Валя Свердлава памерла

Кажуць, учора пахавалі Валю Свердлаву (апошнім часам, мусіць, часцей казалі — Стаўбунікава). Хавалі ў Кулянах, хоць пасля смерці Стаўбуніка яна тут і не жыла. Але ці каля яго пахавалі, ці не — ужо не ведаю гэтага. Можа і каля яго, бо помнік жа яму паставіла з надпісам «дарагому мужу», то было б лагічна. Хоць Валя і логіка — … 

 

З вялікае такое радні Шэцькаў — Лёнік, Коля (Мароз), Жэнік, Валя — не засталося ўжо ў Кулянах нікога. Яшчэ мусіць жыва тая іх сястра ў Поланску (не помню, як яе называюць, хіба Воля) і недзе там у Малочках ці дзе, нехта, здаецца, яшчэ быў…

Шэцькі паходзілі з Блізное, там іхнія карані, адтуль іх продак, дзед вышэй пералічаных. Гэта, мусіць, яго, ці бацьку іхняга называлі «Конска смерць». Казалі, са злосці стукнуў каню, што той і скапыціўсё. Бывала, і Стаўбунік, як нап’ецца, дык на Валю будзе: «Уууу, Конска смерць!»…

Як Верка памерла, усё яму сваталі Валю адразу, то ўпарціўся, слухаць не хацеў, лапатаў: «Ой, у Валі 99 працэнтаў!» — і круціў пальцам ля скроні (у яго ж усё было некімі своеасаблівымі афарызмамі ці фразеалагізмамі, нават не ведаю, філолаг, як тут і сказаць). А пасля нікуды не дзеўся. І пражылі разам больш за 20 гадоў, а мо і з 25. І бач — помнік заслужыў нават «дарагому мужу»…

Збываюцца людзі…

 

Добавить комментарий