У нашае бабы Мані Калачыхі заўсёды стаяў на стале хлебны квас у трохлітровіку. Рэцэпт быў не мудроны: хлебныя скарынкі, вада, цукар — вось і ўсе, як сёння сказалі б, інгрэдыенты. Квас адпівалі — далівалі вады, падсыпалі цукру, пастаіць трохі, дый зноў табе квас. Баба Клаўдзя нейкі час гэтаксама яго ставіла, яле ж яна на ўсім «эканомічыла» (яе выраз), бо была скупаватая, як у нас у Кулянах сказалі б, зазроная, цукру шкадавала ў той квас, то ён у яе быў дзікаваты, ніхто яго не любіў. А бабін Манін быў смачны, мягенькі, хоць іншы раз, як п’еш са слоіка, то ў нос дасць добра сваім спецыфічным водарам.
У нядзельку, бывала, калі ў царкву не паедуць, баба Клаўдзя прыязжала роварам да бабы Мані. Адно клямка бразне, ужо з парога:
— Здароў, сястра!
І ятроўка, баба Маня Гімбарыха падыйдзе неўзабаве, а мо яшчэ і раней бабы Клаўдзі — што ёй перайсці праз дарогу.
Сядзяць, лэндзяць, абменьваюцца навінамі сяла і Паплаўкі, мінулае ўспамінаюць… Як адно паўза павісне, баба Гімбарыха ўстае з лавы, тэпае да стала, прыгаворваючы:
— Ой, трэба твайго квасу папіць…
Возьме кубачак эмаліраваны, беленькі, самы маленькі, налье сабе, выпье са смакам, прыцмокне…
Бабе Клаўдзі з яе зазронасцю такое «самаабслугоўванне» вельмі не падабалася, яна кожны раз пазірала воўкам і не магла змаўчаць, абавязкова, як бы між іншым, кіне:
— Калі, халера, на гэты квас сёні сахар надто дарагі…
А пасля, як баба Гімбарыха ўжо пойдзе дахаты, то наша «эканомшчыца» яшчэ вернецца да гэтае тэмы, абавязкова выгаварыць бабе Мані за ятроўку:
— Добрая ў вашае Гімбарышкі мода — трэба твайго квасу папіць… Хм… Я — сястра, ды сцясняюсё, а гэто…
Баба Маня адно змаўчыць.