Рэвізскія сказкі ад 1816 г. аб жыхарах Кулян і вакольных вёсак

Рэвізскія сказкі — гэта пайменныя спісы насельніцтва пэўнага населеннага пункта або маёнтка ў Расійскай імперыі 18-19 стагоддзяў, якія змяшчалі звесткі пра колькасць, геаграфічнае размяшчэнне, саслоўны і нацыянальны склад насельніцтва, а таксама ўзрост і сямейнае становішча. Свайго роду, гэткі перапіс насельніцтва быў. Рабілася гэта ў мэтах уліку плацельшчыкаў падушнага падатку. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (ф. 24, воп. 7, с. 467) захоўваюцца рэвізскія сказкі ад 11 сакавіка 1816 г. аб жыхарах Кулянаў (арк. 118 — 122) і бліжэйшых вёсак.

 

Замовіў я копіі старонак тае сказкі, на якіх перапісаныя далёкія нашы продкі-кулянцы, пазней гэтыя старонкі выкладу тут (ужо выклаў). Пакуль толькі пералічу прозвішчы, якія тады былі ў Кулянах.

Як і за нашым часам, жылі тады ў нашай вёсцы Прэдкі, Якуты, Германовічы, Храпавіцкія, Качаны, Куніцы, Гарбачы, Пракапені (аж да пачатку ХХ ст. у адных крыніцах — Пракаповіч пішацца гэтае прозвішча, у другіх — Пракапеня).

Місюра жыў, Маразевіч, Уласко, Дзямешка, Муляр (відаць, пазней стаў Мулярчыкам).

Палуянчыкі былі ўжо тады, і яшчэ напачатку ХХ ст., але звяліся потым, пасля Першай сусветнай вайны, можа з бежанства не вярнуліся…

Жыў у 1816 г. ў Кулянах і чалавек з прозвішчам Казак, да нашага часу толькі мянушка вулічная дайшла — Казаковыя. Дарэчы, з гэтага роду мая баба Нінка і бацька яе Аляксей Качан, якога празвалі Лазар. А сястру бабы Нінкі — Марусю — да апошняга называлі Маруся Казакова.

Да слова тут будзе сказаць, што гэтак атрымалася і з прозвішчам Раманчук. Хоць гэтага прозвішча няма ў той рэвізскай сказцы ад 1816 г., але пазней у ХІХ ст. у метрычных кнігах яно сустракаецца. Была такая сям’я — Раманчукі, а да нашага часу гэтаксама дайшла толькі вулічная мянушка — Раманчуковыя.

Вяртаючыся да рэвізскай сказкі ад 11 сакавіка 1816 г. яшчэ адно прозвішча назавем, апошняе, яно вас, напэўна здзівіць. Калі я сустракаў яго некалькі разоў сярод кулянцаў у метрычных кнігах ХІХ ст., думаў, што можа царкоўны пісар нешта пераблытаў, ці невыразна напісаў. Адно не, было ў Кулянах прозвішча Касцюк.

Усяго 11 сакавіка 1816 г. ў Кулянах жыло 82 чалавекі мужчынскага полу і 64 — жаночага. Нямала, асабліва, як па сённяшніх мерках.

УЛАСАВІЧЫ (арк. 130-131) і тады былі маленькай вёскай, налічвалася там 23 чалавекі мужчынскага полу і 28 — жаночага. Прозвішчы былі там такія: Уласко, Храпавіцкі, Кошка, Козка, Малахвей, Варабей, Грушнік.

У ЗАПОЛЛІ (арк. 201 — 203): Сямак, Ярмак, Гардзей, Жэгуць, Рыбій,  Дзейка, Заець.  Мужчын — 34, жанчын — 22. Такім чынам, неяк выказанае мной тут меркаваенне, што ў той час вёскі Заполле яшчэ не было, памылковае. Як бачым, была.

Затое нейкая метамарфоза атрымліваецца з Поланскам — няма такой вёскі ў гэтай рэвізскай сказцы. Не ведаю, што б гэта магло значыць.

Ёсць нейкае «село Великий…» (арк. 123 — 129), дзе жылі людзі з прозвішчамі Рошчанка, Малахвей, Хімач, Маляр, Хадак, Дзейка, Грушнік, Пешка, Даўгайла, Сяргей, Сцяцко, Пятрушка, Грышэчка, Арэшка, Чыжык, Прэдка, Кішчыца (ці нешта такое, невыразна напісана), Лявончык, Ярмушчык, Кандратчык, Гарбач. Усяго 86 асоб мужчынскага полу і 62 жаночага.

Па прозвішчах гэта — Поланск. Але на ўсіх аркушах падпісана дзе «село Великий…», дзе «село великий __». Што да чаго? Чаму так? Не разумею. Можа пісар быў п’яны.

Але гэта яшчэ не ўсё. На аркушах 128 — 129 тае рэвізскае сказкі перапісанае насельніцтва «села Огородник» з наступнымі прозвішчамі: Гацук, Бурко, Пешка, Варабей, Дзейка, Сапко, Грушнік, Чыжык, Пухнарэвіч. Усяго 27 м. і 25 ж.

