Дык хто пачаў перастройку?

Пішуць цяпер, што трыццаць гадоў назад Гарбачоў пачаў перастройку: 23 красавіка 1985 года, выступаючы на Пленуме ЦК КПСС, ён заявіў праграму шырокіх рэформ пад лозунгам «паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны». А няпраўда усё. Дакладней, не тое, што каб усё — выступаць то ён выступаў і можа там што і заяўляў, але перастройку пачалі трохі ранней нашы кулянскія бабы. І калі хто забыўся, як гэта было, то я напомню.

 

Не магу толькі дакладна сказаць, гэта быў пачатак 1984-га, ці 1985-га года. Але рыхтаваліся выбары ў мясцовыя Саветы — абласныя, раённыя, сельскія. Можна сказаць, так як і сёння. Толькі тады ў Кулянах шчыльнасць насельніцтва была значна большая, і згодна з існуючымі на той час квотамі на нашу вёску прыпадала можа тры, ці нават чатыры выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў у Ружанскі сельскі Савет народных дэпутатаў. Першая акруга была ад Хадачка і недзе тут да Місуры ці Цукра, другая — туды далей у сяло, трэцяя, адпаведна за ею і г.д.

Там былі кандыдатамі (а напэўна, ужо не першы раз і дэпутатамі) Іван Пятрэчка, Шура Брыгадзір. А па гэтай нашай «паплавоўскай» выбарчай акрузе высунулі кандыдаткаю Марыну Мішулькіну, кінамеханіцу з Поланска. На той час, мабыць, яна ўжо па сумяшчальніцтву працавала яшчэ і бібліятэкаркай у нас у Кулянах. Адным словам, падабралі ўсю мясцовую «інцялягенцыю».

Ці маглі там падумаць, падбіраючы, што нашым паплавоўскім бабам такая кандыдатура будзе не па душы? Ды такое не магло прыйсці ў галаву не толькі «падборшчыкам», але і тым, хто значна лепш за іх ведаў нашых баб.

Якая ляйчына падпала ім тады пад хвост, яны можа пасля і самі не маглі б патлумачыць. Але тады аргументаў было «мора»: і «обліко морале» кандыдаткі ім не падабалася, і «няўжо ў нас сваіх кулянскіх няма?»… Адным словам, найшла каса на камень. Ды так, ведаеце, «не па дзецкі», як сённяшняя моладзь кажа, найшла.

Хоць напачатку ўсе думалі, што «па дзецкі». Ат, пашумелі бабы дый што тут? Сенсацыю з гэтага рабіць ці што? Бабам абы шумець, ім ніколі не дагодзіш. Дый якая, урэшце рэшт, ім розніца, хто там будзе абраны ў той сельскі савет? Як бы гэта некалі мела нейкае значэнне, і тыя выбары, і тыя саветы. Як кажуць у такіх выпадках яўрэі: «Азох`н` вэй!».

Але чым бліжэй былі тыя выбары, тым сур’ёзнейшыя абароты набірала сітуацыя. Як толькі якое начальства пападзе на вочы нашым бабам, яны адразу: «Здымайце яе, мяняйце!», «Не будзем за яе галасаваць!», «Пазакрэсліваем!», «Давайце нам другога кандыдата!». Былі яны аднойчы на нейкіх там працах у Ружанах на базе, дык сабраліся і пайшлі цэлай дэлегацыяй на чале з цёткай Волькай Стальмашыхай у сельсавет і выказалі ўсё, што на душы накіпела. Адным словам, як заладзілі сваё «пазакрэсліваем», так і не адступаліся.

І недзе ў тым сельсавеце, відаць, з жахам падумалі: а што, калі праўда пазакрэсліваюць? Што, калі папсуюць большую палову вырабленых у друкарні бюлетэняў? Вырабленых роўненька па колькасці выбаршчыкаў, запасных як і давалі на ўсякі выпадак, то можа два-тры, а ў большай колькасці дакладна патрэбы не было. І вось яны павыкрэсліваюць, і што тады? На пішучай машынцы новых бюлетэняў не надрукуеш. Эпоха ксэраксаў тады яшчэ была ад Ружан прыблізна на такой жа адлегласці, як і зорка Сірыус. Загадзя ў раён таксама не патэлефануеш: надрукуйце нам, калі ласка, запасных бюлетэняў, бо ў нас тут у Кулянах бабы могуць «сапсаваць усю маліну». І ўжо тым больш, як будзе пасля выбараў дакладваць у раён аб тым, што яны такі сапсавалі? Каб у той час пры цалкам безальтэрнатыўных выбарах ды некага «пракацілі» — такое было проста немагчыма. За такое паляцела б не адна галава ў капелюшы.

