Да 70-годдзя кулянскай трагедыі

Успамін Ядвігі Фамінічны Панасік пра расстрэл у чэрвені 1944 года мірных жыхароў вёскі Куляны нямецкімі карнікамі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Трох немцаў, што ехалі да пічуцкіх дзяўчат, у Хмістках запунілі партызаны і пастралялі. (Баба Ядзя кажа, што ўвесь час немцы былі ў Славатыч – можа гарнізон нямецкі там размяшчаўся? — В.П.)

Праз нейкі час (хутка, мо ці ў той, або на наступны дзень) прыйшлі карнікі і пачалі па хатах і дварах браць мужчын – маладых, старых – усіх, бабаў не чапалі. Многіх кулянцаў схапілі па-за вёскай — Сцёпку Тарасава (Якута) схапілі недзе каля Ласавіч (хадзіў туды да дзяўчыны), Паўліка Якубава (Германовіча) дагналі ў Лозках, бо ўцякаў да Шэйпіч. Іван Бурдукоў з жонкай Зосяй і дзецьмі ўцяклі да родных у Севашкі (веска ў Ваўкавыскім раене — В.П.).

Закладнікаў пагналі ў Ражану. Колькі мужчын схапілі, не ведаю, мо чалавек 30, можа меньш. Размясцілі іх у падвале дома, што насупраць цэркві. Бабы ў Ражану, і я з імі, есці закладнікам насілі. Колькі яны там прабылі, не помню, можа тыдня два. Праз тыдзень палову адпусцілі – тату майго Тамаша, Клаўдзі Калачовай бацьку, Антонава Мікалая. Адбіралі так – “ты сюды, а ты туды”, без разбору. Ксендзавых (Прэдка) – бацьку і сына, Аляксея і Уладзіміра (зусім хлапчак быў)  — дваіх аставілі ў падвале.

Людзі кажуць “Кулянцаў пусцілі” і мы бягом – сустрэлі іх на Лазках. Тата нічога не казаў, маўчаў увесь час. Да і стары ўжо на той час быў. (майму праздзеду Тамашу Місуры ў 1944 годзе было каля 65 гадоў- В.П.)

Праз тыдзень закладнікаў нашых прыгналі праз Горшчыч-гару адразу на могліцы. Ніхто не ведаў, праз сяло не гналі жа. З іх яшчэ аднаго пусцілі – Міхася Казаковага (Качан), Сцепы Казаковага дзядзьку. Пасля кулянцы доўга дзівіліся, як гэта яго пусцілі.

Перазахавалі іх адразу, як Саветы прышлі. Трумны рабілі. З воінскімі ушанаваннямі і стрэламі ўгору. 

 

Добавить комментарий