Гэтае выслоўе, якое на першы погляд можа падацца абсалютна бессэнсоўным, некалі часта ўжывалася ў гутарках сярод нашай радні па Калачах. Як зойдзе якая размова пра кошты, лічбы, падлікі, асабліва калі ў гэтых падліках ці коштах цяжка разабрацца і дайсці да якога толку, то баба Маня мая (Калачыха), бывала, абавязкова падвядзе такую рысу: «Як наша Волька казала, ні па дзевяць, ні па чом».
А сказана гэта было даўно, цётка Волька (Хадачкова) была яшчэ маленькай, гадоў мо каля якіх пяці мела, а была яна з 1927-га, то от і лічэця…
Ездзіў па сяле ганучнік. Дарэчы, ён яшчэ і пры маёй памяці ездзіў, а гэта недзе можа ў канцы 70-х ці пачатку 80-х. Ну, не той самы, вядома. Проста некалі ездзілі па сёлах ганучнікі і прымалі гэтак званае «вторсыр’ё» — анучы старыя, чыгуны пабітыя, іншыя жалязякі. Бывала, як адно пачуем, што ганучнік па сяле ездзіць, адразу па завуголлях шныраць — чыгуны старыя шукаць, непатрэбныя. За іх у ганучніка можна было купіць надуўныя шарыкі, альбо шклянку семак ці перцу. Батарэйкі яшчэ да ліхтарыкаў можна было купіць у ганучніка… Не помню, што там яшчэ… Усё гэтае «дабро» было на возе бліжэй да яго, а ззаду на воз клаліся тыя анучы ды пабітыя чыгуны.
Ганучнік ехаў па сяле, пасвістваючы на каня пугаю, і пакрыкваючы раз-пораз:
— Баааабыыыыы! Трааааапкііііі!
Гэта пры маёй памяці. Напэўна, прыблізна так было яно і тады, напачатку 1930-х. Толькі не помню, ці прымаў ён у наш час курыныя яйкі, а тады, пры Польшчы, прымаў.
І от пачулі ў хаце, што па сяле едзе ганучнік, і кажуць:
— Волька, падбяжы, папытайся, па чом яйца прымае.
Тое дзіця і пабегла, дагнала воз недзе там ужо пад гарою, каля Чабана, ды пытаецца:
— Ганучнік, па чом яйца?
Не, каб адказаць дзяўчаці, дык ён узяў ды перакрывіў яе, перадражніў:
— Гануцьнік, па цём яйця?
І от што ёй было рабіць у той сітуацыі? Яна нічога іншага не прыдумала сваёй дзіцячай галоўкай, як «шпрэнткім поврутом» ляцець назад дахаты. Прыбягае. У яе пытаюцца:
— Ну, па чом яйца?
Аддыхаласё тое дзіця, кажа:
— Ні па дзевяць, ні па чом.