Сёння на працы калега адзін паскардзіўся, што баліць усё — спіна, рукі, ногі, бо за выходныя на вёсцы ў бацькоў вялізную гарбіну дроў перарубаў. Кажу: «От, дурны! Трэба было зрабіць, як у нас у Кулянах некалі Піліп». Ну і давялося расказаць ім гэтую гісторыю, што неаднойчы Фіська расказваў сам, не то, што нехта там выдумаў ці прыплёў.
Кажа:
— П-п-прыехаў мой Ш-ш-шурык у вотпуск. Я яму адразу даю з-з-заданнё: о, б-бачыш, на зарароддзі ляжыць горба д-д-дроў папілованых? каб п-п-п-па-а-рубаў за вотпуск!
Прайходзіць той водпуск, а дровы, можна сказаць, як ляжалі, так і ляжаць, мало відзён які зрух. Давай Фісон ужо й падганяць, а Піліп — як Піліп:
— Не сцы, стары, парубаю!
Прыходзіць Сцяпанавіч адзін дзень з работы — авохці мне! такі падзяжыў усе! Аж здзівіўся, кажа: «Калі ж ты, сынок, і п-п-па-а-аспеў?».
Ну, пахваліў, вядома, і ў дарогу з сабою, здаецца, нешта даў — дапамог жа сын так моцна.
Шурык паехаў. Дзе ён тады мешкаў, не ведаю — у Ленінградзе, ці ўжо дзе бліжэй… Можа і ў Ленінградзе, ды рэдка паказваўся, бо каб бліжэй, ды каб часцей дома бываў, то мо так і не зрабіў бы.
Ага, ляжаць дровы, Фіська не спяшаецца складваць іх у касцёр — хай падсохнуць, чаго сырыя цёгаць…
Адно ж як дайшлі да тога складвання рукі, набраў бярэмя і… Што за халера?!. Пад паленамі цэлыя калодкі! Ён з другога боку — зноў калодкі, з трэцяга зайшоў — тое ж самае. Дайшло, што сын адно калодкі перакінуў з месца на месца ды прысыпаў іх зверху, замаскіраваў парубанымі дрывамі. Кажа:
— Ах ты, П-п-п-піліпіско!.. Ну, п-п-прыедзь адно!…
Але пакуль той прыехаў, то ўсё ўжо забылася, ва ўсякім разе, злосць прайшла.
Цікавы быў Шурык хлопец, фокусны, шмат баек па сабе пакінуў нават за свой такі кароткі век… Яшчэ й мянушку такую цікавую меў — Піліп… Артыст быў, не горшы за бацьку свайго.
Адзін раз прыходзіць да нас, наша маці пытаецца:
— Што там твае робяць?
— Ай, падзяцінялі ўжэ, глядзяць па цілівізары гэту… «Угадай мелодзію». Маці кажа: «Віця, я гэту мелодзію ўгадаю з шасці нот». А бацько: «Х-х-х… с табою, Рая, угадвай»…
Са слоў майго бацькі Мікалая, «афёру» гэту Шурык «правярнуў» разам з Левасем і Толікам Вераб’евым і каштавала яму гэта паўлітра ці троху болей.
То ўтрох маглі б ужо і парубаць тыя дровы :))