За дождж

Якуб Колас

 

Ну ж была вясна сухая –

Люд такой не памятаў!

Як уляжа, як зайграе,

Дык канца сабе не мае

Сухавей, каб ён прапаў!

Так і дудзіць, так і дудзіць

Ад усходу да цямна,

Проста вушы намарудзіць

Ды пяскі ў палях абудзіць, —

Ну ж вясна была, вясна!

Ад зімы і да Міколы

Хоць бы дождж прайшоў на час.

Люд гаротны, невясёлы

Йшоў у цэрквы і ў касцёлы,

Ў неба глянуўшы не раз.

Валакліся на малебны,

Каб Бог дожджык дараваў,

Дожджык пільна быў патрэбны

У той час ліхі й ганебны

Для збажынкі і для траў.

А той дождж не вёў і вухам,

Як бы ён прапаў суздром,

Хоць ты ў неба бі абухам,

Хоць ты здохні пад кажухам,

Хоць у сцену стукай лбом!

Рэчкі ўсюды памялелі,

Пераходзяць куры ўброд,

І стаяць па дзве нядзелі

Згоны, збіўшыся на мелі…

Эх, марнуецца народ!

Поп і ксёндз не памагалі,

Вецер вухам не павёў.

Хмары спалі ці прапалі

І на шэлег не зважалі

Ні малітваў тых, ні слоў.

ІІ

У сяле трывога.

Непакой, згрызота.

Охкае Гілёрык,

Божкае дарота:

«Будзе галадоўля,

Людзям безгалоўе,

Прападзе збажынка,

Знішчыцца скацінка…

Дзе ж той дождж падзеўся?

Што ён так марудзіць?

Божа ж ты мой, Божа!

Што ўжо гэта будзе?»

Загулі кабеты,

Як у вуллі пчолы:

«Трэба даваць раду,

Выратоўваць сёлы,

Ліха насланое

Трэба нейк адвесці –

Не жывым жа ў землю,

Родненькія, лезці!

Ёсць жа тут прычына.

Ёсць яна, няйначай.

Выкрыць яе трэба,

Вось у чым задача.

Можа даўся ў знакі

Людзям грэх Піліпаў:

Гад, у пост вялікі

На скрыпулі рыпаў!

Можа Сёмка вінен,

Што папа аблаяў

Ды плявузгаў, быццам,

Няма пекла, раю.

І такой распусты

Прыкладаў нямала:
Грышка спавядаўся,

Нажоршыся сала!

Не шануюць людзі

Ні пастоў, ні свята.

Хлопцы, падлы, дураць,

Дураць і дзяўчаты.

І калі наогул

Глянуць справядліва,

Папсаваны людзі,

Мілачкі, на дзіва!»

Уздыхнула тут цётка Тарэся:

— Ой, дарма, жаначкі, злуецеся!

Праўда, гэшым мы, грэшым,

Чорта лысага цешым,

Ніводная з нас не святая,

Толькі прычына не тая,

А паслухайце лепей мяне вы:

Усё ліха пайшло ад Матэвы!

Гэта ён, ліхадзей,

Наклікаў бяду на людзей!

Ну, дзе ж быць дабру, падумайце самі –

То ж ён плот гарадзіў між Юр’ямі!

Я й казала: «Кінь, трапёны!

Хто гародзіць між Юр’ёў?!»

А ён: «Гэта забабоны!

Напляваць на іх!» Шалёны!

Лаяў, гад з апошніх слоў

Старасвецкія ўстановы

І дзядоў не шанаваў.

А не цяміў, безгаловы,

Што, стаўляючы плот новы,

Суш тым самым наклікаў.

Вы ж на кем вазьмеце самі,

Хіба можна так рабіць –

Нішчыць звычай, што не намі,

А складаўся ўжо вякамі

І вякамі будзе жыць?

ІІІ

Вось дзе яна, тая прычына!

І дзіва, што дажджу няма!

Ах, Матэва, Матэва-чума!

Ах, паганец жа ён, лайдачына!

Напусціліся адразу

Цёткі на Матэву:

«Разарваць яго, заразу!

Прывязаць да дрэва!

Абармот ён, абармот!

Вось зрабіў хто шкоду!

Знішчыць к чорту гэты плот,

Каб не было смроду!»

— Ой, гарачкі не парэце!

Як рабіць, та ўжо рабіць,

А не бух-барах!.. Маўчэце!

