Бывае ж так, што сустрэліся людзі, перагаварылі нешта ды разышліся. Нічога асаблівага не здарылася, нічога важнага не казалася, ва ўсякім выпадку такога, каб пасля гэтае сустрэчы сто гадоў і больш паўтаралася ды перадавалася з пакаленне ў пакаленне. А яно возьме дый так станецца.
От гэтак сталася і з гэтай показкай, што яшчэ й сёння ўжываецца часта ў нашай сям’і, нават будзе правільней сказаць, у родзе калачоўскім.
А было як? 1910 год. Нарадзілася мая баба Маня. Пахрысцілі, усё як трэба. Пайшоў ейны дзед (а мой, значыцца, прапрадзед) Мікалай Калач па некай патрэбе ў Ражану. А ён, дарэчы, у земскім судзе засядаў, то мо з гэтай нагоды і быў. А мо так чаго, у царкву, ці яшчэ што. Дый сустрэў недзе там сястру сваю Таклюсю з Байкоў (Калачы былі з Байкоў, маці гэтага Мікалая, калі ён быў яшчэ маленькім, аўдавела ў Байках дый выйшла другі раз замуж за кулянца, пераехала сюды з гэным хлопчыкам, дый так у нашай вёсцы ад яго пайшлі Калачы).
Ага. Сустрэліся, значыцца, сёе-тое, аб тым ды аб гэтым, як вы? — а як там вы? А пасля яна дый будзе пытацца, як бы між іншым:
— Мікалайко, а чаго гэто твае дзеці, як хрысцілі дачку, не запрасілі мяне на хрэсьбіны?
А ён дый, не задумваючыся надта, будзе адказваць:
— Таклюсько, як ты маіх дзяцей на вяселлі падарыла, так яны цябе паклікалі на хрэсьбіны.
— Ааа, та гэдык, Мікалайко?
— Та гэдык, Таклюсько…
Дый разышліся кожны па сваіх справах.
Больш за сто гадоў прайшло з таго дня, даўно папрахлі косці Мікалая і Таклюсі, а ў нас і па сёння гутарка якая ці «высвятленне адносін» падсумоўваецца выразам «Та гэдык, Мікалайко? — Та гэдык, Таклюсько», гэта значыць, усё сказана, дабавіць больш няма чаго.