Дзе магла быць такая вёска з такімі прозвішчамі? Я так разумею, што гэта была частка Поланска (ці пазней стала часткай Поланска), кшталту, як у Кулянах у нас Паплаўка.

Яшчэ адно. Падпісаны гэты дакумент наступным чынам: «Ревизские сказки 1816 года марта 11-го дня Гродненской губернии Слонимского уезда парафии Рожанской имения графства Рожанского  помещика Тайного Советника и Кавалера Княза Франтишка Александровича Сапеги…». Гэта да пытання аб тым, ці належалі калі Куляны Сапегам. Як бачым.

Але ёсць інвентар маёнтка Поланск за 1810 г. (ф. 1143. воп. 1, с. 411), згодна з якім і маёнтак Поланск, і вёскі Поланск, Куляны і Уласавічы — ва ўладанні Завішаў. Будзем капаць далей, каб разабрацца.

5 думак на “Рэвізскія сказкі ад 1816 г. аб жыхарах Кулян і вакольных вёсак

  1. Як чытаю інфармацыю пра нашыя Куляны, заўсёды дрыжыкі бяруць! Асабліва калі твае здагадкі па-крысе пацьвярджаюцца.
    Усеж існаваў «Сапежанскі маентак Поланск». Я думаю, што сяло «Вялікі» і «Агароднік» — гэта часткі сучаснага Поланска. От цікава, ці хто ў Поланску ўспомніць гэтыя назвы?
    Колькі разоў перачытваў метрыкі пачатку 19 ст. і задаваў сабе пытанне, чаму прозвішчы кулянскія ў Поланску? Не магло быць такой колькасці жыхароў . А цяпер разумею, што святар пішучы месца нараджэння «Поланск», адносіў туды і Куляны і Уласавічы і Заполле. І ў метрыках бачыў запіс — «Куляны Палонскія»
    Калі у сказцы 82 чалавека мужчынскага полу, то гаспадарак на вёску было прыкладна + — 30. Ці так?
    Чакаю на сканы.



    1. Пытаўся ў бабы Насці Журавае пра Агароднік — яна ж з Уласавічаў — то не помніць. А прозвішчы кулянскія ў Поланску — гэта натуральна, і правільней было б, мабыць, казаць, што гэта ў Кулянах палонскія прозвішчы, бо ў мяне складваецца такая карціна: перш быў Поланск, а пасля людзі з яго адсяляліся ў новую вёску — Куляны. У Поланску ж былі і Прэдкі, і Гарбачы, а Сапкі ў 19 ст. дык былі, па-мойму, толькі ў Поланску, і шмат іх там было. Або вот у гэтай рэвізскай сказцы ў Кулянах няма прозвішча Сяргей, толькі ў Поланску, а ўжо ў метрычнай кнізе ад 1841 г. ёсць запіс аб нараджэнні майго прапрадзеда Якіма, што нарадзіўся ў Кулянах у сям’і Антона і Агрыпіны Сяргей.
      Магло быць і па-іншаму: прыгонных сялян дзесьці купілі, альбо дасталіся каму ў пасаг, перавезлі іх сюды аднекуль здалёку і пасялілі на новым месцы — у самы куль сапежынскага (ці чыйго тамака) валодання. На карысць гэтае версіі, да прыкладу кажуць некаторыя мае знаходкі — у адной з вёсак Баранавіцкага раёну ў той час былі некалькі такіх жа прозвішчаў. Але гэта яшчэ трэба прапрацаваць добра, як будзе што пэўнае, то напішу.
      Адным словам, трэба збіраць інфармацыю, чым больш яе будзе, тым відавочнейшымі праўдападобнейшымі будуць тыя ці іншыя версіі.
      Але тое, што маглі ў метрычных кнігах запісваць кулянцаў як паланчакоў, так, узнікала і ў мяне не раз такая думка.


  2. Запіс у метрычнай кнізе ад 1829 года — «21 лютага 1829 года памер Андрэй Пешка з вескі Агароднік, парафіянін цэркві (г.з. Ружанскай), месяц ад нараджэння ад хваробы жалудка. Пахаваны на могілках Палонскіх


  3. Што да часу ўзнікнення Кулян і Заполля — то напэўна ў 17 стагоддзі былі. Вось пазычыў на http://sources.ruzhany.info
    «Историческое извѣстіе о православной Рожанской Петропавловской церкви и уніатскомъ Рожанскомъ Базиліанскомъ монастырѣ, съ перечнемъ документовъ». С.201
    » Основа следовательно и начало подтвержденного права дано вельможным его милостью паном Леоном Сапегой, подскарбием надворным В. К. Лит., который в 1680 году Июля 30 дня W.O. [?] Базилианам объясняя особую фундацию своим пожеланием и намерением св. памяти родича своего и do niej we wszystkim stosując się при передаче церкви и монастырю тамошнему в собственность, парафии тамошней Отцов Базилиан в администрацию духовную отдает, как то Юндзиловичи, Близна, Полонск, Куляны, Заполе, Байки, Воля, Молочки, Колаче, Волька с вольным распоряжением[16] подданными, в Молочках и Байках находящимися, и получением с них всяческих повинностей. «


Добавить комментарий