Так не робяць справы ў свеце:

Мала плот той разбурыць! –

На платформу выступае

Кацярына Верабей

І адразу ўсіх спыняе

І на свой бок пахіляе,

Ды сама вядзе ўжо рэй:

— Трэба ў ночачку да ўсходу

Двойчы Нёман праараць,

Каб адвесці перашкоду,

Ды самім саху па броду,

Жаначкі, нам пацягаць

І тады ўжо плот мітрэжыць,

Каб ён там і не смярдзеў.

Так, жанкі, рабіць належыць,

Каб паветра нам асвежыць,

Каб мінуў нас Боскі гнеў.

І што скажаш насупроці?

Праўда ўсё, вядома рэч,

Дык маўчы і не пярэч:

Справа тут не толькі ў плоце!

IV

Ночка. Хаты, бы сляпыя,

Цёмнай плямаю стаяць.

Глухі вуліцы пустыя.

Моўчкі вербачкі крывыя

Думку нейкую таяць.

Дзесь агеньчык над ракою

Прабіваецца скрозь мрок,

Ды працягла свіст парою,

Сэрца рэжучы жудою,

Нудна коціцца здалёк.

— Ціха вы, не гаманеце,

Бо разбудзіце сяло!

Соху ў Дворны брод нясеце…

Юзя, Ганна! Не драмлеце!..

Стой! Куды вас панясло?

Ды скарэй адно, скарэй! –

Кацярына вядзе рэй,

Так і звоніць бы званок,

Ды парадкуе жанок,

Прызначае ролі

Тэклі ды Аўдолі,

Зосі і Настулі,

Каб саху цягнулі.

— А ўжо ты, Марыся,

За рагач бярыся,

Або ты, Агата,

Будзь у нас араты.

Прыпынілі жанкі гоман

Ды з сахой ідуць на Нёман,

Ідуць важна, урачыста,

Каб зрабіць усё начыста

І замкнёны дождж, як трэба,

На зямельку звесці з неба.

Вось і Нёман мелкаводны,

Бесстаронні і халодны,

Гоніць-коціць срэбра-хвалі

На заход у тыя далі.

Месяц круглы, бледналіцы,

Як пірог той на паліцы,

Свеціць шчыра, колькі можа

З палавіны падарожжа.

Ясны месячык! Ты многа,

Ціха свецячы ў начы,

Бачыў смешнага і злога,

Ды не выкрыў ты нічога,

І цяпер ты памаўчы.

Паднялі жанкі падолы

Ды аруць пясочак голы,

Раз прайшлі з сахой па бродзе

І другі прайшлі і годзе.

Зноў гуртом нясуць саху

І хаваюць пад страху,

Бо мужчын яны баяцца:

Ім бы толькі выскаляцца,

А ў Каруся Дзівака

Год не сыйдзеш з языка.

V

Нарабіў клапот

Той Матэваў плот!

Каля таго плоту

Расчалі работу:

Валяць гуртам жанкі нашы,

Як гавяда ўвесну з пашы,

Іх вядзе Тарэся

І вядзе пад плот Матэваў,

Пад той плот,

Што дождж угневаў,

Свет яму завесіў.

Сам Матэва дзесь на сплаве,

Сын Матэваў спіць на лаве,

Ды не спіць Аўгення:

Пад свой плот імчыцца лётам,

Прытаіла дух пад плотам,

Цісне кій у жмені.

Бо хто ж, беднай, ёй паможа,

Як не гэты ёмкі вожаг,

Плот абараніці?

Прагна ловіць вухам зыкі,

Чуе – тлум ідзе вялікі,

Ловіць словы-ніці.

А Тарэся – вось хвароба! –

Сыпле словамі, як бобам,

Вось ужо здалася!

Няма канца таму спеву,

І ўсё плешча на Матэву!

«Ах, каб ты спраглася!

Ну, чакай жа ты, бахуха!

Што ж ты плешчаш, падла, шлюха?

Дакраніся плоту,

Адаб’ю ахвоту!»

— Вось ён, плот, няшчасце наша!

Тут заварана ўся каша!

Раскідайце чортаў плот!

— Раскідаць мой плот?! Папробуй!..

Ах ты, гадаўка, хвароба!

Абармот ты, абармот! –

І Аўгення – шусь з засады,

Не яна – дасць вожаг рады,

А Тарэся – крок назад.

Анямелі жанкі нашы,

Так і вожаг той настрашыў, —

Не кабета, а вар’ят!