Вядома, што тут было ўжо лепшым варыянтам дакласці «наверх» пра пазаштатную сітуацыю хоць і запознена, але да выбараў. Відаць, даклалі і атрымалі загад: разруліць!

Што вы думаеце? Недзе літаральна за тыдзень да выбараў прыехалі з сельсавета ў Куляны да нашых бабаў на перамовы. Страчыха, здаецца, тады старшынём была… Хто там яшчэ з ёю, я ўжо не магу сказаць… Як і не магу ўжо ўспомніць, дзе праходзіла тая сустрэча ўлады з народам. Недзе на вуліцы, не помню, каля каго.

— І чаго вы хочаце, жэншчыны? Што вам ні нравіцца? Чаго вы ўзбунтаваліся? Какая вам разніца, хто будзет дзепутатам?

— Не хочам яе і усё тут! Мяняйце, а то павыкрэсліваем!

Вядома, што ні пра якія працэдурныя моманты там ужо ніхто не думаў: што гэта даўно ўжо прайшоў перыяд вылучэння тых кандыдатаў і ўсё такое. Тут ужо абы ўладзіць справу.

— А каго вы хочаце?

— Ой, та хіба ў нас людзей згалело?!. Хоць бы ось Івана Хадачковаго. Ці Соню Чыжык — яна наша, кулянска. Ці ось хоць і Клаўдзіка.

Выслухалі. Паехалі.

Дзядзька Іван хоць і парцейны быў, і чалавек, безумоўна, аўтарытэтны і паважаны ў Кулянах, нешта ім не падыйшоў, нібы з-за перадпенсійнага ўзросту. Соф’і Аляксееўне, здаецца, перашкодзіла тое, што свёкар у вайну быў старастам — гэта ж па тым часе ставіла крыж на кар’еры ўсіх сваякоў. І неяк так свет клінам сыйшоўся на маім бацьку, хоць і беспартыйным, затое з «камсамольска-сакратарскім» мінулым і працоўнай біяграфіяй, багатай на розныя ўзнагароды (адных толькі ганаровых грамат быў добры стос, як даць па галаве).

Надрукаваць новых штук з трыццаць бюлетэняў за тыдзень да выбараў было справай цалкам вырашальнай. А яшчэ праз пару тыдняў мы, малыя, з захапленнем разглядалі бацькавы дэпутацкі значок і ў цемна-чырвонай вокладцы новенькае пасведчанне. Сам бацька ганарыўся тым, што яго «выбаў народ», а не «зверху паставілі».

Тут рыхтык у хуткім часе прыехала ў вёску машына свіней забіраць на мясакамбінат. Звычайна станавілася яна каля Стаўбуніка, спускаючы задні борт на гэты пагорачак, што ўтварыўся на месцы падмурка знесенай хаты. Ну ж і візгу было, калі за вушы і хвасты цягнулі гэтых бедных свіней з хлявоў і надворкаў да гэтае машыны!  Не помню, ці здавалі мы самі тады якое свінча, але бацька наш актыўна ўдзельнічаў у гэнай бесчалавечнай акцыі, усім дапамагаў, прыгаворваючы раз за разам:

— Во, я, як дэпутат, хоць свіней памагу вам пагрузіць. А што тая Марына вам памагла б?..

Яго «дэпутацкая дзейнасць» напрацягу двух ці трох скліканняў заслугоўвае асобнай размовы. Нешта там усё трапаў ім нэрвы, выступаў, казалі, іншы раз і не «па дзелу». А аднойчы, помню, паручыў яму сельсавет важнае мерапрыемства — рабілі (і цяпер, здаецца, робяць) раз у некалькі год такі перапіс свойскай жывёлы і птушкі на кожным падворку. Дык ён прывёз гэтыя паперы, бланкі дадому і закінуў іх далей з вачэй да больш прыдатнага для такой справы часу. А «больш прыдатным часам», як аказалася, сталі Каляды (у нас кажуць, Коляды), калі ні з воднай хаты цябе без чаркі не выпусцяць. Не ведаю, наколькі моцна пацярпела тады савецкая статыстыка, а разам з ёй і уся савецкая эканоміка (яна ўжо і без таго сапла на ладан), але што можна было там панапісваць у такім стане, у якім «статыст» вяртаўся вечарам дадому, мне сёння нават падумаць страшна.

Вось так у Кулянах напачатку 1984-га ці 1985-га года адбыліся ці не першыя ў Савецкім Саюзе дэмакратычныя выбары. А тады ўжо і ў Маскве зразумелі, што складваецца рэвалюцыйная сітуацыя, бо народ не хоча жыць па-старому, а яны па-старому не могуць ужо кіраваць. І Гарбачоў, прыйшоўшы да ўлады, мусіў аб’явіць перастройку. А пачалі ўсё кулянскія бабы.

 

Добавить комментарий