Кулянская Антлантыда

Сёння зноў з архіва, зноў паўдня ўглядаўся ў старажытныя дакументы, вышукваючы нешта пра нашыя Куляны. Аж лоб баліць — гэтак моршчышся пры такой рабоце, напружваешся. Дакументы ж старыя, ды яшчэ пісаныя польскай мовай, ды не сучаснай, ды пісарскімі усякімі рыгізулямі. Быў ужо абрадаваўся, думаў, што зноў пашанцавала, ды нават яшчэ лепш, чым у мінулы раз, «падчапіў добрую рыбіну». А ж не зусім. Я той казаў, падчапіў, пацягнуў, сарвалася.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна ў фондзе № 1143 захоўваецца справа № 183 пад назвай «Инвентарное описание имения Ружаной Лидского уезда, принадлежащего графу Сапеге за 1687 год».

Калі хто ведае, мястэчка Ражанка ёсць у сённяшнім Шчучынскім раёне, а раней гэта быў якраз Лідскі павет. Я гэта ведаў, але нешта мяне пацягнула пераправерыць, такі пра Ражанку там, ці пра нашу Ражану. Сапегі былі, вядома, людзьмі ня беднымі, ім належала шмат мястэчак, але каб два мястэчкі фактычна з аднолькавай назвай — гэта насцярожыла. Захацелася пераправерыць. І мая інтуіцыя мяне не падвяла.

Сумневу не маглі пакінуць ужо назвы вуліц мястэчка: Blizenska, Lososinska, Brzeska… Што яшчэ трэба?.. Стала адразу зразумела, што справа архіўная названа няправільна, Лідскі павет тут зусім не пры чым — наша Ражана заўсёды належала да Слонімскага павету і менавіта пра яе ідзе размова.

Яшчэ большай упэўненасці прыдаў такі дакумент як «Апісанне воласці Ражанскай у року 1687». Тут пералічаныя разам з сялянамі ўсе вёскі, што належалі да воласці: Загалічы, Далкі, Бярэзніца, Байкі, Малочкі, Воля, Ласасіна (асобна фальварак Ласасінскі), Верашчакі, Клепачы, Варанілавічы, Блізна (фальварак Блізна асобна).

А дзе мы? Дзе нашыя Куляны? Дзе Поланск, Заполле?.. Не можа быць, каб на ўсім гэтым месцы ў той час яшчэ рос непраходны лес. Поланск то абавязкова быў, праз яго ляжала дарога з адной рэзідэнцыі Сапег (Ражана) у другую (Дзярэчын).

А нас няма. Чаму? Напэўна таму, што тады мы яшчэ не належалі да Ражанскай воласці. Калі так, значыць, мы не належалі да 19 стагоддзя і да Слонімскага павету — у Ваўкавыскім павеце былі.

Гістарычныя крыніцы кажуць, што мяжа паміж Слонімскім і Ваўкавыскім паветамі праходзіла па Зяльвянцы. Праўда, мапа Ваўкавыскага павету канца XVI стагоддзя (Беларуская энцыкклапедыя. т. 4, с. 42) нечаму выдзяляе наш гэты «апендыкс» да Слонімскага павету — мяжа ідзе зверху ўніз сапраўды па Зяльвянцы, а паміж Славатычамі і Поланскам пайшла ўлева, за Кулянамі — уніз (прыблізна, як сёння мяжа Зэльвенскага раёна з Пружанскім).  І вот якраз гэты наш «куль», калі верыць гэтай мапе, належыць да Ражанскай воласці Слонімскага павету.

Ваўкавыскі_павет

Але тая ж Беларуская энцыклапедыя (т. 15, с. 19) падае мапу ўжо Слонімскага павету гэтаксама канца XVI стагоддзя. То тут ужо мяжа ідзе па Зяльвянцы далей і заварочвае ўніз толькі за Шэйпічамі.

Слонімскі_павет

Такім чынам, згодна з гэтай мапай мы ў Ваўкавыскім павеце, цікава толькі, якая гэта была воласць у такім разе. (Гл. таксама па гэтым пытанні тут).

Хутчэй за ўсё, якраз так яно і было. Бо чым інакш патлумачыць, што нашыя продкі не належалі Сапегам і не лічацца ў Ражанскай воласці?

А шкада. Не ведаю, ці лягчэй было б ім ад гэтага, але мы сёння маглі б даведацца пра іх нешта новае. Да прыкладу, паколькі, як я ўжо неаднойчы пісаў, мае продкі па маці Калачы пайшлі з Байкоў, то я звярнуў увагу на апісанне гэтае вёскі. Рыхтык прозвішча Калач няма, але ёсць Калацэвічы. Хутчэй за ўсё, што прозвішча пасля трансфармавалася. Жылі ў 1687 годзе ў Байках, як і сёння, Бараны, Пухнарэвічы. Продкі сённяшніх Маразевічаў пісаліся як Marozyk. Кулянцам будзе цікава, што ёсць у тым спісе і прозвішча Прэдка.

Акрамя назваў населеных пунктаў, прозвішчаў іх жыхароў, утрымлівае той дакумент і апісанне многіх палёў (моргі, валокі), іншых урочышчаў. Адным словам, справа № 183 у фондзе № 1143 для даследчыкаў гісторыі Ружанскага краю і саміх Ружан — вельмі каштоўны дакумент. Хочацца спадзявацца, што ў некага дойдуць рукі да яго дасканалага вывучэння. Справа ўтрымлівае 76 старонак, «загнаных» у дыяфільм (атфатаграфаных), як і ўсе «інвентары» (арыгінал у рукі не даюць). Было б добра «алічбаваць» гэта ўсё і выкласці, скажам, ў інтэрнэце — няхай бы сучаснікі цікавіліся сваімі каранямі, школьнікам было б асабліва карысна. Але я сабе такія выдаткі дазволіць не магу (каля 1,2 млн).

А ці ўдасцы хоць нешта падобнае па даўнасці адшукаць пра нашы кулянскія мясціны і людзей, які жылі (падумаць толькі!) больш за трыста гадоў таму?.. Пабачым.

 

4 думак на “Кулянская Антлантыда

  1. З упэўненасцю магу сказаць, што дакументы пра нашых продкаў захаваліся. Як гавораць «рукапісы не гараць». Сам працаваў з крыніцамі па Ваўкавыскаму павету з 17-18 стагоддзя. Патрэбен толькі час, многа часу.
    Алесь, я вось мяркую, што дакументы па Кулянах таксама трэба шукаць у НГАБ у Гродна — згодна тэрытарыяльнай прыналежнасці.


  2. Дык а што тут меркаваць? Я там і працую, шукаю. Дзе яшчэ? Фактычна уся заходняя частка Беларусі там.
    Сёе-тое знаходзіцца… Назаказваў во ўжо копій столькі. Буду паціху выкладваць, па меры апрацоўкі. А часу на гэта трэба многа, так, праца марудная.




Добавить комментарий