Няўжо марна іх турбота?

Нё ж назад вярнуць ад плота?

Не, пастой, брат, дудкі!

Не дажджэцца, яе ліха.

І Тарэся, як ваўчыха,

Налятае хутка!

Тарэся

Не палохай, не палохай,

Шлюндра ты і замазоха!

Не махай мне кіем!

Распусціла губы-трубы!

Як махну, дык збярэш зубы

І не так завыеш!

Аўгення

Ах ты, кручаная сука!

З-за цябе ўвесь свет гарыць.

Гэта ўсё твая навука!

Ўсюды поўзаеш, гадзюка,

Каб каго дзе падкусіць!

Каб цябе нуда кусала,

Каб ты поўзала сама,

Каб спакою ты не знала

І дзяцей не аглядала,

Каб цябе ўзяла чума!

Каб ты, даў Бог, піць маліла,

Сама стоячы ў вадзе,

Каб на горах ты халдзіла

Ды каб сонца не свяціла

У вачах табе нідзе!

Тарэся

А каб ты крычала на свой жывот!

Каб табе язык павесілі на гэты плот!

Гарадзілі яго, та каб табе загарадзілі вочы!

Каб ты ж тут век хадзіла па ночы!

Каб ты не даждала святое нядзелі!

Каб на твой язык скулы паселі!

А каб цябе задушылі залозы!

Каб праз твае рэбры сена цягалі козы!

Каб цябе заела нуда!

Брыда ты, брыда!

Падла насатая,

Ведзьма праклятая.

Заткала дурное!..

Вон пайшла ты, ліха насланое!

Аўгення

Ой, ты, мешалка, завала!

А, няшчасны квач!

Каб яна мяне вон гнала?!

Вось табе – пабач!

Павярнулася Аўгіння

Дынамічна, шустра

І збянтэжанай Тарэсі

Паказала… “люстра”!

Не сцярпела Тарэся абразы,

На Аўгенню насела адразу,

Ды Аўгення стала рубам –

Як бы дуб саткнуўся з дубам!

Загулі яны, як восы,

Міг адзін – і хоп за косы!

Зашчамілі зубы,

Гыркнулі ад злосці,

І няма тут жалю,

Ні тае літосці.

— Ну, што? З’ела?

— Што? Ўкусіла?

— На табе!

— На і табе!

Хфіга двойчы ўжо схадзіла,

Двойчы ім насы чапіла

І праехала па лбе.

І прымоўклі. Не пускаюць

З рук суседскіх валасоў,

Толькі зрэдку прагукаюць,

Калі трапна адшукаюць

Забіяцкі пару слоў:

— Сунастатка!

— Капач!

— Мешалка!

— Квач!

— Заткала!

— Брында!

— Задрыпа!

— Дзындра!

— Ну, пусці!

— Сама пусці!

І не хочуць ці не могуць

Кампромісу тут знайсці.

— Ну, што будзе?

— Скула будзе!

— Табе трасца!

— Табе дзве!

І запыняцца, марудзяць,

А іх рукі ў галаве.

— Ну?

— Гну!

— Каб цябе сагнула ў дугу!

— А каб цябе скруціла ў качаргу!

Перапынак, перадышка.

— Годзе! Будзе вам, нябож!

Ну, палаяліся крышку,

І так будзе, дасць Бог, дождж.

Іх тут годзяць

І разводзяць.

А яны,

Як бараны

Пашчапляліся і квіта,

Толькі пыхкаюць сярдзіта.

Яны б рады скончыць бойку –

Хіба ж лёгка ваяваць?

Але як з вайны ім выйсці,

Каб свой гонар захаваць?

— Ну, што будзе?

— А не знаю!

— Дык пусці!

— Пусці сама!

— То ж табе пусціць я раю!

— Дык турбуешся дарма!

— Дык не хочаш?

— Не, не хочу!

— Ты пусці, пушчу і я.

Асядае пыл жаночы:

— Пусці, ягадка мая!

— Ты пусці, галубка!

— Не, пусці ты, любка!

— Я пусціла!

— І я пусціла.

Так і кончылася чубка.

— Ха-ха-ха! Глядзі, Тарэся,

Хмара прэцца ўжо, ды як!

Зірк – стаіць Карусь Дзівак:

— Слухай! Дождж шуміць па лесе! –

І рагоча, аж трасецца,

Аж дрыжыць яго гарляк

Добавить комментарий