Былому дырэктару ААТ «Ружаны-агра» далі 10 гадоЎ

Суд Пружанскага раёна прызнаў былога дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» вінаватым у хабарніцтве і прыгаварыў да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Вось які каментарый рэдакцыі «Раённых будняў» даў з гэтай нагоды старшыня суда раёна У.У.Саўчук:

— Былы дырэктар сельгаставарыства В.В.Харута прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, які склаў больш 25 тысяч долараў ЗША, за станоўчае рашэнне пытання па набыцці  ва ўласнасць ААТ «Ружаны-Агра» аб’екта нерухомасці, які належаў адной з камерцыйных структур, а таксама за рашэнне пытання аб аплаце паставак кармавых дабавак і ветпрэпаратаў камерцыйным структурам. Ён асуджаны па частках 2 і 3 арт.430 Крымінальнага кодэкса. Па ч.4 арт.210 КК (завалоданне маёмасцю службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў групай асоб па папярэдняй змове ў асабліва буйным памеры) яго апраўдалі па прычыне адсутнасці саставу злачынства.

Па паўторнасці злачынстваў прыгаворам суда былы дырэктар асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя гэтага, ён на пяць гадоў пазбаўлены права займацца кіраўніцкай дзейнасцю і займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

У кошт канфіскацыі маёмасці асуджанага звернуты спагнаныя ў яго грашовыя сумы: звыш  232 тысяч долараў ЗША, 9 тысяч еўра і 730 мільёнаў беларускіх рублёў.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

budni.by 

Добавить комментарий