На беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсах у розных інфармацыйных матэрыялах даволі часта трапляе слова «непісьменны» як адпаведнік расейскага «неграмотный». Вось і сёння чытаю, як беларускамоўны юрыст абураецца адказам адной чыноўніцы на ягоны зварот: «Гэты адказ абсалютна непісьменны з юрыдычнага пункту гледжання…». Хм, напісаны на паперы адказ — непісьменны… Абы што… Ніколі не пагаджуся з такой логікай ні як юрыст, ні як філолаг. Але галоўнае, як чалавек, што нарадзіўся і вырас у вёсцы.
Возмем такі выраз: «В начале 20 века большинство населения России было неграмотным».
Вядома, што пры ягоным перакладзе расейскаму слову «неграмотный» будзе цалкам адпавядаць беларускае літаратурнае «непісьменны». Хоць народ казаў бы прасцей: людзі ў Расеі тады былі нявучанымі. І народная версія аніколькі не горшая за літаратурную, можа нават яшчэ й выйграе сваёй лаканічнасцю.
Але ці можна казаць (пісаць) па-беларуску «ты — юрыдычна непісьменны чалавек»?
Альбо «непісьменныя журналісты пры напісанні тэкстаў на беларускай мове часта ўжываюць калькі з рускай»?
Вядома не! Як гэтыя журналісты могуць пісаць тэксты, калі яны непісьменныя? Ці наадварот: калі журналісты пішуць, то як іх можна лічыць непісьменнымі? Як увогуле журналіст можа быць непісьменным? Непісьменны — гэта той, хто не умее пісаць і чытаць.
Калі чалавеку па-беларуску хочуць зрабіць далікатную заўвагу, то скажуць: «ты, магчыма, юрыдычна недасведчаны ў гэтым пытанні», «табе проста бракуе юрыдычных ведаў». Тактоўны чалавек, нават не ведаючы добра мовы, падбярэ і іншы варыянт, што будзе цалкам пасаваць да сітуацыі.
А калі чалавека хочуць папракнуць, паказаць яму сваё месца, альбо прама абразіць, то скажуць, што ён юрыдычны невук.
І пра журналістаў, што ўжываюць у кожным разе слова «непісьменны» як кальку з расейскага «неграмотный», нельга казаць, што яны непісьменныя, бо яны пісьменныя, але яны проста НЕВУКІ.
А адказ тае чыноўніцы з юрыдычнага боку мог быць няправільным, неабгрунтаваным, урэшце, юрыдычна нікчэмным, але ніяк ні непісьменным. Бо ці можам мы казаць па-беларуску «юрыдычна пісьменны чалавек»? Барані божа! Юрыдычна дасведчаны, юрыдычна адукаваны.
Яшчэ больш недарэчнай выглядае калька з расейскага «технически грамотный человек» — «тэхнічна пісьменны чалавек». А сустракаецца і такое, пішуць і не бачаць, не адчуваюць відавочнай недарэчнасці. Я ў такіх выпадках адразу ўзгадваю, як у нас у кулянскай школе ў пачатковых класах Яўгенія Мікалаеўна, калі што, лупіла па пальцах мятровай лінейкай ці ўказкай — от, здаецца, улупіў бы некаму! Бо за мову крыўдна…
Кажучы нібы па-беларуску «чалавек піша непісьменна», калькуючы з расейскага «человек пишет безграмотно», мы не толькі самі праяўляем сваё невуцтва, але яшчэ робім нашу багатую, шматгранную, лаканічную беларускую мову непрыгожай, нелагічнай, у нечым нават смешнай для тых жа расейцаў. А пасля яшчэ на некага крыўдзімся…
Днямі меў магчымасць абмеркаваць гэтае пытанне з паважанай Аленай Анісім, старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Алена Мікалаеўна, як мовазнаўца, цалкам са мной згодная. Больш таго, кажа, што правільней было б ужо пісаць ці казаць «юрыдычна няграматны» ці «тэхнічна няграматны», бо ёсць жа ў беларускай мове такія словы як грамата, граматыка, грамацей. Але «юрыдычна непісьменны» ці «тэхнічна непісьменны» — гэта поўная бязглуздзіца, няведанне мовы.