Вытокі

Беларусы – адзін з самых старажытных народаў Еўропы. Проста, у розныя часы мы называліся па-рознаму, а то бывала й так, што нас называлі, не спытаўшы ў нас саміх, як нам хочацца называцца. Таму чалавек недасведчаны можа падумаць, што ў гэтым краі цягам стагоддзяў адныя плямёны змянялі папярэдніх. Насамрэч антраполагі  кажуць, што генатып карэннага беларускага насельніцтва не змяняўся прыблізна напрацягу 130 – 140 пакаленняў. А гэта значыць, што мы – народ  з гісторыяй у тры з паловай тысячагоддзі.

 

Не сакрэт, што славяне на гістарычнай арэне ўзнікаюць толькі ў другой палове першага тысячагоддзя нашай эры. А кім жа былі  нашы далёкія-далёкія продкі, што жылі тут да славян?

Балтамі. Гэта сёння мы ведаем з балтаў адно хіба літоўцаў і латышоў. А некалі гэтыя народы індаеўрапейскага паходджання, што размаўлялі на блізкіх паміж сабою балцкіх мовах, засялялі вялікія абсягі: сучасную Калінінградскую вобласць РФ, паўночную частку Польшчы, амаль усю Беларусь, натуральна, што Прыбалтыку, і нават сучасныя Смаленшчыну і частку Браншчыны. Больш за тое, балтамоўнае племя голядзь жыло ў вярхоўях ракі Протвы на сумежжы сённяшніх Маскоўскай, Смаленскай і Калужскай абласцей. Але далёка мы сяганулі, вернемся бліжэй да нас.

А бліжэй да нас жылі прусы (сённяшняя Калінінградская вобласць і частка Польшчы), галінды (Польшча), куршы, жамойты, земгалы (сучасная Летувіская Рэспубліка), літва (Віленшчына і паўночна-заходняя Беларусь).Міжрэчча Нараваі Нёмана насялялі яцвягі – група заходнебалцкіх плямёнаў, што былі  этнічна найбліжэйшыя да прусаў. Немцы іх называлі судавы, літоўцы – дайновы. Іх сталіцай некаторыя даследнікі лічаць старажытны горад Драгічын, але не той, што сёння ў Брэсцкай вобласці, а той, што па другі бок мяжы ад Брэста, на тэрыторыі Польшчы.  А дакладная тэрыторыя рассялення яцвягаў невядомая, аб ёй спрачаюцца па сённяшні дзень. Асноўная прыкмета рассялення гэтага племя – каменныя курганы, месцы пахавання.

Самы бліжэйшы да нас вядомы курган (не каменны) блізу вёскі Магілёўцы, знайшоў яго ў 1968 годзе краязнаўца Васіль Супрун (светлая яму памяць, мы з Васілём Рыгоравічам былі асабіста знаёмыя). Паводле далейшага абследавання гэтага кургана навукоўцамі-археолагамі   было ўстаноўлена, што адносіцца ён да ХІ ст. нашай эры і належаў дрыгавічам. Гэты саюз усходнеславянскіх плямёнаў , як вядома, напрыканцы першага тысячагоддзя н.э. ад Прыпяці стаў актыўна рассяляцца на поўнач, лічыцца, што на месцы аднаго з іх паселішчаў Х ст. пазней і ўзнік горад-крэпасць Гародня (Гродна), першая згадка аб якім сустракаецца ў гістарычных крыніцах ў 1128 годзе. Ды і той жа Ваўкавыск ці Слонім, альбо Наваградак таксама былі заснаваныя дрыгавічамі. Такім чынам аб славянскай прысутнасці ў нашых месцах можна смела казаць з ІХ-Х стст.

А дагэтуль былі балты, верагодна яцвягі. Некаторыя даследнікі ўключаюць у арэал іх рассялення Берасцейскую зямлю, тэрыторыю на захад ад Ваўкавыска. Далкадна з летапісаў Xст. вядома, што яцвягі жылі ў Белавежскай пушчы, гэта быў лясны народ, і дарэчы, народ ваяўнічы, з гонарам – яцвягі ніколі жывымі не звадавліся ў палон, а калі неяк і траплялі, то ўсё роўна знайходзілі спосаб зрабіць сабе “харакіры” (а мы здзіўляемся, адкуль у нас партызанскія традыцыі!). Жылі яны з палявання ды рыбнай лоўлі, земляробствам не займаліся, качавалі па лясах.

А тэрыторыя Белавежскай пушчы яшчэ 300 гадоў таму была ці не ўдвая большай, нават у канцы XIX с. яна займала Шэрашава, падступалася да Пружан. Увогуле Белавежская пушча – гэта астаткі першабытнага лесу, што некалі раскідаўся ад Балтыйскага мора да р. Буг і ад Одэра да Дняпра. Пад уздзеяннем розных прыродных фактараў і дзейнасці чалавека гэтая тэрыторыя ад стагоддзя да стагоддзя звужалася, от і засталося з лапік таго першабытнага лесу, які яшчэ й падзялілі мяжой у 1945 годзе, аддаўшы частку Польшчы.  А яе межы, скажам, V-VIIстст. нашай эры маглі захопліваць і нас. Тая ж блізкая да нас Ружанская пушча – ні што іншае, як частка калісці адзінай Белавежскай.

