Дурня трэба навучыць… (16+)

Даўно збіраўся расказаць гэтую смешную гісторыю, што некалі чуў ад бабы Клаўдзі, як жыла ў мяне. Гісторыя даўняя, было яно недзе за польскім часам, і ці можа сёння хто нават з самых старых згадаць гэта, невядома.

Ажаніўся адзін кулянец (казала баба, хто, але я ўжо не памятаю). Ды нешта хутка расчараваўся ў разумовых здольнасцях свае маладое жонкі (зноў не памятаю, чыя яна была). Ну, як па праўдзе, то грамадская думка гэтаксама лічыла яе трохі нейкай недатумканай. Пайшлі ў сям’і сваркі частыя, калатнеча…

От раз як разыйшоўся нешта гэты малады гаспадар у такой сварцы, дык аж паляцелі з хаты на надворак яе манаткі. Вядома, што паў-сяла збеглася паглядзець на гэткі «шпіктакль» — гамана, шум, крык. Прыбег і бацька тае маладзіцы ды да зяця:

— Сынку, а што нарабіласё? Чаго ты гэдык разыйшоўсё? Ці ж ты ні ведаў, каго браў, што цяперака з хаты выганяяш?..

— Ой, тату, можа й ні ведаў! А хіба я мог ведаць, што яна гэдыкі дурань?! Ну дурань жа! Ну, самы, што ні е, дурань! Але што ні возьмяцца рабіць — дурань! Што ні станя казаць — дурань! Ну, як з дурням жыць, га, тату?!..

А той тату ды яму адказвае:

— Сынку, дурня трэба навучыць, ды па яйца засучыць, памаленьку вынімаць, дый станя дурань панімаць.

— Га-га-га!!! — як узняўся рогат на ўсё сяло: мужчыны, бабы, дзеці — усе, хто там быў, покатам. Захапіла смехам і гэтага чалавека, і жонку яго, што яшчэ нядаўна плакала-галасіла.

Парагаталі, пасмяяліся, дый на тым усё скончылася.

 

Добавить комментарий