У савецкія часы, калі міліцыя прыязджала ў вёску шукаць самагонку, то па сяле мігам, без ніякіх тэлефонаў, разляталася: трасуць! трасуць! І ўжо хавалі ўсе ўсё, што можна, самі хаваліся ці замыкаліся ў хатах. Бо «патрасці» было што ці не ў кожнай хаце — гналі, лічы, усе.
І от раз так прыехалі трасці ды ў цёткі Жэні Цукравае знайшлі тую самагонку. Давай складаць пратакол. Паняты трэба. Прывялі суседа — дзеда Шурку нашага, Лазара. Дае міліцыянер яму той пратакол, кажа:
— На, Качан, падпісвай!
А той:
— Сто падпісваць?
— Ну, пратакол, што самагонку у твае суседкі знайшлі.
— А адкуль я ведаю, сто гэто самагонка?
Гэтак? Міліцыянер бярэ кубачак (былі гэткія эмаліраваныя, грамаў можа на дзвесце), налівае:
— На, пі!
Той, не доўга думаючы, і перакуліў, абцёр губы.
Міліцыянер кажа:
— Ну, што, самагонка?
А гэты вылупіўся на яго тым адным сваім вокам, кажа:
— Ты сто, таварыс маёр, суціс?..