Цікавую мапу нядаўна паказала мне пастаянная аўтарка нашага сайта Воля Рошчанка. Гэта мапа Польшчы 1935 года, размешчана яна ў інтэрнэце, каму цікава, то паглядзець яе можна ТУТ. Мне ж хочацца звярнуць ўвагу чытача на некаторыя яе фрагменты.
Па-першае, і я аб гэтым неяк ужо пісаў, былі нашыя Куляны заўсёды ў нейкім апендыксе, кутку пры розных адміністрацыйна-тэрытарыяльных дзяленнях ад самага пачатку, колькі мне даводзілася бачыць розных карт, то заўсёды яны апраўдвалі сваю назву — куль — кулём. Вось і на гэтай карце бачна, што Куляны (месца пазначана чырвоным колкам) у самым паўночным кутку Палескага ваяводства (Ружанская гміна, Косаўскі павет).
Пічукі, Меляхавічы — ужо Міжырыцкая гміна, а Зеляневічы, Ярашэвічы, Мазалі — Лыскаўская гміна Беластоцкага ваяводства. Цікава, дарэчы, што мяжа Палескага і Беластоцкага ваяводстваў прайходзіла паміж Мазалямі і Шэйпічамі. Здаецца, колькі там адлегласці ад аднае вёскі да другое, а Мазалі належалі да Беластоцкага ваяводства, у той час як Шэйпічы (Шайпякі) — да Палескага. Больш таго, маёнтак шайпяцкі належаў да Лыскаўскай гміны Беластоцкага ваяводства, у той час як сама вёска — да Палескага. Атрымліваецца нават, што мяжа ваяводстваў праходзіла паміж вёскай Шэйпічы і маёнткам. А на ўсход ад Блізной ўжо пачыналася Наваградскае ваяводства, каля Блізной, як бачым, сходзіліся межы трох ваяводстваў: Наваградскага, Палескага і Беластоцкага.
Па-другое, здзіўляе, наколькі меньш было лесу яшчэ нейкіх 70 гадоў таму. Кажуць, гэтаму не заўсёды можна верыць, мапы не заўсёды праўдзіва адлюстроўваюць такія моманты. І ўсё ж, я схільны верыць, што яно тут блізка да праўды. Не раз даводзілася чуць у дзяцінстве, што гэта Баярскі, сякі-такі, аддаў пад лес столькі калгаснае зямлі. Як быццам і праўда такія пытанні вырашаліся на ўзроўні старшыні калгаса ці сельсавета. Натуральна, што не. Але людзі бунорылі заўсёды на Баярскага.
Між тым, я ўзгадваю, як Жэня Хадачкова не раз расказвала, як дзядзька Алёша наш прыедзе з Баранавіч, выйдзе за вёску, глядзіць ды будзе казаць:
— Ай-яй, як Паплаўка змянілася! Як Паплаўка змянілася!
Жэня кажа: «А я сама сабе думаю: што тут магло змяніцца? Дзе яно тут што змянілася?».
Калі ўлічыць, што дзядзька мой быў з 1932 года, і паглядзець, што на мапе 1935 года не толькі ў Паплаўцы, але аж да Ліскаўшчыны лесу няма, то можна зразумець, чаму ён так казаў пастаянна.
Хмісткі — не лес, а так, лапікі нейкія. Няма лесу і ў Камарысе, а той лапічак, што паміж Камарыскім ровам і дарогай, дарэчы, належаў майму дзеду Мікалаю Сяргееву. Гэтаксама дзядзька Алёша, бывала, кожны раз, як прайходзілі там ці праязджалі, абавязкова пакажа рукою: «Во, лес дзеда твайго».
Ні за канюшняю няма лесу, адно Наглаўско. Паміж Лозамі і Градкай гэтаксама лысая гара. Цікава, што і Ліскаўшчына зусім не пазнаецца. А вось Цэліново пазнаць лёгка, дарэчы, як бачым, там быў фальварак — пазначана «Fw. Celinowo».
Цікава будзе паглядзець і ў другі бок ад Кулян. Маёнтак пана Краельскага (пазначаны чырвоным колкам), аказваецца, называўся Уласоўшчызна. Ніколі не даводзілася мне чуць гэтай назвы.
Гэтаксама, як ніколі не даводзілася чуць, што леснічоўка ў Дзяконскім называлася Струга. Заўсёды казалі: Хатка, каля Хаткі, менавіта такі мікратапонім замацаваўся за гэтым месцам у лесе. Цікава, ці застаўся сёння хоць знак там ад той леснічоўкі, некалі, у часы майго дзяцінства, то яшчэ было добра відаць, дзе хата стаяла, дзе хлявы, і калодзезь той быў, у які чырвонаармейцы ў чэрвені 1941-га, адступаючы, пакідалі сваю зброю. Дарэчы, належала леснічоўка, як і ўсё Дзяконско, ужо да Міжырыцкай гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства.
Яшчэ на адзін цікавы момант не магу не звярнуць увагу. А можа вы ўжо і самі заўважылі, што па Аселіцы цячэ рэчка. Хутчэй за ўсё, што ў 1935 годзе ад яе ўжо мала што засталося, напэўна, яна проста была перанесена на гэтую мапу з іншых, ранейшых мап. Тым не меньш, гэта пралівае нейкае святло на пытанне аб тым, ці была ў Кулянах рэчка.