна за адной, пасля прыехаў на радзіму, а на радзіме – Польшча. І так трымаў тыя грошы ў спадзеўцы, што вернецца царская ўлада, захоўваў-перахоўваў. Толькі пасля вайны страціў канчаткова надзею, дастаў той чамадан з грашыма, дый што адно з імі не рабілі. Сундук усярэдзіне абклеілі імі (цікава, дзе ён цяпер, той “гістарычны” сундук?). Бацька мой расказваў: “Панабіраем з братам дваюрадным Валодзікам Гіляравым на руку тых грошаў пачкамі ў бярэмя, як дроў, і носім па сяле, пацкоўваемся з іншымі дзяцьмі”. Цікавостка!
Пра бежанства часта ўспаміналі нашыя бабулі і дзядулі, бывала, як пачнуць казаць: “От, як былі ў бежанстве…”. Час у іх гэтаксама дзяліўся на “да бежанства” і “пасля бежанства”.
Баба Маня мая Калачыха была з 1910 году, то шмат чаго помніла. Заўсёды ўспамінала, як добра іх там прымалі, з душой, як гэта ўмеюць рускія людзі, дзяліліся апошнім, адно дзяліцца вельмі не было чым. Часта ўспамінала, як прыехалі яны, засялілі іх там да некага ў хату ў той Разанскай губерні, пасадзілі іх за стол, паставілі некіх аладак-праснакоў і міску малака пасярод стала і кажуць: “Мочайте!”. А нашыя пераглядваюцца: куды ж тут мачаць? у малако мачаць? Хто ў нас тут калі тыя аладкі ў малако мачаў? Калі з малаком, то запіваць, а калі мачаць, то ў смятану. А там тае смятаны ніхто зроду не ведаў, а пра масла то й не кажы нават. Пасядзелі, папераглядваліся, дый давай ужо мачаць тыя аладкі ў малако, галовамі адно пакручваючы. Зразумелі адразу, куды патрапілі.
Настаўніцу сваю баба Маня ўспамінала ўсё жыццё, на жаль не помню, як яе звалі, а яна помніла. У школу там адхадзіла некалькі класаў, то для свайго часу, можна сказаць, адукаваным чалавекам была. Як стане, бывала, Някрасава расказваць! Ой, столькі вершаў ведала! І нас малых панавучвала. У школе зімой было студзёна, дзеці мясцовыя больш-менш неяк апранутыя, а яна, вядома, як бежанка. Падсуне настаўніца стол да печкі, пасадзіць яе на стол, прытуліць да печкі, дасць у рукі кніжку, і так вучылася мая баба Маня зімой на стале седзячы. А аднойчы настаўніца кажа:
— Дети, на улице зима, мороз, а у нашей Манечки Колач даже варежек нету. Вы все в варежках ходите, а она мерзнет в ручки. Они – беженцы! Надо им помочь! Давайте поможем нашей Манечке варежки связать!
І назаўтра тыя дзеці папрыносілі па скрутачку некіх нітак, што ў каго было, а настаўніца звязала за ноч бабе Мані рукавічкі і прынесла на наступны дзень. Вядома, такое не забываецца. Кожны раз, бывала, баба Маня і праслязіцца, як стане гэты выпадак расказваць…
18 сакавіка 1921 г. РСФСР і УССР падпісалі з Польшчай мірную дамову, якая завяршыла савецка-польскую вайну 1919 – 1921 гг. Подпіс, дарэчы, ставілі пад дамовай і ад імя БССР, хаця беларускае кіраўніцтва не было нават праінфармавана аб вядзенні тых перамоваў (ой, а хто ў нас калі што пытаўся?!. За нас лепш ведаюць, як нам трэба)… Паводле гэтай дамовы Заходняя Беларусь, як і Заходняя Україна, адышла да Польшчы. Сталі вяртацца дадому з бежанства нашыя продкі.
Жур казаў мне, што першым з кулянцаў вярнуўся Варшаўскі, Русланаў прадзед.
А ўжо ад бабы Мані Гімбарыхі я чуў, што, калі вярнуліся з бежанства, засталі ўсё, гэтак, як і пакінулі, адно што пазарастала ўсё бур’яном за столькі гадоў. Але нічога нікім не чэпанае. І от каб хто спытаў, чаго бура насіла людзей па свеце? Нашто было іх валтузіць?.. Але што тут пытаць сёння, калі ўжо тады не было з каго за гэта спытаць — перамянілася за тыя 6-7 гадоў некалькі ўладаў…
Калі ад агульнай колькасці беларускіх бежанцаў, як мы падавалі звесткі вышэй, вярнулася толькі трэцяя частка, то можна меркаваць, што прыблізна гэтак было яно і з кулянцамі. Хто замуж выйшаў, хто ажаніўся там у Расеі, дый асеў, хто далей павіхрыўся па свеце… А колькі адно памерла па шляху туды, асабліва старых і малых?!. Вот і лічэце, што каб не тое бежанства, кулянцаў сёння было б на добрую траціну больш. Дарэчы, у прыклад Манцякі — наколькі большая вёска сёння, у тым ліку, я думаю, і таму, што іх так не растрэсла па свеце, як кулянцаў. Чамусці гаворыцца толькі пра тое, колькі чалавечых жыццяў адабрала апошняя вайна – Вялікая Айчынная. А бежанства адабрала, напэўна, не менш… Ды такое дурное, нікому не патрэбнае…
Нядаўна тэлеканал АНТ у серыі “Зваротны адлік” зняў добры фільм пра бежанства. Вельмі раю паглядзець.