Такім чынам яцвягі маглі тут жыць. Бо з поўдня і паўднёвага ўсходу край гэты быў адгароджаны балотамі, праз якія пазней і прабралісяда нас дрыгавічы, а яшчэ ранней там было гэтак званае Герадотава мора. На паўночным усходзе, са Слонімшчыны, ўжо пачыналася гістарычная Літва (не блытаць з сучаснай). Будзе цалкам лагічна меркаваць, што наша зямля ўваходзіла калісці ў арэал рассялення колішніх яцвягаў, як мінімум гэта магла быць іх крайняя усходняя мяжа. А калі не, то атрымліваецца, што гэта крайняя паўднёвая мяжа гістарычнай Літвы і тут жылі ўсходнія балты. Але з якога боку не паглядзі, то крайняя мяжа, куток, апендыкс, куль, адным словам. І будзе кулём на працягу ўсіх вякоў, пры ўсіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных падзелах, аж да сённяшняга дня. Яшчэ да гэтай думкі мы вернемся не раз.

Дарэчы, хоць лічыцца, што яцвягі зніклі з гістарычнай арэны (растварыліся) ужо ў XVIIст., але паводле некаторых крыніц яшчэ ў 1860 годзе згодна “Прыходскім спісам” на поўдні Гродзенскай губерні, нават у Кобрынскім раёне, каля 70% прыхажан святарамі былі аднесеныя да яцвягаў. А яшчэ напачатку XXст. сляды яцвяжскай мовы тагачасныя даследчыкі знайходзілі ў Слонімскім павеце. Некаторыя нашы сучаснікі цягнуць “яцвяжскую коўдру” аж на Палессе. То тут, каб мы і не хацелі, то яна нас накрые.

Аб тым, што амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі была калісь заселена балцкімі плямёнамі, сведчаць у першую чаргу гідронімы – назвы рэк і азёр. У пераважнай большасці сваёй яны балцкага паходжання, з балцкімі каранямі. Наша Зяльвянка – яскравае таму падцвержанне.  Некалі, помню, нам у школе тлумачылі, што яна  так называецца таму, што цячэ праз Зэльву. Не ведаю, як у вас, а у мяне ўзнікала пытанне: адкуль тады пайшла назва Зэльвы, што значыць гэтае слова?

Спава ў тым, што рэкі і азёры з’явіліся значна раней паселішчаў, а гэта значыць, што і назвы свае яны атрымалі раней. А ўжо пасля па рэках сяліліся людзі. Чаму па рэках? Не толькі таму, што калодзежаў ня ўмелі капаць, ці таму, каб рыба была бліжэй. Зямля наша некалі ўяўляла сабой суцэльны непраходны лес  (пушчу) ці балота, толькі рэкі і былі шляхамі для прасоўвання чалавека: зімой – па лёдзе, летам можна было ці плысці, ці ісці па мелі, па беразе. Толькі рэкі былі тады “магістралямі”. Людзі тады рассяляліся па таму ж прынцыпу, як бабры. Таму, арэал рассялення плямён часта абмяжоўваўся басейнам пэўнай ракі. Так, да прыкладу, крывічы рассяліліся па ўсім басейне Дняпра аж да яго вярхоўя.

Дык вось, паселішчы атрымалі назвы ад рэк: ад рэчкі Менкі атрымаў назву Менск, ад Віцьбы – Віцебск, ад Зяльвянкі – Зэльва.  Сама ж назва нашай ракі балцкага паходжання. Нават акадэмік Яўхім Карсік яшчэ ў сваёй грунтоўнейшай працы “Беларусы”, што выйшла ў 1903 годзе, калі ў назвах некаторых рэк і спрабаваў убачыць славянскі корань, то тут быў адназначны, разглядаючы левыя прытокі Нёмана, ён піша: “Далее в Неман впадают: Зельвянка  – с чисто литовским названием = želwys зеленеющий ствол…”.

Што датычыць вызначэння акадэміка Карскага, то трэба браць пад увагу, што тэрмін “літоўскі” ён паўсюдна ўжываў у значэнні “балцкі”, балтаў ён абагульнена называў літоўцамі, не выдзяляючы іншыя племянныя групы, тых жа яцвягаў. Яшчэ нам тут трэба ўзяць пад ўвагу і тое, што ў адрозненне ад літоўцаў ці латышоў менавіта ў заходніх балтаў (прусаў, яцвягаў) адсутнічаў гук “ж”, на яго месцы быў “з” (наконт прусаў гэта вядома дакладна, а яцвягі, мы ўжо ведаем, мала чым ад прусаў адрозніваліся). Таму іх мова мела шмат слоў з гукам “з”, ад іх утвараліся назвы рэк, сярод якіх і наша Зяльвянка. І хто ведае, каб яцвяжская мова захавалася, то мы б, напэўна, знайшлі б і больш дакладнае тлумачэнне назвы ракі.

