Усё мяняецца…

Усё цячэ, усё мяняецца і нічога не стаіць на месцы – так заключыў некалі Геракліт, даказваючы, што ўсё ў прыродзе і грамадстве чалавечым пастаянна рухаецца, перайходзіць з адной формы ў іншую, што ўсё знаходзіцца ў працэсе ўзнікнення і знікнення.

 

Дарэчы, ў якасці прыкладу Геракліт прыводзіў паток вады і сцвярджаў, што немагчыма ступіць двойчы ў адзін і той жа паток, бо ўсё новыя і новыя воды плывуць у ім, таму мы ўступаем у паток – і не ўступаем у яго.  Гэтая думка старажытнага філосафа да нас дайшла ў выглядзе пагаворкі аб тым, што немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку.

Але я трохі адхіліўся, бо хацелася аб іншым…

 

Некалі кулянец (Андрэй Таннаў, чаго ўжо не дагаворваць) прыйшоў з Войска польскага, адслужыў ды вярнуўся. Карцела хлопцу прадэманстраваць, як ён  навучыўся за гады службы “мувіць” па-польску, ды не знайшоў лепшага выпадку, як, убачыўшы на надворку курыцу з куранятамі, спытаць:

— Мамо, а які то птахі?..

Відаць, не адна маці была сведкам таму, бо выпадак так проста не прайшоў – смех злажылі. Часта пра гэныя “птахі” ўзгадвалі яшчэ і ў часы майго дзяцінства, калі нехта хацеў “павумнічаць” там ці што…

 

Другі выпадак. Кулянцы яшчэ майго пакалення і нават малодшыя павінны памятаць старога Камарыка – Антонавіч яго ўсе называлі. Як быў маладзейшы, працаваў недзе пастаянна ў Расеі на заробках, відаць, таму і размаўляў па-руску заўсёды. Памятаю, на нас малых сварыўся: «Я тибе дам! Я тибе дам!».

Расказвалі, ехаў нек Антонавіч на ровары па сцежцы, а тут мужчыны сядзелі на мураве, з імі і дзед мой Колька (Сяргееў Мікалай Рыгоравіч, 1906 – 1956). Дзед, казалі, фокусны быў, ды перад гэным “лісапедзістам” ногі на сцежку і высунуў. А той крычыць:

— Николай, убери ноги, а то пириеду!

І зноў смех злажылі з гэтага убери ноги, а то пириеду”. Бывала, як хто дзе сядзе так, што ногі яго перашкаджаюць прайсці каму, то абавязкова так і скажуць.

 

А яшчэ й зусім нядаўна, пры нашай памяці (недзе ў 80-х) быў ужо выпадак з гэтага шэрагу, як адна кулянская дзяўчына (паколькі “тэрмін даўнасці” ячэ не зняты, то не будзем называць), правучыўшыся колькі там у Брэсце ў нейкім ПТВ, прыехала да маці, а тая, завіхаючыся каля печы, кажа: “Дачушка, падай смаляка”. Дык гераіня нашага часу, што паспела ўжо з’есці гарацкую булачку, з наіўным дзіцячым позіркам “заляпіла”:

—  Мама, а что такое смольняк?

Зноў – па сёння гэны смальняк помняць. Зноў смех.

 

Дык вось аб тым, што ўсё мяняецца. Не магу зразумець, калі адбыўся той пераломны момант, калі ў людзей кардынальна памянялася стаўленне да свае мовы. Раней смяяліся з тых, каму мілейшай (ці прэгажэйшай) здавалася чужая, а пасля…

Год 1993. На вяселлі ў Наташы Калачовай, мае сястры траюраднай, дарыў я маладых, некія там віншаванні казаў. А колькі дзён па вяселлі паланчакі ўжо выгаворвалі маёй маці свае расчараванні:

—  Але некі ён у цябе інцярэсны: у інсцітуці вучыцца, а па-беларускі гаворыць…

Апроч таго, што “у інсцітуці” сын вучыцца як раз-такі на настаўніка беларускай мовы, маці больш і запярэчыць нічога не змагла. Але й ці варт было?..

 

Добавить комментарий