Як ні мучылася, але пармерла. Нарэшце маю копію дакумента, якім даўно абяцаў падзяліцца з шырокаю кулянскай грамадою. Дакумент гэты завецца «Справка о земельном и имущественном положении домохозяев крестьян сельского поселеия (селения, выселка, застенка) дер. Куляны Кулянского общества Рожанской волости». Адкапаў я гэтую цікавую рэч у Нацыянальным гістрычным архіве Беларусі ў г. Гродна (ф. 753 в. 1, а.с. 70-74).
Для мяне дакумент найперш цікавы тым, што я змог паглыбіцца на адно калена ў сваім радаводзе амаль па кожнай лініі.
Горбачы (Гарбачы). У брацкай магіле на могілках сярод чатырнаццаці кулянцаў, расстраляных немцамі, ляжыць мой прадзед Горбач Мікалай Фёдаравіч. Значыцца, Фёдар Сымонаў Горбач, што лічыцца ў гэтай даведцы пад № 87, — ягоны бацька, а мой прапрадзед. Адпаведна, ведаю ўжо, што мой прапрапрадзед быў Сымон Горбач. Такім чынам, Сымон нарадзіў Фёдара, Фёдар — Мікалая, Мікалай — Антося, Антось — Клаўдзіка, а Клаўдзік — мяне. Атрымліваецца ланцужок з шасці звён.
Калачы. Пад № 39 — Мікалай Мікалаеў Калач. Гэта дзед мае бабы Мані. Такім чынам: Мікалай нарадзіў Мікалая, Мікалай — Андрэя, Андрэй — Маню, Маня — Надзю, Надзя — мяне.
Дарэчы, прабаба мая Аўдоцця Іванаўна Калач ў дзявоцтве была Пракаповіч. Але вот цікава, што ў даведцы гэтае прозвішча пішацца як Пракапеня, прычым двойчы: № 60 — Іван Іванаў Пракапеня, і № 61 — Лука Мікалаеў Пракапеня. Атрымліваем, такім чынам, наступны ланцужок: Іван нарадзіў Івана, Іван — Аўдоццю, Аўдоцця — Маню, Маня — Надзю, Надзя — мяне.
Сяргеевы (Сяргеі). Пад № 76 лічыцца Рыгор Акімаў Сяргей, гэта мой прадзед. Значыцца, прапрадзед быў Акім. Свой падрабязны радавод па гэтай лініі я ўжо склаў трохі раней, тым не меньш: Акім нарадзіў Рыгора, Рыгор — Мікалая, Мікалай — Надзю, Надзя — мяне. Ланцужок атрымліваецца трошкі карацейшы, чым па бацькавай лініі. Можа яшчэ што адкапаю, паглыблюся хоць на адно калена, час пакажа.
Качаны (па Лазару). Не ведаю, як было імя па бацьку майго прадзеда Аляксея Качана (па мянушцы Лазар), а таму не магу адшукаць ў даведцы свайго прапрадзеда. Качаноў там многа, прозвішча было на той час у Кулянах зусім не рэдкае. То па гэтай лініі глыбей за прадзеда не магу пакуль нікога назваць.
А вось гаспадара пад прозвішчам Каляда зусім не знахожу ў спісе. Што гэта значыць, сказаць пакуль цяжка. Даведка павінна ўлічваць ўсіх гаспадароў. Хіба на той час Каляды ў Кулянах не было? Для мяне гэтае пытанне мае важнасць, бо прабаба мая Акуліна, жонка Аляксея-Лазара Качана, паходзіла менавіта з гэтага роду, па бацьку была Рыгораўна. І бацька яе ўжо на той час меў сваю сям’ю, бо брат Акуліны, Антось Каляда быў з 1898 г. (дакладныя гады жыцця прабабкі не ведаю), то павінен быў мець і сваю гаспадарку. Але ў спісах, як той казаў, не значыцца. Такім чынам, ланцужок застаецца такім: Рыгор нарадзіў Акуліну, Акуліна — Нінку, Нінка — Клаўдзіка, Клаўдзік — мяне.
Аналізаваць прадстаўлены дакумент можна доўга, уздоўж і ўпапярок. Да прыкладу, нават беглы прагляд дае падставы казаць, што і тады самым распаўсюджаным ў Кулянах прозвішчам было Прэдка. Шмат было Качаноў, Куніцаў, Вараб’ёў, Гарбачоў. Не рэдкім, як у наш час, было тады прозвішча Якута (16 ці што я налічыў). Жылі Германовічы, Храпавіцкія, Пятрэчкі, Журы, Місуры і нават чатыры гаспадары значацца з прозвішчам Уласко (хто б мог падумаць).
Па аднаму сустракаюцца прозвішчы: Сямак, Маразевіч, Шэцька, Казляк, Калач, Сапко, Панасік, Рыбій, Палуянчык, Дзямешка, Мулярчык.
Не магу расчытаць прозвішча пад № 81 — Фама Герасімаў Малах…?
Не знахожу ў спісе, акрамя Каляды, прозвішч Печка, Шымановіч, Лявончык.
Паводле дадзенай даведкі, на 29 снежня 1906 г. у Кулянах налічвалася 329 асоб мужчынскага полу і 296 жаночага, а разам, значыцца, 625 чалавек (!). І гэта пры тым, улічыце, што вёска ў той час пачыналася каля Жоржыка і заканчвалася каля Кір’яна (у Паплаўку пачалі разбудоўвацца толькі ў 30-х). Якая шчыльнасць насельніцтва была! Можна сабе ўявіць, як усё гудзела і звінела ў сяле ад такой колькасці людзей.
Праз дзевяць гадоў павыганяюць людзей у бежансвта, з якога значная частка не вернецца: шмат старых і малых паўмірае па дарозе яшчэ туды, нехта застанецца ў Расеі…
Яшчэ хачу заўважыць. Такія ж самыя даведкі, датаваныя тым жа часам, меў я магчымасць паглядзець у архіве і па суседніх вёсках. І што вы думаеце? У Поланску на той час гэтаксама шмат было гаспадароў з прозвішчам Прэдка, нярэдкімі там былі і прозвішчы Гарбач (здаецца аж 5), Лявончык, Храпавіцкі, Сапко (у той час, як у Кулянах адзін), Качан.
Быў тады адзін гаспадар з маім прозвішчам і ва Уласавічах, акрамя таго там былі Сямакі, Якуты, Храпавіцкія. А Вараб’ёў — аж 4, калі не памыляюся.
У Заполлі, паводле такой жа даведкі, было на той час аж 5 гаспадароў з прозвішчам Рыбій (у Кулянах — 1). Жылі там і Прэдкі, і Куніцы.
Як бачым, усё вельмі пераплецена. Калі больш уважліва прааналізаваць тыя спісы, можна прыйсці да нейкіх грунтоўных высноў. Але на ўсё трэба час.