Што яшчэ ў гэтым звязку будзе цікава?.. Хіба тое, што вёска Куляны ёсць у Польшчы, і не дзе-небудзь, а ў Млаўскім павеце Мазавецкага ваяводства на мяжы з Вармінска-Мазурскім ваяводствам. Гэта хутчэй за ўсё будуць колішнія тэрыторыі галіндаў,  якія разам з прусамі і яцвягамі адносіліся да групы заходніх балтаў. А калі ўсё ж дапусціць, што на захад і усход межы пражывання яцвягаў былі шырэйшымі, чым прынята лічыць, то адны Куляны (польскія) будуць на іх заходняй мяжы, другія (нашы) – на ўсходняй.

Яшчэ больш цікава, што з дапамогай Інтэрнэту мне ўдалося адшукаць вёску Куляны (Kulionys) ў Літоўскай Рэспубліцы, у раёне Малетай, трошкі на поўнач ад Вільні. Пазнаёміўшыся па сацыяльнай сетцы з жыхаром гэтае вёскі Енасам Вайшкунасам, я даведаўся, што ў славянізаваным варыянце назва вёскі будзе гучаць менавіта як Куляны.  Назву ён  тлумачыць тым, што вёска раскінулася на азёрным паўвостраве, які ўяўляе сабой куль (куток, апендыкс). Дарэчы, слова куль (KULYS ) мае ў літоўскай мове абсалютна такое значэнне (нават некалькі значэнняў),  як і ў беларускай: сноп саломы, ці скрутак, ці куток-апендыкс.

Калі мы злучым на мапе нашы Куляны з польскімі ды літоўскімі, то атрымліваецца вось такі трохкутнік:

Trohkutnik

 

Але яшчэ больш цікавым для мяне падалося тое, што возера, якое абмывае літоўскія Куляны называецца … ŽELVA, гэтак жа, як для майго літоўскага сябра здзівіла, што нашы Куляны з поўдня і ўсходу абцякае рэчка фактычна з такой жа назвай. От і думай тут, што хочаш!

Дарэчы, паводле  Ёнаса Вайшкунаса, літоўскае слова ŽALIAS азначае зялёны, зелень.

 

Што датычыць назвы нашай вёскі, то легендаў мы чулі не адну з дзяцінства. Але як паказвае практыка, легенды часцей за ўсё не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Відавочна толькі, што назва паходзіць ад слова куль. Праўда, яшчэ па-літоўску kū’lis – камень, валун.

Увогуле, шмат беларускіх паселішчаў маюць, як і гідронімы, балцкія карані, некаторыя можна трактаваць  і як славянскія, і як балцкія. Возьмем, да прыкладу, недалёкую ад нас вёску Крупа. Здавалася б, што тут незразумелага – крупа аўсяная, крупа жытняя і гд. д. Але па-літоўску krupis – жаба, і хто ведае, з чым усё-такі звязана назва вёскі.

Да ведама, каля 90% беларускіх паселішчаў, назвы якіх нам, здавалася б, зразумелыя і так, маюць яшчэ і пераклад з балцкіх моў, у прыватнасці, з той жа літоўскай. Часткова гэта тлумачыцца тым, што балцкія мовы (хоць бы сённяшнія літоўская і латышская) – найбліжэйшыя сёстры славянскім мовам, у іх шмат супадзенняў па фанетыцы, словазмяненні, словаўтварэнні, лексіцы. У навуцы гэта называецца “Балта-славянская праблема” – навукоўцы па сёння спрачаюцца, чаму так. Але мы глыбока у навуку не палезем і зноў вернемся да нашых Кулян.

Дык вось, што датычыць канкрэтна продкаў нашых з вамі, кулянцаў, то тут магло скласціся па-рознаму: можа яны прышлыя сюды дрыгавічы, а можа і аўтахтоны, гэта значыць туземцы, карэнныя яцвягі. Або літоўцы, што гэтаксама абсалютна дапушчальна і нават лагічна, калі зыходзіць з прыведзенага намі вышэй “бабрынага” прынцыпу рассялення старажытных людзей.

Тое, што на тэрыторыі Беларусі аўтахтонамі былі балты, вядома было даўно. Але лічылася, што іх пазней выцяснілі славяне. Аднак, куды яны маглі іх выцясніць? Спіхнуць у Балтыйскае мора? Не, вядома. І каб перабілі іх, то такіх гістарычных звестак няма. І мору такога не было, які б выкаціў выключна балтаў, а славянаў пакінуў жывымі.

Балты, у тым ліку і яцвягі, нікуды не зніклі, не вымерлі, не перасяліліся. Проста яны славянізаваліся – ад праваслаўнай царквы і знаці (адміністрацыі) просты люд пераняў славянскую мову, якая, змяшаўшыся з старажытнай балцкай мовай нашых далёкіх продкаў, у выніку працяглага гістарычнага працэсу ўтварыла нашу сённяшнюю родную беларускую.

Добавить комментарий